Каморскі франк (фр.: franc comorien, араб. فرنك قمري, код ISO 4217: KMF) — афіцыйная валюта Каморскіх астравоў. Франк дзеліцца на 100 сантымаў, але ў наш час яны выйшлі з абарачэння.
Французскі франк прыйшоў у Каморскія астравы разам з усталяваннем тут французскага пратэктарату ў 1886 годзе. У 1891 годзе султан Саід Алі Анжуанскі ўвёў уласныя франкі, якія абарачаліся паралельна з французскай валютай. У 1912 годзе Каморы сталі мадагаскарскай правінцыяй, французскія грошы ўжываліся да 1925 года.
1 ліпеня 1925 года французскі ўрад згадзіўся на стварэнне Мадагаскарскага Банку са штаб-кватэрай у Парыжы, якому дазвалялася выпусціць у абарачэнне валюту для Мадагаскарскай калоніі. Малагасійскі франк абарачаўся ў калоніі разам з французскім да 1943 года. З 1945 года малагасійскі франк пачаў называцца «малагасійскі і каморскі франк».
У 1960 годзе Мадагаскар атрымаў незалежнасць, увёўшы ўласную валюту. У 1979 годзе ўрад Камораў падпісаў грашовае пагадненне з Францыяй, згодна з якім каморская валюта мела фіксаваны курс да французскага франка.
У сярэдзіне 90-х г.г. каморскі франк быў значна дэвальваваны ў адносінах да французскага франка, а пасля пераходу Францыі на еўра курс каморскага франка да еўра быў зафіксаваны на ўзроўні 491,96775 каморскіх франкаў да 1 еўра.