Мазо́вія, радзей Мазоўша, Мазавецкая зямля (польск.: Mazowsze, ziemia mazowiecka, лац. Masovia, ням.: Masowien) — гістарычная вобласць у цэнтры Польшчы. Галоўны горад — Варшава. Жыхары Мазовіі завуцца мазаўшанамі.
У перыяд валадарання Конрада I (1207), які для абароны сваёй краіны ад спусташэнняў прусамі навёў на Прусію нямецкіх рыцараў, на тэрыторыі Мазовіі, якая была ў старажытны час часткай Польшчы, утварылася Мазавецкае княства. Калі ў 1526 са смерцю князёў Януша і Жыгімонта спынілася дынастыя Пястаў, што кіравала ў Мазовіі, кароль Жыгімонт I ізноў далучыў Мазовію да Польшчы.
Пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, у 1795, Мазовія дасталася Прусіі, ад якой у 1807 была аддзелена і далучана да Герцагства Варшаўскага; у 1814 годзе ўвайшла ў склад Царства Польскага.
У XIV—XVII стагоддзях перасяленцы з паўночнай часткі Мазовіі актыўна каланізавалі паўднёвыя раёны Дзяржавы Тэўтонскага ордэна, у выніку чаго гэтыя землі атрымалі назву Мазурыя, гэта значыць зямля мазураў.