Статус Усходняга Іерусаліма, і асабліва — яго святых месцаў, застаецца ключавой і вельмі супярэчлівай тэмай у ізраільска-палесцінскім канфлікце і прадметам гарачых дыскусій. Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН № 181 ад 29 лістапада 1947 года, вядомая пад назвай «Рэзалюцыя аб падзеле Палесціны», прадугледжавала, што міжнародная супольнасць возьме пад свой кантроль будучыню Іерусаліма пасля заканчэння брытанскага мандата (15 мая 1948 года). У выніку Араба-ізраільскай вайны (1947—1949) Іерусалім быў падзелены паміж Ізраілем (заходняя частка горада) і Трансіарданіяй (усходняя яго частка). У час першага перамір’я, якое пачалося 11 чэрвеня 1948 года, пасланец ААН Фольке Бернадот рэкамендаваў бакам варыянт, які змяшчаў, у прыватнасці, адмову ад інтэрнацыяналізацыі Іерусаліма і ўключэнне яго ў склад пашыранай Трансіарданіі[заўв 1]. Абодва бакі адпрэчылі гэту прапанову[1]. 13 снежня 1948 года парламент Трансіарданіі прыняў закон аб анексіі акупаванай ёю тэрыторыі Палесціны, якая ўключала ў тым ліку і ўсходні Іерусалім (у складзе заходняга берага Іардан). Пасля гэтага Трансіарданія (назва, якая абазначала тэрыторыю ўсходняга берага ракі Іардан) абвясціла сябе Іарданіяй, падкрэсліўшы гэтым свой кантроль над абодвума берагамі ракі.
5 снежня 1949 года Ізраіль абвясціў Іерусалім сваёй сталіцай; у Іерусаліме з 1949 года знаходзяцца Кнэсет (ізраільскі парламент) і амаль усе дзяржаўныя і ўрадавыя ўстановы Ізраіля[2]. У 1948—1967 гадах гэты статус распаўсюджваўся толькі на заходнюю частку горада. У красавіку 1950 года Трансіарданія таксама абвясціла Іерусалім сваёй другой сталіцай.[2]
Нягледзячы на ўмовы, абумоўленыя ў Пагадненні аб перамір’і паміж Ізраілем і Трансіарданіяй, якія забяспечваюць доступ яўрэям да іх свяшчэнных месцаў, да 58 сінагог у старажытным Яўрэйскім квартале Старога горада «былі апаганены і знішчаны. Некаторыя з іх іарданцы выкарыстоўвалі ў якасці стайняў і куратнікаў […], найстаражытныя (2,500 гадоў) яўрэйскія могілкі на Алейнай гары былі апаганены. Праз могілкі была пракладзена дарога ад (новай) гасцініцы „Інтэркантыненталь“ да шашы. Іарданскі Арабскі Легіён выкарыстоўваў надмагільныя камяні з магіл свяшчэнных рабінаў для будаўніцтва маставых і прыбіральняў […] фактычна іарданцы забаранілі яўрэям наведваць Сцяну Плачу ў Старым Горадзе і старажытныя яўрэйскія могілкі на Алейнай гары. Шлях да Яўрэйскага ўніверсітэта на гары Скопус і шпіталя Хадаса быў практычна адрэзаны». Якіх-небудзь рэзалюцый па такіх дзеяннях Іарданіі аж да 1967 года ААН прынята не было[3][4][5][6][7].
У 1951 годзе «Пагаджальная камісія ААН распачала сваю апошнюю энергічную спробу выступіць пасроднікам паміж бакамі канфлікту і высунала шэраг пэўных прапаноў, што тычацца бежанцаў, кампенсацыі, перагляду тэрытарыяльных пытанняў і пагадненняў аб перамір’і, у мэтах забеспячэння свабоды доступу да Святых месцаў у раёне Іерусаліма. Аднак Камісія зноў прыйшла да высновы, што адсутнасць гатовасці бакоў рэалізоўваць адпаведныя рэзалюцыі і ўлічваць змены, якія адбыліся на месцах, не дазваляюць прыступіць да ўрэгулявання палесцінскага пытання». У 1959 годзе Асамблея ААН адмяніла рашэнне аб вылучэнні асігнаванняў на ўсталяванне пастаяннага міжнароднага рэжыму ў Іерусаліме[4].
У выніку перамогі ў Шасцідзённай вайне 1967 года Ізраіль анексаваў Усходні Іерусалім, такім чынам атрымаўшы кантроль над усёй тэрыторыяй горада, заканадаўча аддзяліў Усходні Іерусалім ад заходняга берага ракі Іардан і абвясціў свой суверэнітэт над аб’яднаным Іерусалімам. ААН і значная частка міжнароднай супольнасці афіцыйна не прызнаюць анексіі ўсходняй часткі горада і ізраільскага суверэнітэту над ім. Савет Бяспекі ў сваёй рэзалюцыі 242 (1967) ад 22 лістапада 1967 года заклікаў Ізраіль вывесці свае войскі з тэрыторый, акупаваных у час вайны[8]. СБ ААН таксама асудзіў ізраільскія паселішчы на тэрыторыях, захопленых у 1967 г., уключаючы Усходні Іерусалім (гл. РСБААН 452, 465 і 741). 22 ліпеня 1980 года шостая Канферэнцыя кіраўнікоў Руху недалучэння ў сваім рашэнні заявіла, у прыватнасці, што «Горад Іерусалім з’яўляецца неад’емнай часткай акупаванай Палесціны. Ён павінен быць цалкам пакінуты і безумоўна перададзены пад арабскі суверэнітэт»[9]. Паводле рэзалюцыі 51/27 Генеральнай Асамблеі ААН ад 4 снежня 1996 года, «рашэнне Ізраіля навязаць Свяшчэннаму гораду Іерусаліму свае законы, юрысдыкцыю і адміністрацыю з’яўляецца незаконным і, такім чынам, несапраўдным і не мае ніякай юрыдычнай сілы»[10]. Дзясятая спецыяльная надзвычайная сесія Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіла ў 2004 годзе, пацвердзіла, што «ўсе меры, прынятыя Ізраілем, дзяржавай-акупантам, якія змянілі ці ставілі сваёй мэтай змяніць характар, прававы статус і дэмаграфічны склад Іерусаліма, па-ранейшаму не маюць ніякай юрыдычнай сілы»[10]. Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН 58/292 пацвердзіла, што палесцінскі народ мае права на суверэнітэт над Усходнім Іерусалімам.[11]
Ізраіль аспрэчвае той факт, што анексія Іерусаліма была парушэннем нормаў міжнароднага права[12][13] — роўна як і вызначэнне тэрыторыі Заходняга берага р. Іардан (уключаючы Усходні Іерусалім), як «акупаванай», настойваючы на міжнародным тэрміне «спрэчная тэрыторыя». У якасці асноўных аргументаў на карысць гэтай пазіцыі прыводзяцца абарончы характар Араба-ізраільскай вайны 1948 года і Шасцідзённай вайны, адсутнасць прызнанага міжнароднага суверэнітэту над гэтымі тэрыторыямі да 1967 года і гістарычнае права яўрэйскага народа на зямлю Ізраіля[14][15][16]. Падобнай пазіцыі прытрымліваецца шэраг ізраільскіх і замежных палітыкаў і вядучых юрыстаў[17][18][19][20][21][22][23][24][7][25].
Каманда экспертаў, сабраная тагачасным ізраільскім Прэм’ер-міністрам Эхудам Баракам у 2000 г., прыйшла да высновы, што горад павінен быць падзелены, таму што Ізраілю не ўдалося дасягнуць там ніводнай са сваіх нацыянальных мэт.[26] Аднак у 2014 г. Прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху сказаў, што «Іерусалім ніколі не будзе падзелены».[27] Апытанне, праведзенае ў чэрвені 2013 г., выявіла, што 74 % ізраільскіх яўрэяў адпрэчваюць ідэю палесцінскай сталіцы ў любой частцы Іерусаліма, хоць 72 % насельніцтва лічаць яго падзеленым горадам.[28] Апытанне, праведзенае ў 2011 г. сярод арабскіх жыхароў Усходняга Іерусаліма Палесцінскім цэнтрам грамадскай думкі і амерыканскім Блізкаўсходнім цэнтрам Пехтэр для Савета па міжнародных адносінах, выявіла, што 39 % арабаў, якія жывуць ва Усходнім Іерусаліме, аддалі перавагу б ізраільскаму грамадзянству — супраць 31 %, якія выбралі грамадзянства Палесціны. Паводле апытання, 40 % палесцінскіх жыхароў пакінулі б свае мікрараёны, калі б апошнія апынуліся пад палесцінскім кіраваннем.[29]
Канчатковы статус Іерусаліма з’яўляецца адной з найважнейшых сфер рознагалоссяў паміж палесцінскімі і ізраільскімі перагаворшчыкамі па пытанні аб міры. Вобласці рознагалоссяў уключаюць пытанні аб тым, ці можа палесцінскі сцяг быць падняты над зонамі, размешчанымі пад палесцінскім кіраваннем, і аб спецыфіцы ізраільскіх і палесцінскіх тэрытарыяльных граніц.[30]
Як Ізраіль, так і Палесцінская аўтаномія афіцыйна лічаць Іерусалім сваёй сталіцай, не прызнаючы такога права за іншым бокам. 28 кастрычніка 2009 г. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун перасцярог, што, калі яны маюць намер дамагчыся міру, Іерусалім мусіць стаць сталіцай як Ізраіля, так і Палесціны.[31]
5 снежня 1949 г. Прэм’ер-міністр Ізраіля Давід Бен-Гурыён, а 23 студзеня 1950 года — кнэсет, абвясцілі Іерусалім сталіцай Ізраіля[32]. Кнэсет, аднак, устрымаўся ад таго, каб відавочным чынам уключаць у дэкларацыю Усходні Іерусалім, які ў той момант знаходзіўся пад кіраваннем Іарданіі[33]. З гэтага моманту ў Іерусаліме размяшчаюцца ўсе галіны ізраільскай улады — заканадаўчая, судовая і выканаўчая[34].
30 ліпеня 1980 года Закон аб Іерусаліме, пададзены Геўлай Коэн, быў падтрыманы прэм’ер-міністрам Менахемам Бегінам і ў гэты ж дзень быў прыняты пераважнай большасцю Кнэсета ў якасці Асноўнага закона. Закон абвясціў Іерусалім «адзінай і непадзельнай» сталіцай Ізраіля[35][36]. Закон распаўсюджваецца як на Заходні, так і на Усходні Іерусалім (у межах пашыраных граніц, якімі яны былі вызначаны ў чэрвені 1967 года). Маючы палітычнае і сімвалічнае значэнні, ён, аднак, нічога не дадаў да прававой ці адміністрацыйнай сітуацыі ў горадзе[37]
«Асноўны закон: Іерусалім, сталіца Ізраіля» з’яўляецца галоўнай прычынай непрызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля сусветнай супольнасцю. У Рэзалюцыі № 478, аднагалосна прынятай 20 жніўня 1980 г. у адказ на Закон аб Іерусаліме ўсімі членамі Савета Бяспекі ААН за выключэннем ЗША (устрымаліся), заяўлена, што «Закон аб Іерусаліме» ўяўляе сабой «парушэнне міжнароднага права»[38], з’яўляецца «несапраўдным, і мусіць быць неадкладна ануляваны». Гэта рэзалюцыя «рашучым чынам» асудзіла прыняцце гэтага закона і адмову Ізраіля выконваць адпаведныя рэзалюцыі Савета Бяспекі, і заклікала краіны-ўдзельніцы вывесці свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы са «Свяшчэннага горада» ў якасці карнай меры[39][40]. Гэтае рашэнне Ізраіля было адпрэчана таксама Генеральнай Асамблеяй ААН і іншымі міжурадавымі арганізацыямі[38].
Пасля прыняцця рэзалюцыі, 22 краіны з 24, чые пасольствы раней знаходзіліся ў (Заходнім) Іерусаліме, перанеслі іх у Тэль-Авіў (дзе многія пасольствы ўжо знаходзіліся да прыняцця Рэзалюцыі 478). Пасля таго, як 15 жніўня 2006 года ўрад Коста-Рыкі абвясціў пра перавод свайго пасольства з Іерусаліма ў Тэль-Авіў, а 25 жніўня таго ж года ўрад Сальвадора зрабіла тое ж самае, у межах гарадской граніцы Іерусаліма не засталося дыпламатычных місій замежных дзяржаў.[41] Пасольствы амаль усіх краін размяшчаюцца ў раёне Вялікага Тэль-Авіва — за выключэннем Балівіі і Парагвая, чые пасольствы размяшчаюцца ў прыгарадзе Іерусаліма Мевасерет-Цыён, і чатырох консульстваў у самім горадзе.[42] Кангрэс ЗША яшчэ ў 1995 годзе прыняў Акт аб пасольстве ў Іерусаліме, паводле якога, пры выкананні адпаведных умоў, пасольства ЗША мусіць быць перанесена з Тэль-Авіва ў Іерусалім[43][44]. Аднак прэзідэнты ЗША пярэчылі, што рэзалюцыі Кангрэса датычна статусу Іерусаліма з’яўляюцца не больш чым кансультатыўнымі. Канстытуцыя адносіць міжнародныя адносіны да кампетэнцыі выканаўчай улады і, адпаведна, пасольства Злучаных Штатаў па-ранейшаму знаходзіцца ў Тэль-Авіве.[45] У наш час пасольства ЗША знаходзіцца ў Тэль-Авіве, а ў Іерусаліме знаходзіцца Генеральнае Консульства ЗША.
6 снежня 2017 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна прызнаў Іерусалім сталіцай Ізраіля і даў указанне Дзярждэпартаменту пачаць падрыхтоўку да пераносу пасольства ЗША ў Іерусалім[46]. Пры гэтым у той жа дзень ён падпісаў указ аб фармальнай адтэрміноўцы пераносу пасольства на 6 месяцаў[47]. Таксама ў той жа дзень з пытаннем аб перанясенні пасольства ў Іерусалім звярнуліся прадстаўнікі прэзідэнта Філіпінаў[48]. Таксама і Чэхія заявіла пра прызнанне Заходняга Іерусаліма сталіцай Ізраіля[49] і пра планы пенаносу туды свайго пасольства[50]. Спроба краін ЕС асудзіць прызнанне ЗША Іерусаліма сталіцай Ізраіля была заблакавана Венгрыяй[51].
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што Іерусалім застанецца непадзельнай сталіцай Ізраіля.
Палесцінская нацыянальная адміністрацыя прэтэндуе на Іерусалім, уключаючы Харам аль-Шарыф, як сталіцу дзяржавы Палесціна. У Палесцінскай дэкларацыі аб незалежнасці Арганізацыі вызвалення Палесціны 1988 г. сцвярджаецца, што Іерусалім з’яўляецца сталіцай дзяржавы Палесціна; у 1997 годзе Палесцінскі заканадаўчы савет прыняў, а ў 2002 годзе Старшыня Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Ясір Арафат падпісаў Асноўны закон, у якім Іерусалім абвяшчаецца сталіцай дзяржавы Палесціна (Артыкул 3: «Іерусалім з’яўляецца сталіцай Палесціны»).[52][53]. Абвяшчаючы Іерусалім сваёй сталіцай, палестынцы звычайна маюць на ўвазе Усходні Іерусалім[54]. Прэзідэнт Махмуд Абас сказаў, што любое пагадненне, якое не ўключае Усходні Іерусалім у якасці сталіцы Палесціны, будзе непрымальным[55]. Ізраіль упершыню разгледзеў магчымасць ператварэння Усходняга Іерусаліма ў сталіцу Палесціны на саміце ў Табе ў 2001 годзе[56], хоць гэтыя перамовы завяршыліся без пагаднення, і з тых часоў гэтая магчымасць Ізраілем не разглядалася.
Дэкларатыўна абвешчаная яшчэ ў 1988 годзе, Дзяржава Палесціна афіцыйна дагэтуль не створана, хоць да 100 краін — членаў ААН заявілі пра яе прызнанне . Яна таксама ўваходзіць у Лігу Арабскіх Дзяржаў. Некаторыя краіны, такія як Расія[57] і Кітай,[58] прызнаюць Палесцінскую дзяржаву з усходнім Іерусалімам у якасці яго сталіцы. Органы ўлады Палесцінскай аўтаноміі ніколі ў Іерусаліме не знаходзіліся; ва Усходнім Іерусаліме размяшчаюцца консульствы ЗША і некаторых іншых краін, якія ажыцяўляюць кантакты з Палесцінскай аўтаноміяй. У 2011 годзе, паводле даных BBC, у «справаздачы Еўрасаюза, якая апынулася ў распараджэнні СМІ, змешчаны заклік да прызнання Усходняга Іерусаліма сталіцай будучай Палесцінскай дзяржавы»[59].
ПНА сцвярджае, што Заходні Іерусалім таксама з’яўляецца суб’ектам перамоў аб перманентным статусе. Яна, аднак, заявіла, што гатовая да разгляду альтэрнатыўных рашэнняў — такіх, як ператварэнне Іерусаліма ў адкрыты горад.[60] Цяперашняя пазіцыя ПНА складаецца ў тым, што Усходні Іерусалім, як ён вызначаны муніцыпальнымі граніцамі да 1967 года, павінен быць сталіцай Палесціны, а Заходні Іерусалім — сталіцай Ізраіля, пры тым што кожная з дзяржаў надзяляецца поўным суверэнітэтам над адпаведнай часткай горада са сваім уласным муніцыпальным кіраваннем[61]. Сумесны ізраільска-палесцінскі «савет развіцця» будзе адказваць за каардынаванае развіццё[62][63].
Многія нацыянальныя інстытуты Ізраіля размешчаны ў Кір’ят Ха-Мемшала ў Гіват-Рам у Іерусаліме, і з’яўляюцца часткай праекта Кір’ят Ха-Леом, прызначанага для стварэння вялікага раёна, які змесціць большасць урадавых агенцтваў і нацыянальных культурных інстытутаў. Некаторыя ўрадавыя будынкі размешчаны ў Кір’ят Менахем Бегін. Горад з’яўляецца месцазнаходжаннем Кнэсета,[64] Вярхоўнага Суда,[65] Банка Ізраіля, Штаб-кватэры Паліцыі Ізраіля, афіцыйных рэзідэнцый Прэзідэнта і Прэм’ер-міністра, Кабінета міністраў і ўсіх міністэрстваў, за выключэннем Міністэрства абароны (якое размешчана ў цэнтральным тэль-авіўскім раёне Ха-Кір’я) і Міністэрства сельскай гаспадаркі і сельскага развіцця (якое размешчана ў тэль-авіўскім прыгарадзе Рышон-ле-Цыён, каля Баіт-Даган).
У 1988 г. Ізраіль распарадзіўся закрыць Орыент Хаус — сядзібу Таварыства арабскіх даследаванняў, але таксама штаб-кватэры Арганізацыі вызвалення Палесціны — з меркаванняў бяспекі. Будынак ізноў адкрыўся ў 1992 г. як палесцінская гасцініца.[66][67] Пагадненнямі ў Осла заяўлена, што канчатковы статус Іерусаліма будзе вызначаны шляхам перамоў з Палесцінскай адміністрацыяй; пагадненні наклалі забарону на якую б там ні было афіцыйную палесцінскую прысутнасць у горадзе да дасягнення канчатковага мірнага дагавора, але санкцыянавалі адкрыццё ва Усходнім Іерусаліме палесцінскага гандлёвага офіса.[68][69]
Ізраілем у якасці будучай сталіцы палесцінскай дзяржавы прапанаваны палесцінскі прыгарад Іерусаліма Абу-Дыс — у сувязі з яго блізкасцю да горада, і асабліва да Храмавай гары. Ізраіль не ўключыў Абу-Дыс у межы сваёй сцяны бяспекі вакол Іерусаліма. Палесцінская адміністрацыя ўзвяла ў гэтым горадзе верагодна будучы парламенцкі будынак для Палесцінскага заканадаўчага савета, і ўсе яе Офісы па справах Іерусаліма размешчаны ў Абу-Дысе.[70]
{{cite news}}
: Праверце значэнне даты ў: |date=
(даведка)
{{cite journal}}
: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal=
(даведка)