Папскія калегіумы (лац.: Pontificium collegium) — ўстановы, якія свораны Святым Прастолам і дзейнічаюць у Рыме для сайдзейнічання адукацыі будучага духавенства Каталіцкага Касцёлу. Традыцыйна многія калегіумы ў Рыме ствараліся для студэнтаў той ці іншай нацыянальнасці.
Папскія калегіумы — гэта жылыя дамы (інтэрнаты), у якіх студэнты выконваюць звычайныя семінарскія практыкаванні пабожнасці, займаюцца ў прыватным парадку і пераглядаюць прадметы, якія разглядаюцца ў класе. У некаторых калегіумах існуюць спецыяльныя курсы навучання (мова, музыка, археалогія і г.д.), але рэгулярныя курсы па філасофіі і тэалогіі даюцца ў некалькіх буйных цэнтральных установах, такіх як Папскі Урбаніянскі ўніверсітэт, Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, Папскі Латэранскі Універсітэт і Папскі ўніверсітэт Святога Тамаша Аквінскага.
Папскія калегіумы, у дадатак да відавочных пераваг для навучання, якія прапануе Рым, дазваляюць студэнтам атрымаць вопыт універсітэцкага жыцця, адрозны ад універсітэцкага жыцця ў іншых краінах. Яны таксама ў пэўнай меры служаць для падтрымання кантактаў розных краін са Святым Прастолам. З гэтай мэтай Папы заахвочвалі заснаванне калегіумаў, у якіх маглі б пражываць маладыя людзі адной нацыянальнасці і ў той жа час карыстацца магчымасцямі, якія дае горад. Рэктар Кракаўскай семінарыі, развітваючыся з Каралем Вайтылай, аднойчы сказаў, што тэалогіі можна вучыцца і ў іншым месцы, але святар у Рыме павінен «навучыцца самому Рыму». Кожны нацыянальны калегіум мае сваім кіраўніком рэктара, прызначанага епіскапатам краіны, да якой належыць калегіум, і ўзгодненага Папам. Яму дапамагаюць прарэктар і духоўны кіраўнік.
Навучальны год пачынаецца ў першы тыдзень кастрычніка і заканчваецца ў чэрвені. У большасці курсаў выконваецца сістэма лекцый і ў вызначаны час праводзяцца афіцыйныя дыспуты ў адпаведнасці са схаластычнымі метадамі. Курс навучання, незалежна ад таго, прывядзе ён да атрымання ступені ці не, прадпісаны, і ён распісаны на шэсць гадоў, два з якіх прысвечаны філасофіі і чатыры - тэалогіі. Да філасофіі ў больш строгім сэнсе дадаюцца курсы матэматыкі, моў і прыродазнаўчых навук. Тэалогія ўключае, акрамя дагматычнай і маральнай тэалогіі, курсы літургікі, археалогіі, гісторыі Царквы, кананічнага права і Святога Пісання.
Вусны экзамен праводзіцца ў сярэдзіне года, а пісьмовы экзамен па яго заканчэнні. Звычайныя ступені (бакалаўрыят, ліцэнцыят і дактарат) прысвойваюцца ў галіне філасофіі, тэалогіі і ў кананічным праве; з 1909 года ступені па Святым Пісанні прысвойваюцца студэнтам, якія выконваюць патрабаванні Біблейскага інстытута.
Большасць калегіумаў прытрымліваюцца падобных навучальных праграм на працягу года, але існуюць і адрозненні, і яны звязаны галоўным чынам з прыроднымі асаблівасцямі або спецыяльнай мэтай, для якой калегіум быў створаны.