Пергамскі музей | |
---|---|
Pergamonmuseum | |
Заснаваны | 1901 |
Адкрыты | 1910 |
Месцазнаходжанне | Берлін |
Наведвальнікі | 1 260 000 (2013)[1] |
smb.museum/museen… (ням.) (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пергамскі музей (таксама Пергамон-музей; ням.: Pergamonmuseum) — адзін з найвядомых музеяў, размешчаных на Музейным востраве на рацэ Шпрэе ў цэнтры Берліна[2].
Будынак музея пабудаваны ў 1910—1930 гадах па праекце Альфрэда Меселя і Людвіга Хофмана, у першую чаргу, для выяўленага Карлам Хуманам Пергамскага алтара, а таксама для збору позняга антычнага жывапісу і скульптуры, экспанатаў Пярэднеазіяцкага музея, які ўключае творы хецкага, асірыйскага, вавілонскага і персідскага мастацтва і Ісламскага музея (які ўключае фрыз са Мшаты). З 1958 года ўсе гэтыя зборы аб'яднаны агульнай назвай «Пергамскі музей». У наш час экспазіцыя музея падзелена на Антычны збор, Пярэднеазіяцкі музей і Музей ісламскага мастацтва. У 2013 годзе ў Пергамскім музеі пабывала каля 1 млн 260 тыс. наведвальнікаў — гэта самы наведвальны музей у Германіі і 45-ы па колькасці наведвальнікаў музей у свеце.
Першы будынак Пергамскага музея быў пабудаваны ў 1897—1898 гадах і ўрачыста адкрыты для доступу публікі ў 1901 годзе. У двары музея размясціліся творы старажытнай архітэктуры з Пергама, Прыены і Магнесіі на Меандры.
Пасля зносу першага будынка Пергамскага музея ў 1908 годзе ўсе пергамскія мастацкія каштоўнасці да ўзвядзення новага будынка размяшчаліся ва ўсходняй калоннай зале Новага музея.
Паколькі выяўленыя пры раскопках у Вавілоне, Уруку, Ашуры і Егіпце манументальныя экспанаты не маглі годна размясціцца ў першым пабудаваным будынку музея, у якога да таго ж неўзабаве выявіліся будаўнічыя дэфекты падмурка, для вырашэння пытанняў, звязаных з узвядзеннем новага будынка на тым жа месцы, у 1905 годзе быў прызначаны новы генеральны дырэктар Каралеўскіх (а з 1918 года — Дзяржаўных) музеяў, а ў 1906 годзе да працы быў прыцягнуты Вільгельм фон Бодэ. Апроч калекцыі антычнай архітэктуры ў паўночным корпусе новага будынка музея меркавалася размясціць пасляантычнае мастацтва Германіі з Нямецкага музея, а ў паўднёвым — аддзел пярэднеазіяцкага мастацтва. У адпаведнасці са зменамі ў плане ад 1927 года тут жа павінна размясціцца і калекцыя ісламскага мастацтва.
У 1907 годзе Альфрэд Месель прыступіў да праектавання манументальнага будынка з трох карпусоў у строгім неакласічным стылі. Пасля смерці Меселя ў 1909 годзе працы працягнуў яго блізкі сябар Людвіг Хофман, які займаў адміністрацыйную пасаду ва ўрадзе Берліна па пытаннях будаўніцтва. У 1910 годзе пачаліся будаўнічыя працы, якія спынілі Першая сусветная вайна, рэвалюцыя 1918 года і інфляцыя 1922—1923 гадоў. Толькі да 1930 года будаўніцтва музейнага будынка было скончана, і чатыры музеі ў яго сценах адкрылі свае залы для публікі.
Пергамскі музей сур'ёзна пацярпеў падчас паветраных налётаў на Берлін. Многія экспанаты былі перавезены ў больш бяспечнае месца, манументальныя рэчы былі ўмацаваны. У 1945 годзе большая частка фондаў музея была вывезена савецкімі афіцэрамі па абароне мастацкіх каштоўнасцей ва ўсходнюю частку Берліна для адпраўкі ў СССР. Толькі ў 1958 годзе музейныя фонды вярнуліся ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, але не цалкам. Дагэтуль значная частка калекцыі захоўваецца ў запасніках Пушкінскага музея ў Маскве і Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу.
У Пергамскім музеі знаходзяцца зборы трох музеяў: Антычнага збору, Музея ісламскага мастацтва і Пярэднеазіяцкага музея. У ім прадстаўлены розныя экспанаты старажытнай манументальнай архітэктуры, самымі вядомымі з якіх з'яўляюцца:
Антычны збор узнік дзякуючы брандэнбургскім курфюрстам-калекцыянерам класічнай старажытнасці. Заснаванне музея Антычнага збору адзначылася набыццём у 1698 годзе калекцыі рымскага археолага. Частка калекцыі антычнасці стала даступная для публікі ў 1830 годзе з адкрыццём у Берліне Старога музея. Антычны збор значна папоўніўся дзякуючы раскопкам, якія праводзіліся ў Алімпіі, Самасе, Пергаме, Мілеце, Прыене і Дыдыме.
З падзелам Германіі пасля Другой сусветнай вайны падзеленым напалам апынуўся і Антычны збор. Пергамскі музей у ГДР адкрыўся зноў у 1959 годзе, а калекцыя, якая апынулася ў Заходнім Берліне, размяшчалася аж да 1995 года ў будынку па праекце архітэктара Шцюлера насупраць замка Шарлотэнбург.
У наш час каштоўнасці Антычнага збору падзелены паміж двума музеямі — Пергамскім і Старым. Экспазіцыя Пергамскага музея аб'ядноўвае старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія творы архітэктуры, скульптуры, пісьменнасці, мазаікі, упрыгожванняў з каштоўных металаў і вырабаў з бронзы. Візітнай карткай Пергамскага музея стаў Пергамскі алтар, датаваны II ст. да н.э., на скульптурным фрызе якога намалявана драматычная бітва багоў з гігантамі, а таксама вароты Мілецкага рынку, якія адносяць да эпохі Старажытнага Рыма. Акрамя гэтага сусветную вядомасць набылі «Берлінская багіня» з Кератэі перыяду росквіту архаікі і познеархаічная «Багіня на троне» з Тарэнта.
У музеі прадстаўлена мастацтва ісламскіх народаў VIII—XIX стагоддзяў, якія пражывалі на абшарах ад Іспаніі да Індыі. У аснову экспазіцыі пакладзены ў першую чаргу мастацтва Егіпта, Блізкага Усходу і Ірана. Іншыя рэгіёны таксама прадстаўлены значнымі калекцыйнымі аб'ектамі, як, напрыклад, творы каліграфіі і мініяцюры эпохі Імперыі Вялікіх Маголаў ці сіцылійскімі вырабамі са слановай косці.
У музеі Пярэдняй Азіі прадстаўлены экспанаты, выяўленыя на археалагічных раскопках, якія праводзіліся ў арэале распаўсюджання шумерскай, вавілонскай і асірыйскай культур нямецкімі навукоўцамі, у прыватнасці Нямецкім Усходнім таварыствам. Сюды адносяцца манументальныя помнікі архітэктуры, рэльефы і прадметы меншага памеру, якія выкарыстоўваліся ў кульце, побыце і як упрыгожванні.
Асаблівай увагі заслугоўваюць вавілонскія вароты Іштар, фрагмент Дарогі працэсій, якая да іх вяла, і фасад троннай залы Навухаданосара II.
У лістападзе 2011 года ў музеі была адкрыта для наведвання грандыёзная панарама, якая стварае эфект прысутнасці ў старажытным Пергаме ў 129 годзе да н.э. Навочна прадстаўлены розныя бакі жыцця пергамцаў: тут на плошчы перад акропалем шпацыруюць гараджане, там ідзе ажыўлены гандаль на рынку, вось жанчына сцірае ў рацэ бялізну, удалечыні сярод дрэваў бачная знакамітая Пергамская бібліятэка і г.д. У ратондзе вышынёй 24 і даўжынёй 103 метры створаны спецэфекты: узыход і заход сонца, подых ветру, гуд натоўпу, спеў цыкад.[3] Панарама адкрыта да верасня 2012 года.
У адпаведнасці з майстар-планам рэканструкцыі берлінскага Музейнага вострава Пергамскі музей павінен стаць цэнтрам яго ансамбля, які аб'яднае Новы музей, Музей Бодэ, Старую нацыянальную галерэю і новы будынак уваходу на Музейны востраў.