Сілезія

Сілезія
Гістарычная карта Сілезіі, 1905

Сіле́зія (сіл.: Ślůnsk, польск.: Śląsk, чэшск.: Slezsko, ням.: Schlesien, сіл.-ням. Schläsing) — гістарычная вобласць у Цэнтральнай Еўропе. Большая частка Сілезіі ўваходзіць у склад Польшчы, меншыя знаходзяцца ў Чэхіі і Германіі. Найбуйнейшыя гарады: Вроцлаў, Катавіцы.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Польская частка Сілезіі падзелена на ваяводствы:

Апольскае і Сілезскае ваяводствы складаюць Верхнюю Сілезію. Меншая частка Сілезіі ў межах Чэхіі носіць назву Чэшская Сілезія, якая разам з паўночнай часткай Маравіі складаюць Мараўска-Сілезскі рэгіён Чэхіі. Астатнія землі складаюць Оламаўцкі край.

Традыцыйна тэрыторыя Сілезіі абмяжоўвалася рэкамі Гвізда (Квіса) і Бобр. Землі на захад ад Гвізды — Верхняя Лужыца. Аднак паколькі частка Сілезіі ўваходзіла ў прускую правінцыю Ніжняя Сілезія, у Германіі Ніжнесілезская Верхняя Лужыца і Хоерсверда таксама лічацца часткай Сілезіі. Гэтыя раёны нароўні з Ніжнесілезскім ваяводствам Польшчы складаюць геаграфічны рэгіён Ніжняя Сілезія.

У позняй антычнасці, некаторыя рымскія аўтары (Тацыт, Пталамей і інш.) апісалі на гэтых тэрыторыях плямёны лігіяў (лугіяў), квадаў, вандалаў, слінгіяў (ці селінгаў) і іншыя, якія былі названы гэтымі гісторыкамі «германцамі» (пад назвай «германцы» рымскія пісьменнікі маглі мець на ўвазе і іншыя аселыя «варварскія» плямёны Поўначы, у прыватнасці, славян). Квады і вандалы — германскія плямёны, якія пазней, у эпоху Вялікага перасялення народаў, пакінулі гэту тэрыторыю, лугіі і селінгі — магчыма, славяне, засведчаныя на гэтай тэрыторыі ў пазнейшы перыяд (лужычане, слянжане); паводле іншай версіі, славяне Сілезіі атрымалі імя слянжан пазней, па вандальскаму (германскаму) племю слінгіяў, якія раней жылі на гэтай тэрыторыі. У IX—X стст. значная частка вобласці была падпарадкавана Вялікамараўскай, а затым Чэшскай дзяржавай.

Да 999 уся Сілезія ўвайшла ў склад Польшчы; вобласць на захад ад ракі Бобер належала Германіі (маркграфства Мейсен). Хрысціянства распаўсюджваецца ў Сілезію з Познані, дзе з 968 г. было біскупства; у 1051 г. заснавана біскупства ў Вроцлаве. Пры падзеле Польшчы паміж сынамі Баляслава Крывавустага (1138) Сілезію атрымаў старэйшы сын караля Уладзіслаў. Уладзіслаў у 1146 г. прызнаў над сабой сюзерэнітэт Свяшчэннай Рымскай імперыі але неўзабаве быў выгнаны; у 1163 імператар Фрыдрых I Барбароса выступае на баку яго сыноў, пазбаўленых прастола, займае Сілезію і саджае іх там. З іх Баляслаў I Высокі стаў заснавальнікам Вроцлаўскага (Ніжняя Сілезія); Мечыслаў — заснавальнікам Раціборскага (Верхняя Сілезія), а Конрад — Глогаўскага княства; але апошні памёр у 1178 г. без спадчыннікаў, і яго ўладанні былі далучаны да Вроцлаўскага княства.

Сярод князёў Ніжняй Сілезіі найбольш вядомыя Генрых I Барадаты (пам. 1238), муж Св. Ядвігі, які пасля пераможнай вайны дасягнуў у 1233 г. рэгенцтва ў Польшчы і валодання Кракавам, і сын яго Генрых II Набожны, які загінуў у бітве з манголамі пры Легніцах у 1241 г. У тым жа годзе Сілезія спустошана манголамі. Ніжняя Сілезія падверглася падзелу, і былі ўтвораны Вроцлаўскае, Лігніцкае і Глогаўскае княствы; Верхняя Сілезія таксама распалася на Цешэнскае, Апольскае і Раціборскае княствы; апошняе ў 1340 г. далучана да Опаўскага, леннага ўладання чэшскіх каралёў. Да пачатку XIV стагоддзя ў Сілезіі налічвалася 18 княстваў і Ныскага княства-біскупства.

У 1327 г. чэшскі кароль Ян Сляпы быў прызнаны сюзерэнам усімі княствамі Верхняй Сілезіі і Вроцлаўскім, а ў 1329 г. — і большасцю герцагаў Ніжняй Сілезіі. У 1335 г. ён прымусіў польскага караля Казіміра III Вялікага адрачыся ад вярхоўных правоў на Сілезію. Чэшскі кароль Карл (ён жа германскі імператар Карл IV Люксембургскі) атрымаў у спадчыну Яварскае-Свідніцкае княства, якое яшчэ не прызнавала ўлады Чэхіі, пасля чаго ўся Сілезія стала здабыткам чэшскай кароны і ўвайшла ў склад Германскай імперыі. Тым не менш Сілезія разглядалася як самастойнае цэлае; яе справамі кіравалі так званыя соймы сілезскіх князёў. Насельніцтва Сілезіі адносілася варожа да вучэння Гуса, як і да чэшскіх элементаў наогул, і таму падчас Гусіцкіх войнаў Сілезію спусташалі гусіцкія арміі.

У 1526 Сілезія, разам з усім Чэшскім каралеўствам, адышла да аўстрыйскіх Габсбургаў. Сілезскія герцагі не перашкаджалі распаўсюджванню рэфармацыі ў Сілезіі. У іншым становішчы апынуліся тыя часткі Сілезіі, якія належалі непасрэдна германскаму імператару, які кіраваў імі пры дапамозе асобага генерал-губернатара. Асабліва Фердынанд II імкнуўся вярнуць жыхароў Сілезіі да каталіцтва. Падчас Трыццацігадовай вайны гэта краіна, у якой пратэстанцтва пусціла глыбокія карані, падверглася бязлітаснаму спусташэнню. Герцаг Іаан-Георг з дому Гогенцолернаў пазбавіўся свайго княства Іегерндорф за тое, што быў прыхільнікам Фрыдрыха V Пфальцкага. Пасля Вестфальскага міру 1648 г. пратэстанцкія цэрквы, за выключэннем некаторых могілкавых цэркваў, былі зачынены, а маёмасць іх канфіскавана. Герцагствы Мюнстэрберг, Саган, Опельн і Ратыбор часткай былі прададзены, часткай закладзены. Той жа суровы рэжым распаўсюджаны быў пры імператары Леапольдзе I і на герцагствы Лігніц, Волау і Брыг, якія ў 1675 г., пасля смерці Георга-Вільгельма, апошняга герцага з дому Пястаў, перайшлі да імператара. Дзякуючы ўварванню шведскага караля Карла XII пратэстанты атрымалі паводле Альтранштэдскай канвенцыі 1707 г. і імператарскага рэцэса 1709 г. права займаць грамадскія пасады; ім былі вернуты 128 храмаў і дазволена пабудаваць 6 новых. У 1740 г., са смерцю Карла VI і ўзыходжаннем на прастол Марыі-Тэрэзіі, Фрыдрых II заявіў пра свае прэтэнзіі на герцагствы Лігніц, Брыг, Волау і Іегерндорф, пасля чаго ўварваўся ў Сілезію ў снежні 1740 г.

Анямечванне Сілезіі

[правіць | правіць зыходнік]

Пясты ў XIII стагоддзі ахвотна прымалі ў свае ўладанні нямецкіх пасяленцаў, якія прыносілі з сабой перадавыя па тых часах эканамічныя адносіны. Паступова славянскае насельніцтва ў Сілезіі пачынае анямечвацца. Гэты працэс узмацняецца ў наступныя стагоддзі — калі Сілезія трапляе пад уладу Чэхіі, якая ўваходзіла ў той час у Свяшчэнную Рымскую імперыю, дзе дзяржаўнай мовай была нямецкая. Анямечванне працягнулася, калі Сілезія становіцца часткай Прусіі, а потым і Германскай імперыі. У выніку да пачатку XX стагоддзя Сілезія ў значнай ступені з’яўлялася германамоўнай тэрыторыяй і, хоць доля славянскага насельніцтва была ўсё яшчэ досыць высокая, нямецкая мова была агульнаўжытнай.

Сілезія ў складзе Прускага каралеўства

[правіць | правіць зыходнік]
Сілезія ў складзе Прускага каралеўства

Многія сілезцы з радасцю сустрэлі анексію Сілезіі прускім каралём Фрыдрыхам II (1740). Да канца Вайны за аўстрыйскую спадчыну (17401748) амаль увесь рэгіён увайшоў у склад Прусіі, за выключэннем паўднёва-ўсходніх княстваў Цешын і Опава, якімі валодалі аўстрыйскія Габсбургі. Сямігадовая вайна (17561763) толькі ўмацавала прускі кантроль над гэтай тэрыторыяй, і правінцыя Сілезія ў складзе Прусіі лічылася адной з самых лаяльных у адносінах да караля.

У 1815 пасля Напалеонаўскіх войнаў, у склад правінцыі ўвайшлі навакольныя тэрыторыі Гёрліца, якія былі ў валоданні Саксоніі. Да таго часу, у гарадах Ніжняй Сілезіі атрымала вялікае распаўсюджанне нямецкая мова, у той час як дыялекты польскай і чэшскай моў заставаліся гутарковымі толькі ў сельскай мясцовасці Верхняй Сілезіі.

Міжваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Сцяг Сілезіі

Пасля рэферэндуму, праведзенага ў Верхняй Сілезіі, на якім частка жыхароў (палякі) выказаліся за ўваходжанне ў склад Польшчы, а частка (немцы) аддалі перавагу жыць у Германіі, Ліга Нацый злічыла разумным падзяліць гэты рэгіён на дзве часткі, у адпаведнасці з перавагамі жыхароў. Усходняя частка ўтварыла аўтаномнае ў складзе Польшчы Сілезскае ваяводства (Autonomiczne Województwo Śląskie). Большая частка, аднак, засталася ў складзе Германіі і ўтварыла правінцыі Верхняя і Ніжняя Сілезія. Паводле Мюнхенскіх пагадненняў 1938 Чэшская Сілезія часова ўвайшла ў рэйхсгау Судэцкая вобласць, а Польшча атрымала спрэчную з Чэхаславакіяй Цешынскую Сілезію, але ўжо ў наступным годзе Цешын, разам з самой Польшчай, быў захоплены германскімі войскамі.

Другая сусветная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Польскай кампаніі 1939 вермахт цалкам захапіў польскую частку Сілезіі. На гэтай тэрыторыі быў, у прыватнасці, арганізаваны лагер смерці Аўшвіц.

Сілезія пасля Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У 1945 Сілезія была занята савецкай арміяй. У 1945 годзе ў рамках Крымскай канферэнцыі было паднята так званае «польскае пытанне», даволі істотную частку ў ім заняла «Праблема Сілезіі»[1], якая вызравала ў Цэнтральнай Еўропе некалькі стагоддзяў. Большая частка Сілезіі, у адпаведнасці з рашэннямі Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый, была перададзена Польшчы. Чэшская Сілезія засталася ў межах Чэхаславакіі (у адпаведнасці з мяжой 1918—1938 гг.; з 1993 — Чэхія). Невялікая частка рэгіёна ўвайшла ў ГДР (верхнелужыцкія раёны з гарадамі Гёрліц, Ніскі і інш.; пасля 1990 у складзе федэральнай зямлі Саксонія).

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

У гонар Сілезіі названы астэроід (257) Сілезія адкрыты 5 красавіка 1886 года аўстрыйскім астраномам, выхадцам Сілезіі Іаганам Палізам у абсерваторыі гарады Вены.

Зноскі