Ферэнц (Франц) Ліст (венг.: Liszt Ferenc, ням.: Franz Liszt; 22 кастрычніка 1811, Райдзінг (Дабар'ян), Аўстрыйская імперыя — 31 ліпеня 1886, Байрайт, Германія — кампазітар, піяніст , дырыжор, педагог, публіцыст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў музычнага рамантызму, заснавальнік венгерскай кампазітарскай школы.
Ліст быў слаўным выканаўцам, вядомым па ўсёй Еўропе дзякуючы свайму фенаменальнаму піянізму і неперавышанаму ўменню арганізоўваць відовішчныя канцэртныя праграмы. Ф. Ліста лічаць адным з найвялікшых піяністаў у гісторыі, нягледзячы на тое, што ніводнага запісу ігры Ліста не існуе. Уплыў фартэпіяннага стылю Ф. Ліста адчувальны дагэтуль. Таксама Ф. Ліст зрабіў важкі ўклад у развіццё рамантычнай музыкі наогул, імя Ліста звязанае з вынаходніцтвам жанру сімфанічнай паэмы.
Ф. Ліст быў першым піяністам, які выступаў з сольнымі канцэртамі, якімі ён заслужыў прызнанне як прафесіяналаў так і шырокай публікі. У той жа час Ф. Ліст быў надзвычай велікадушным чалавекам — ён не шкадаваў часу і сродкаў, дапамагаючы ахвярам стыхійных бедстваў, сіротам, многіх таленавітых студэнтаў ён вучыў бясплатна. Таксама Ф. Ліст спрыяў фонду памяці Бетховена і ахвяраваў значныя сродкі на адкрыццё кансерваторыі ў Будапешце.
Вялікая колкасць яго фартэпіянных твораў увайшла ў традыцыйны рэпертуар, у прыватнасці Венгерскія рапсодыі, Саната сі мінор і два фартэпіянныя канцэрты. Таксама Ф. Ліст зрабіў шматлікія фартэпіянныя транскрыпцыі папулярных сцэн з опер, сімфоній, капрызаў Паганіні і песень Франца Шуберта. Асобныя фартэпіянныя творы Ф. Ліста лічацца вышэйшай пробай фартэпіяннага майстэрства. Таксама Ф. Ліст быў аўтарам вялікай колкасці харавой, вакальнай і сымфанічнай музыкі. Арганныя творы Ф. Ліста занялі галоўнае месца ў рэпертуары арганістаў.
Вучыўся ў К. Чэрні, А. Сальеры, Ф. Паэра і А. Рэйхі. У 1823—1835 гадах жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў педагагічную і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—1839 гадах — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, аркестрава-сімфанічная трактоўка фартэпіяна. З канца 1830-х гг. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—1858 гг. прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім тэатры больш за 40 опер, у т.л. оперы Р. Вагнера, выканаў у сімфанічных канцэртах усе сімфоніі Л. Бетховена, сімфанічныя творы Г. Берліёза, Р. Шумана, М. Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу[13].
З 1861 года жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Музычнай акадэміі ў Будапешце, цяпер Нацыянальная венгерская музычная акадэмія імя Ф. Ліста)[13].
Стваральнік першых узораў венгерскай нацыянальнай музычнай класікі, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў еўрапейскага музычнага рамантызму. Найбольш значныя яго дасягненні ў галіне інструментальнай музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Ліста — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы музычныя жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п'есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з літаратурай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў народна-венгерскіх вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрапейскай прафесійнай музыкі. Творчасць Ліста адыграла вялікую ролю ў станаўленні венгерскай нацыянальнай музычнай школы і ў развіцці сусветнай музычнай культуры[13].
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра Св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Іранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фаўст-сімфонія» (паводле І. В. Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімфанічных паэм (1849—1882), у т.л. «Мазепа» (паводле В. Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж. Атрана і А. Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І. Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фаўста» Н. Ленау (1860) і інш.; для фартэпіяна з аркестрам — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венгерскія народныя тэмы (1852) і інш.; для фартэпіяна — саната h-moll (1853); цыклы п'ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А. Ламарціна), «Гады вандраванняў» (З сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п'есы ў танцавальнай форме, маршы і інш.; для голасу з фартэпіяна — песні і рамансы (каля 90) на словы Г. Гейнэ, Гётэ, Гюго, М. Лермантава і інш., інструментальныя п'есы, камерна-інструментальныя ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фартэпіяна) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»)[13].