Хасэ Санхурха | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 сакавіка 1872[1] ці 18 сакавіка 1872[2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 ліпеня 1936[3][5] (64 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | Каралеўства Іспанія[d] |
Род войскаў | Сухапутныя войскі Іспаніі[d] |
Званне | генерал-лейтэнант |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хасэ Санхурха-і-Саканель (ісп.: José Sanjurjo Sacanell; 28 сакавіка 1872 — 20 ліпеня 1936) — іспанскі военачальнік, генерал. Арганізаваў і ўзначаліў спробу ваеннага перавароту, якая прывяла да пачатку грамадзянскай вайны ў Іспаніі.
Атрымаўшы ваенную адукацыю, служыў на Кубе (1896), удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў, атрымаў званне капітана. Затым быў удзельнікам іспана-амерыканскай вайны 1898 года, пасля паражэння ў якой вярнуўся ў Іспанію.
З 1909 года быў удзельнікам некалькіх ваенных кампаній у Марока, у тым ліку адваёўвання страчаных тэрыторый у раёне Мелільі пасля разгрому іспанскай арміі пры Ануале ў 1921 годзе. З 1922 камандаваў іспанскімі войскамі ў Ларачэ, займаючыся пры гэтым расследаваннем выпадкаў карупцыі ў інтэнданцтве. У 1925 годзе браў удзел у высадцы на Алусемас — вырашальнай бітве Рыфскай вайны. Быў прызначаны Вярхоўным камісарам Іспаніі ў Марока. За ваенныя заслугі кароль Альфонса XIII прысвоіў яму тытул маркіза Рыфскага. Пры гэтым Санхурха карыстаўся ў арміі папулярнасцю, у прыватнасці, за свой дэмакратызм у адносінах з падначаленымі. Яго палітычны праціўнік Ігнасіа Ідальга дэ Сіснерас называў генерала «простым, сціплым, без сеньёрскіх замашак».
З 1928 года генерал-лейтэнант Санхурха камандаваў грамадзянскай гвардыяй (жандармерыяй). Пасля няўдалых для манархістаў муніцыпальных выбараў у буйных гарадах у красавіку 1931 года ён адмовіўся падтрымаць караля (нягледзячы на тое, што 28 сакавіка 1931 ён быў узнагароджаны Вялікім крыжам Карла III), чым спрыяў звяржэнню манархіі. Першапачаткова захаваў сваю пасаду, але неўзабаве ўступіў з канфлікт з прэм’ер-міністрам і ваенным міністрам Мануэлем Асаньей, негатыўна ўспрымаючы яго рэформы ў арміі, а таксама прызначэнне грамадзянскага палітыка Лопеса Ферэра Вярхоўным камісарам Іспаніі ў Марока. Акрамя таго, у канцы 1931 — пачатку 1932 адбыліся драматычныя падзеі ў Кастыльбланка і Арнеда. У першым выпадку чацвёра грамадзянскіх гвардзейцаў застрэлілі рабочага-дэманстранта і самі былі забіты іншымі ўдзельнікамі дэманстрацыі. У другім грамадзянскія гвардзейцы расстралялі мітынг рабочых, забіўшы некалькіх чалавек (гэта падзея была расцэнена ў левай прэсе як помста за драму ў Кастыльбланка). У выніку Санхурха быў пераведзены на менш значную пасаду камандуючага карабінерамі (памежнікамі і мытнікамі), а кіраўніком грамадзянскай гвардыі стаў генерал Мігель Кабанельяс.
10 жніўня 1932 года Санхурха ўзначальваў няўдалае паўстанне (вядомае таксама як «санхурхада») супраць урада Асанья. У паўстанні прынялі ўдзел правыя вайскоўцы, а таксама «карлісты» — найбольш кансерватыўная частка манархістаў. Дамогшыся першапачатковага поспеху ў Севільі, паўсталыя пацярпелі паразу ў Мадрыдзе і не былі падтрыманы ў іншых рэгіёнах краіны. Зразумеўшы, што паўстанне пацярпела крах, Санхурха разам з адным са сваіх сыноў спрабаваў бегчы ў Партугалію, але быў арыштаваны ва Уэльве, а затым прысуджаны да смерці, замененай на пажыццёвае зняволенне.
Пасля прыходу да ўлады ў лістападзе 1933 года правацэнтрысцкага ўрада ён быў амніставаны, аднак прэзідэнт Нісета Алькала Самора, які пярэчыў супраць амністыі, дамогся адмовы ў аднаўленні Санхурха ў арміі. Пасля вызвалення з турмы генерал быў высланы ў Партугалію.
Калі ў лютым 1936 года да ўлады ў Іспаніі зноў прыйшлі левыя, разам з групай генералаў задумаў і падрыхтаваў шырокамаштабную ваенную змову. 17 ліпеня, у першыя дні паўстання, вылецеў самалётам у Іспанію. Пілот-манархіст Хуан Антоніа Ансальда папярэдзіў свайго знакамітага пасажыра, што яго багаж занадта цяжкі. Санхурха адказаў яму: «Я павінен буду апрануцца ў лепшае адзенне, як належыць новаму кіраўніку Іспаніі». У выніку перагруза самалёт пацярпеў крушэнне, і генерал загінуў.