Ірвін „Мэджык“ Джонсан-малодшы (па-ангельску: Earvin „Magic“ Johnson Jr.; нар. 14 жніўня 1959, Лансінг, Мічыган, ЗША) — амэрыканскі баскетбаліст. Былы прэзыдэнт па баскетбольных апэрацыях «Лос-Анджэлес Лэйкерз» у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Цягам усёй кар’еры бараніў колеры толькі «Лос-Анджэлес Лэйкерз», у якасьці гульнёвага абаронцы. 5-разовы чэмпіён НБА (1980, 1982, 1985, 1987, 1988), 3-разовы самы каштоўны гулец сэзону (1987, 1989, 1990), 12-разовы ўдзельнік матчу ўсіх зорак, 10-разовы ўдзельнік зборнай НБА (з 1983 па 1991 — першая каманда, 1982 — другая каманда). Ён двойчы быў прызнаны самым каштоўным гульцом матчу ўсіх зорак НБА ў 1990 і 1992 гадах. Алімпійскі чэмпіён 1992 году.
На драфце 1979 году Джонсан быў абраны пад першым агульным нумарам клюбам «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Гулец выказаў сваё захапленьне магчымасьцю гуляць у адной камандзе зь легендарным цэнтравым Карымам Абдул-Джабарам[7], які пазьней стаў самым выніковым гульцом у гісторыі НБА[8].
Не зважаючы на дамінаваньне цэнтравога ў лізе, яму да таго часу гэтак і не ўдалося выйграць чэмпіянат з «Лэйкерз». Але з прыходам Джонсана шмат што зьмянілася[9]. У сваім першым сэзоне пачатковец набіраў у сярэднім 18 пунктаў, рабіў 7,7 падбораў і 7,3 перадачы за гульню і быў абраны ў зборную пачаткоўцаў НБА і пачатковы склад матчу ўсіх зорак Заходняй канфэрэнцыі НБА[10].
«Лэйкерз» скончылі сэзон з рэкордам у 60 перамог і 22 паразы, а затым дакрочылі да фіналу НБА 1980 году, дзе сустрэліся зь «Філадэлфіяй Сэвэнці Сыксэрз». «Лэйкерз» мелі перавагу ў сэрыі зь лікам 3:2, але ў пятай гульні Абдул-Джабар, які набіраў у сярэднім 33 пункты за гульню ў той сэрыі[11], атрымаў траўму і ня здолеў згуляць у шостай гульні[9]. Трэнэр Лос-Анджэлесу Пол Ўэстгэд пастанавіў паставіць на ягонае месца цэнтравога Джонсана, і той згуляў выдатную гульню. З 42 пунктамі, 15 падборамі, 7 перадачамі і 3 перахопамі, каманда здабыла перамогу зь лікам 123:107, а сам Джонсан за час сустрэчы гуляў у цэнтры, а таксама быў форвардам і абаронцам[9]. Ён стаў першым і адзіным пачаткоўцам у гісторыі НБА, які быў уганараваны званьнем самага каштоўнага гульца фіналу НБА[9], а ягоны выдатны выступ у вырашальнай гульні дасюль лічыцца адным з найлепшых у гісторыі лігі[12][13]. Баскетбаліст таксама стаў адным з чатырох гульцоў у гісторыі, якія здабылі перамогу ў чэмпіянаце NCAA, а налета рабіліся чэмпіёнамі НБА[14].
У пачатку сэзону 1980—1981 гадоў Джонсан быў траўмаваны. Праз надрыў храстка ў левым калене ён прапусьціў ажно 45 гульняў[10]. Спартовец акрыяў незадоўга да пачатку плэй-оф, але занадта хуткае вяртаньне Джонсана зрабіла каманду ўразьлівай[15]. У першым раўндзе плэй-оф «Лэйкерз» сустрэліся з «Г’юстан Рокетс». У выніку каманда Джонсана прагуляла сэрыю зь лікам 2:1, а сам гулец даў пудла з вырашальным кідком у канцы трэцяй сустрэчы[16].
Улетку 1981 году Джонсан склаў 25-гадовы кантракт з «Лэйкерз» на суму 25 мільёнаў даляраў. Гэтая дамова сталася рэкорднай у гісторыі прафэсійнага спорту на той час[17]. Перад пачаткам сэзону Джонсан і Ўэстгэд пасварыліся, бо Мэджык назваў гульню сваёй каманды «занадта павольнай і простай да чытаньня»[18]. Пасьля гэтага гулец выказаў жаданьне зьмяніць каманду, але ў справу ўмяшаўся ўладальнік клюбу, які звольніў Ўэстгэда і прызначыў на месца галоўнага трэнэра Пэта Райлі. Не зважаючы на тое, што Джонсан адмаўляў сваю датычнасьць да звальненьня Ўэстгэда[19], нават ягоныя прыхільнікі крытыкавалі Джонсана[20]. У той сэзон Мэджык набіраў у сярэднім 18,6 пунктаў, стаўшы трэцім гульцом у гісторыі НБА пасьля Ўілта Чэмбэрлена і Оскара Робэртсана, якія назьбіралі ня менш за 700 пунктаў, зрабілі 700 падбораў і зрабіў 700 перадачаў за адзін сэзон[21]. Баскетбаліст таксама быў улучаны ў другую каманду матчу ўсіх зорак НБА. У плэй-оф НБА 1982 году «Лэйкерз» дакрочылі да фіналу, дзе сустрэліся зь «Філадэлфіяй» у другі раз за тры гады. Каліфарнійцы перамаглі ў сэрыі зь лікам 4:2, а Джонсан зрабіў трыпл-дабл у 6-й гульні фіналу і атрымаў другую ўзнагароду самага каштоўнага гульца фіналу НБА[22].
Паводле вынікаў сэзону 1982—1983 гадоў, у якім Джонсан зьбіраў у сярэднім 16,8 пунктаў, рабіў 10,5 перадачаў і 8,6 падбораў за гульню. Спартовец упершыню быў улучаны ў першую каманду ўсіх зорак НБА[10]. У плэй-оф «Лэйкерз» зноў трапілі ў фінале на філадэлфійскую каманду, у складзе якіх блішчэў цэнтравы Мозэс Мэлоўн[23]. Празь вялікую колькасьць траўмаў каманда Джонсана саступіла ў сэрыі, а Мэлоўн быў уганараваны прызам самага каштоўнага гульца фіналу НБА[23].
У сваім пятым сэзоне ў НБА Джонсан зьбіраў у сярэднім 17,6 пунктаў, рабіў 13,1 перадачаў і 7,3 падбораў за гульню[10]. «Лэйкерз» у трэці раз запар прасунуліся да фіналу, дзе Мэджык упершыню сустрэўся ў сэрыі плэй-оф з «Бостан Сэлтыкс» Лары Бэрда[24].
Лос-Анджэлес выгуляў першую гульню і вёў у ліку 2 пункты за 18 сэкундаў да канца ў другой сустрэчы, але Джэралд Гэндэрсан ураўнаў лік за некалькі сэкундаў да канца гульні. «Лэйкерз» у выніку прагулялі ў авэртайме зь лікам 124:121[24]. У трэцяй гульні Джонсан зрабіў 21 галявую перадачу і дапамог сваёй камандзе перамагчы зь лікам 137:104, але ў чацьвертым матчы некалькі грубых памылак лідэра «Лэйкерз» змусілі каманду зазнаць паразу. Гэтак, на апошніх хвілінах матчу цэнтравы «Сэлтыкс» Робэрт Пэрыш адабраў мяч у Джонсана. Акрамя таго, Мэджык не закінуў мяч у кошык з двух штрафных кідкоў у апошнім адрэзку сустрэчы. У вырашальнай сёмай гульні «Лэйкерз» не хапала тры пункты за хвіліну да канца гульні. У гэты момант Мэджык страціў мяч, чым скарыстаўся абаронца супернікаў Дэніс Джонсан[24]. У рэшце рэшт, Бостан перамог у сэрыі зь лікам 4:3. Сябры Мэджыка Джонсана, Айзэя Томас і Марк Агірэ, усяляк суцяшалі спартоўца, размаўляючы зь ім да самай раніцы ў нумары бостанскага гатэля[25]. У фінальнай сэрыі Джонсан зьбіраў у сярэднім 18,0 пунктаў, рабіў 13,6 перадачаў і 7,7 падбораў за гульню[26]. Пазьней Джонсан казаў, што той чэмпіянат яны мусілі выгуляць, але не зрабілі гэтага[27].
У сэзоне 1984—1985 гадоў Джонсан працягнуў быць лідэрам каманды, зноў трапіўшы зь ёй у фінал. Як і летась, супернікам каліфарнійцаў стаў «Бостан Сэлтыкс». У першай гульні фіналу «Бостан» разграміў сваіх супернікаў і ўсталяваў рэкорд фіналаў НБА, закінуўшы ў кошык супернікаў мячоў на 148 пункты і атрымаўшы перамогу зь перавагай у 34 пункты[28]. У гэтай сэрыі сапраўдным героем «Лэйкерз» стаў 38-гадовы Абдул-Джабар, які поруч з Джонсанам выцягнулі каманду і здабылі чарговы тытул для сваёй каманды.
У наступным сэзоне Джонсан быў на высокім узроўні, набіраючы ў сярэднім 18,8 пунктаў, робячы 12,6 перадачаў і 5,9 падбораў за гульню[10]. «Лэйкерз» дакрочылі да фіналу Заходняй канфэрэнцыі, але саступілі «Г’юстан Рокетс» у пяці гульнях[29]. У сэзоне 1986—1987 гадоў Мэджык усталяваў асабісты рэкорд выніковасьці, робячы за гульню 23,9 пунктаў, даючы 12,2 перадачы і вызначаючыся 6,3 падборамі за гульню[10]. Па заканчэньні сэзону гулец упершыню быў узнагароджаны прызам самага каштоўнага гульца НБА[20][30]. У плэй-оф «Лэйкерз» дайшлі да фіналу, дзе ім зноў супрацьстаяў «Бостан». Джонсан, у прыватнасьці, практычна сам-адзін выратаваў чацьверты матч сэрыі, закінуўшы вырашальны мяч. «Лэйкерз» здабылі перамогу ў гэтай сэрыі зь лікам 4:2, а Мэджык у трэці раз быў узнагароджаны ўзнагародай самага каштоўнага гульца фіналу НБА.
Перад пачаткам сэзону 1987—1988 гадоў трэнэр «Лэйкерз» Пэт Райлі публічна заявіў, што каманда павінна абараніць тытул, здабыты ў папярэднім сэзоне. Такога не здаралася з часоў «Сэлтыкс» канца 1960-х гадоў[31]. Джонсан згуляў яшчэ адзін выдатны сэзон, зьбіраючы ў сярэднім 19,6 пунктаў, рабіў 11,9 перадачаў і 6,2 падбораў за гульню[10]. У плэй-оф НБА 1988 году «Лэйкерз» дакрочылі да фіналу НБА ва ўпартай сэрыі, перамогшы «Юту Джаз» і «Далас Мавэрыкс» з аднолькавым лікам 4:3. У фінале яны сустрэліся з «Дэтройт Пістанз»[32], якіх клічылі «дрэннымі хлопцамі» за жорсткі стыль гульні[33]. У рэшце рэшт Лос-Анджэлес здабылі перамогу зь лікам 108:105, абараніўшы чэмпіёнскі тытул. Не зважаючы на тое, што Джонсан не атрымаў узнагароды самага каштоўнага гульца, ён згуляў вельмі моцны сэзон, набіраючы ў сярэднім 21,1 пункт, робячы 13,0 перадачаў і 5,7 падбораў за гульню пры 55% выніковасьці кідкоў з гульні.
У сэзоне 1988—1989 гадоў Джонсан быў уганараваны сваім другім званьнем самага каштоўнага гульца. У плэй-оф 1989 году «Лэйкерз» дайшлі да фіналу, дзе ім зноў супрацьстаяў «Пістанз». Аднак пасьля таго, як Джонсан атрымаў траўму ў другой гульні сэрыі, «Лэйкерз» больш не давалі рады і прагулялі «Дэтройту» зь лікам 4:0 у сэрыі[34]. Перад пачаткам сэзону 1989—1990 гадоў Карым Абдул-Джабар аб’явіў аб завяршэньні прафэсійнай кар’еры. Але нават без таварыша-супэрзоркі Джонсан згуляў вельмі моцны сэзон. Ён атрымаў сваю трэцюю ўзнагароду самага каштоўнага гульца НБА, зьбіраючы ў сярэднім 22,3 пункты, робячы 11,5 перадачаў і 6,6 падбораў за гульню[10]. Тым ня менш, каманда спыніла свой рух у паўфінале канфэрэцыі. Гэта быў самы раньні вылет «Лэйкерз» з плэй-оф за дзевяць гадоў[35].
Джонсан гуляў на сваім звычайным высокім узроўні ў сэзоне 1990—1991 гадоў, набіраючы ў сярэднім 19,4 пунктаў, робячы 12,5 перадачаў і 7,0 падбораў за гульню, а ягоны «Лэйкерз» дакрочыў да фіналу, дзе каманду чакаў «Чыкага Булз» з Майклам Джорданам[36]. Не зважаючы на тое, што сэрыя разглядалася як суперніцтва паміж Джонсанам і Джорданам[37], форвард «Булз» Скоці Піпэн адыграў ключавую ролю ў фінале. Ягоная эфэктыўная гульня ў абароне супраць Джонсана, а таксама майстэрства Джордана прывялі «Чыкага» да перамогі ў сэрыі зь лікам 4:1[20]. У сваёй апошняй, як аказалася, фінальнай сэрыі Мэджык зьбіраў 18,6 пунктаў, рабіў 12,4 перадачаў і 8,0 падбораў у сярэднім за гульню.
Мэдычны агляд перад пачаткам сэзону 1991—1992 гадоў выявіў, што Джонсан хварэе на ВІЧ. 7 лістапада 1991 году на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі Джонсан абвесьціў, што сыходзіць з прафэсійнага спорту. Ён таксама заявіў, што ягоная жонка Кукі і іхняе ненароджанае дзіця ня былі заражаныя вірусам, і што ён прысьвеціць рэшту свайго жыцьця барацьбе з гэтай сьмяротнай хваробай[38]. Спартовец спачатка сказаў, што ня ведае, як захварэў, але пазьней прызнаўся, што цягам сваёй кар’еры меў мноства сэксуальных стасункаў з рознымі партнэркамі[39]. Паведамленьне аб тым, што Джонсан атрымаў станоўчы вынік на ВІЧ, шырока абмяркоўвалася ў ЗША.