Сьвятла́на Алякса́ндраўна Алексіе́віч (нар. 31 траўня 1948 году; цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) — расейскамоўная пісьменьніца Беларусі. У 2015 годзе стала першай ляўрэаткай ад Беларусі Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры[6] «за яе поліфанічную творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час»[7].
Нарадзілася 31 траўня 1948 году ў Станіслававе (УССР, цяпер Украіна). Бацька — беларус, вайсковец-лётчык, маці — украінка[8]. У 1961 годзе сям’я пераехала ў Петрыкаўскі раён (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР; цяпер Беларусь). Бацька стаў дырэктарам Капаткевіцкай сярэдняй школы і настаўнікам гісторыі, маці працавала настаўніцай нямецкай мовы[9]. У 1965 годзе скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу Петрыкаўскага раёну, працавала выхавальніцай Асавецкай школы-інтэрнату, затым настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёну. У 1966 годзе працавала ў раённай газэце «Прыпяцкая праўда» (Нароўля). У 1967 годзе паступіла на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якое скончыла ў 1972 годзе. Пазьней накіраваная ў раённую газэту «Маяк камунізму» (Бяроза). У 1973—1976 гадах працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976—1984 — загадчык аддзелу нарысу й публіцыстыкі часопісу «Нёман». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989). Сябра СП СССР (з 1983). З пачатку 2000-х гадоў у эміграцыі, жыла ў Італіі, затым у Францыі й Нямеччыне. З 2013 году жыла ў Менску[10].
У 2020 годзе падтрымала пратэсты беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня, праз што мусіла выехаць у Нямеччыну. Па расейскім уварваньні ва Ўкраіну ў 2022 годзе падтрымала пазыцыю прадстаўнікоў беларускага народу (у тым ліку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі) пра тое, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй[11][12][13]. У 2024 годзе прызнала, што беларускі палітык Зянон Пазьняк меў рацыю ў сваім артыкуле «Аб расейскім імпэрыялізьме і яго небясьпецы»: «Так, трэба прызнаць, што Зянон меў рацыю. Мы верылі ў Расею. Я памятаю, як мы чакалі дапамогі ад Расеі, ад расейскай інтэлігенцыі»[14].
Дэбютавала ў 1975 годзе. У пэрыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакумэнтальных кніг «У вайны не жаночае аблічча» («У войны — не женское лицо», 1985), «Апошнія сьведкі» («Последние свидетели», 1985), «Цынкавыя хлопчыкі» («Цинковые мальчики», часопіс «Дружба народов», 1990). Паводле кнігі «У войны — не женское лицо» напісала п’есу (пастаўленая ў многіх тэатрах Беларусі й за мяжой) і сцэнары аднайменнага цыклу дакумэнтальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і «Срэбным голубам» на міжнародным кінафэстывалі ў Ляйпцыгу), дакумэнтальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт зь вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і іншых. Аўтар п’есы «Марутка» (пастаўленая ў 1988).
У 1993 годзе выйшла кніга «Зачараваныя сьмерцю» — аповед пра самазабойцаў, тых, хто скончыў з сабой ці спрабаваў скончыць з сабой, ня вытрымаўшы зьнікненьня сацыялістычных ідэяў, сацыялістычнага мацерыка. У 1997 годзе С. Алексіевіч апублікавала дакумэнтальную аповесьць «Чарнобыльская малітва» пра сьвет пасьля Чарнобыльскай катастрофы.
У 2013 годзе выдадзеная кніга «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)». Кніга закранае значныя гістарычныя тэмы: нямецка-савецкую вайну, аўганска-савецкую вайну, Чарнобыльскую катастрофу, час «перабудовы» і распад СССР. У кнізе дасьледуюцца фэномэн мысьленьня савецкага чалавека, фэномэн сацыялізму, і выкладаецца аўтарская канцэпцыя найноўшага часу, які пісьменьніца называе «часам сэканд-гэнд»[15].
Крытыкавалася за наступныя заявы, зробленыя ў 2005 годзе[16]: «…адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы — гэта Лукашэнка <…> наш [беларускі] народ у асноўным рускай [расейскай] сьвядомасьці <…> пакуль мы ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы [беларускай], мы ізноў загінем»[17].
У 2009 годзе палітык і грамадзкі дзяяч Зянон Пазьняк ахарактарызаваў Сьвятлану Алексіевіч як «чужога і варожага чалавека для беларускай справы», зьвяртаючы ўвагу на тое, што «за саветамі ніякай мінімальна крытычнай пазыцыяй да савецкага рэжыму яна не вызначалася; у часы беларускай нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыі 1988—1991 гадоў яе і зблізку ніхто ня бачыў каля Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага руху (і камэнтароў не давала)». Таксама Зянон Пазьняк зьвінаваціў Сьвятлану Алексіевіч у пашырэньні хлусьлівых зьвестак пра тое, што нібы ў прыватнай гутарцы зь ёй заклікаў «стварыць таварыства памяці паліцаяў, хто, маўляў, бараніў Беларусь»[a]. Таксама Пазьняк зьвінавачваў Алексіевіч у пашырэньні пра яго абсурдных зьвестак, падаючы наступную яе цытату: «Памятаю, як Пазьняк заклікаў беларусаў ісьці ў лясы, партызаніць і пускаць пад адхон цягнікі ў знак пратэсту супраць аб’яднаньня з Расеяй»[b][17].
26 красавіка 2016 году ў нямецкай «Штодзённай газэце»(de) (Бэрлін) выйшла інтэрвію з Алексіевіч, у якім тая зрабіла беларусафобнае выказваньне: «Беларусы маюць рабскі мэнталітэт»[20].
У 2016 годзе крытыкавалася за набыцьцё кватэры ў г. зв. «Доме Чыжа»[21], пры пабудове якога адбылося зьнішчэньне аўтэнтычных падмуркаў дому, дзе нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч і, увогуле, грубае парушэньне закону Беларусі аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны, а сам гмах сваімі памерамі і разьмяшчэньнем зьнішчыў панараму і пэрспэктыву гістарычнага цэнтру Менску[22].
У 2019 годзе Зянон Пазьняк адзначыў, што Сьвятлана Алексіевіч «зьмяніла рыторыку, хаця сама не зьмянілася. Аб’ектыўна гэта добра. Яна нават пару разоў у абарону мовы беларускай выказалася. Гэты факт я ўспрымаю станоўча, таму што ўсё ж такі ляўрэат Нобэля. Да такога чалавека прыслухоўваюцца, што б ён ні сказаў»[23].