Афанасій Вялікі | |
---|---|
Αθανάσιος | |
| |
Дата нараджэння | 296[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 мая 373 ці 373[3] |
Месца смерці | |
У ліку | Свяціцель |
Дзень памяці |
18 студзеня і 2 мая (па юліянскім календары) у Праваслаўнай царкве 2 мая ў Каталіцкай царкве |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Афана́сій Вялі́кі (каля 298—373) — адзін з грэчаскіх айцоў царквы, які належаў да Александрыйскай школы патрыстыкі. Архіепіскап Александрыйскі, пераемнік епіскапа Аляксандра. Вядомы як адзін з найбольш энергічных праціўнікаў арыянства. К 350 году ён застаўся адзіным праваслаўным неарыянскім епіскапам ва ўсходняй палове Рымскай імперыі.
Дата нараджэння Афанасія не вядомая, большасць даследчыкаў лічыць, што ён нарадзіўся ў перыяд 296—298 гадоў. У адным копцкім тэксце гаворыцца пра тое, што на момант узыходжання Афанасія на Александрыйскую кафедру (328 год) яму было 33 гады, што дазваляе лічыць верагодным часам нараджэння 295 год. Аднак шэраг крыніц паказвае, што на той час ён не дасягнуў нават 30 гадоў, што зрушвае год нараджэння за 298 год. Гісторыя александрыйскіх патрыярхаў паведамляе пра хрышчэнне Афанасія і яго маці епіскапам Аляксандрам[5].
Перад атрыманнем дыяканскага сану Афанасій на працягу 6 гадоў быў чытальнікам. У 325 годзе ён суправаджаў епіскапа Аляксандра, як яго сакратар на Першым Нікейскім саборы, дзе актыўна ўдзельнічаў у спрэчках пра прыроду Хрыста, адстойваючы яго адзінасутнасць — гэтыя спрэчкі прывялі да фармулёўкі Нікейскага Сімвала веры, аўтарства якога ў некаторых пазнейшых крыніцах памылкова прыпісваецца Афанасію.
У 326 годзе пасля смерці Аляксандра быў выбраны епіскапам Александрыі, працягнуў актыўную барацьбу супраць арыянства, аднак пасля выкліку са ссылкі імператарам Канстанцінам спачатку епіскапа Еўсевія Нікамедыйскага, які прытрымваўся арыянскіх поглядаў, а затым і самога Арыя ў 330 годзе, арыянства стала падтрымлівацца дзяржавай. Афанасій адмовіўся прызнаць раўнапраўнае суіснаванне арыянскай і артадаксальнай галін хрысціянства, адмовіўшы арыянам у прыняцці ў александрыйскую царкоўную абшчыну.
У 335 годзе Афанасій быў асуджаны Цірскім саборам па абвінавачванні ва ўдзеле ў забойстве мялеціянскага епіскапа Арсенія і сасланы ў Трыр, быў вернуты з выгнання пасля смерці імператара Канстанціна ў 337 годзе. У час ссылкі пазнаёміўся са свяціцелем Сервацыем, які стаў адным з яго абаронцаў у спрэчках з арыянамі на Сердыкійскім саборы.
Паўторна выгнаны з Александрыі ў 340 годзе, пасля смерці александрыйскага епіскапа Грыгорыя ў 345 годзе вярнуўся на александрыйскую кафедру. Асуджаны Міланскім саборам 356 года, пасля чаго бег з Александрыі ў верхні Егіпет, дзе хаваўся да смерці імператара Канстанцыя ў 361 годзе.
Імператар Юліян, пераемнік Канстанцыя, абвясціў пра свабоду веравызнання, зраўнаваўшы, у тым ліку, язычніцтва і любыя галіны хрысціянства; Афанасій, скарыстаўшыся гэтым рашэннем, вярнуўся ў Александрыю.
У 365 годзе пасля смерці Юліяна, да ўлады прыйшоў імператар Валент, які выдаў эдыкт пра выгнанне епіскапаў, сасланых Канстанцыем; Афанасій, асцерагаючыся праследавання, ізноў бег з Александрыі, аднак праз чатыры месяцы эдыкт быў адменены і Афанасій вярнуўся ў Александрыю, дзе займаў епіскапскую кафедру да канца сваіх дзён, пасля смерці Афанасія кафедру атрымаў у спадчыну яго пляменнік Пётр Александрыйскі.
Тэксты Афанасія галоўным чынам сканцэнтраваны на хрысталогіі і абароне адзінасутнасці Бацькі і Сына ў палеміцы з арыянамі. Існуе, аднак, прынамсі два тэксты, у якіх Афанасій звяртаецца да пытання пра зыходжанне Святога Духа: Contra Arianos, напісаны падчас ссылкі Афанасія ў Рым (каля 339—346), і Epistula ad Serapionem, складзеная дзесяццю гадамі пазней (каля 357—358).
Epistula… напісана ў палеміцы з прыхільнікамі ерасі духаборства (стар.-грэч.: πνευματομαχία), якіх Афанасій называе «тропікамі» (стар.-грэч.: τροπικοί, ад стар.-грэч.: τρόπος — фігура мовы), чыё тлумачэнне слоў са Свяшчэннага Пісання прывяло іх да высновы, што Святы Дух не боская, а створаная істота. Афанасій, кажучы пра адносіны ўнутры Тройцы, сцвярджае, што Дух мае такія ж суадносіны прыроды і парадку ў адносінах да Сына, якія Сын мае ў адносінах да Бога Айца, тым самым абараняючы боскасць Духа[6].
У Contra Arianos Афанасій прыкладае намаганні для пераадолення некаторых субардынацыянісцкіх тэндэнцый у трынітарным багаслоўі, якія ёсць у Арыгена, у той жа час паказваючы на некаторы парадак адносін Асоб у Тройцы. Пазней яго выказванні будуць тлумачыцца ў асяроддзі лацінскага багаслоўя як аргумент на карысць ідэі пра зыходжанне Духа не толькі ад Бацькі, але і ад Сына (філіёквэ).
Афанасію памылкова прыпісваецца складанне Афанасьеўскага сімвала веры.