Памеранія Pommern | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
![]() Пруская Памеранія ў 1871 годзе |
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца |
Кольберг (1653—1668) Штаргард (1668—1722) Штэцін (1722—1945) |
|||
Плошча | 38 401 км² (1939)[1] | |||
Насельніцтва | 2 393 844 чал. (1939)[1] | |||
![]() |
Памеранія — правінцыя каралеўства Прусія і Свабоднай дзяржавы Прусія, якая існавала з 1815 па 1945 гады.
Памеранія мяжуе на захадзе з землямі Мекленбурга, а на поўначы мае ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
Нізінны раўнінны берагавы рэльеф да поўдня пераходзіць у больш пагорысты. Найбольшыя вышыні ў Памераніі — Шымрыцберг (256 метраў), Бургваль (239 метраў).
Клімат наваколляў Штэціна і вострава Руген мякчэйшы, чым клімат берагавой паласы ўсходняй Памераніі. Сярэдняя гадавая тэмпература ў Штэціне +8,4 °C, у Лаўэнбургу +7,2 °C, у Кесліне +7,1 °C; ападкаў у Штэціне 54 см, а ў Кесліне 66.
Галоўная рака Памераніі, Одэр, утварае шмат рукавоў, якія ўпадаюць у Балтыйскае мора (галоўныя — Пеенэ, Свінэ і Дывенаў), а каля горада Штэцін — Жаночае возера і Памеранскі гаф. Да сістэмы Одэра належаць таксама суднаходныя рэкі Іна, Укер і Пеенэ. З іншых рэк суднаходныя — Рэкніц, Рыкграбен, Рэга, Персантэ, Віпер, Стольпэ, Люпаў, Леба. Берагавыя азёры: Лебскае, Гардскае, Віцкае, Вітэрскае, Букаўскае, Ямундскае і Кампскае. У паўднёвай пагорыстай частцы таксама шмат азёр (Вірхаўскан, Драцыгскае, Вільмскае, Вялікае Любэ і інш.). Берагі ўсходняй Памераніі пакрыты дзюнамі, абрысы якіх часта змяняюцца.
Паводле вынікаў Вестфальскага міру, падпісанага ў 1648 годзе, Задняя Памеранія адышла да Брандэнбурга, а Пярэдняя Памеранія стала Шведскай Памераніяй.
Падчас шведска-польскай вайны (1655—1660 гады) і шведска-брандэнбургскай вайны (1674—1679 гады) тэрыторыя была акупавана варожымі войскамі. Брандэнбургскаму курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму I у 1678 годзе ўдалося захапіць усю Шведскую Памеранію. Пад ціскам Францыі паводле Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1679 года ён вымушаны быў адмовіцца ад заваяваных тэрыторый. Пасля заканчэння Паўночнай вайны (1700—1721 гады) Пярэдняя Памеранія на поўдзень ад рэкі Пенэ была ўключана ў Каралеўства Прусія.
У 1814 годзе ў адпаведнасці з Кільскім дагаворам Швецыя саступіла Шведскую Памеранію (за выключэннем Штральзунда, для якога быў усталяваны асобы рэжым) Даніі ў абмен на Нарвегію.
Падчас напалеонаўскіх войнаў Шведская Памеранія была акупавана Францыяй. Пасля паражэння Напалеона ў 1815 годзе шведская частка Пярэдняй Памераніі з востравам Руген сталі прускімі.
Прусія атрымала Памеранію 23 кастрычніка 1815 года. Адміністрацыйны лад правінцыі быў створаны ў адпаведнасці з выдадзеным 30 красавіка 1815 года дэкрэтам Карла Аўгуста фон Гардэнберга «Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzialbehörden»: правінцыю ўзначаліў обер-прэзідэнт з рэзідэнцыяй у Штэціне, а сама правінцыя была падзелена на тры рэгіёны. У 1818 годзе быў уведзены таксама падзел на акругі.
3 кастрычніка 1824 года адбылося першае пасяджэнне правінцыйнага ландтага, у які ўвайшло 25 прадстаўнікоў дваранства, 16 прадстаўнікоў ад гарадскіх кругоў і 8 — ад сельскага насельніцтва.
Калі ў 1918 годзе па выніках Першай сусветнай вайны была ўтворана незалежная Польшча, то са складу правінцыі новай дзяржаве перайшло 9,5 км² тэрыторыі, але затое да правінцыі было далучана 74 км² былой Заходняй Прусіі.
У 1945 годзе правінцыя стала полем бою падчас Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацый Савецкай арміі.
У адпаведнасці з умовамі Патсдамскага пагаднення 1945 года, землі правінцыі на ўсход ад Одэра, а таксама частка левабярэжных земляў на поўнач ад Гарца (са Штэцінам і Свінемюндэ) адышлі Польшчы. Тэрыторыі, якія ўвайшлі ў склад ГДР, былі аб’яднаны з Мекленбургам у зямлю Мекленбург-Пярэдняя Памеранія; у Польшчы на былых памеранскіх землях былі створаны Шчэцінскае і Кашалінскае ваяводствы.
Цяпер частка Польшчы, меншая частка ўваходзіць у склад федэральнай зямлі Германіі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.
Дагэтуль вельмі распаўсюджаны старадаўні падзел на пярэднюю Памеранію (Vorpommern) — на захад ад Одэра, і заднюю Памеранію (Hinterpommern) — на ўсход ад Одэра. Штральзундскую акругу часам называюць Шведскай Памераніяй, з прычыны таго, што да 1815 года яна належала Швецыі.
Фабрыкі па вытворчасці паперы і апрацоўцы драўнянай масы, шкляныя заводы. Галоўныя гандлёвыя пункты: Штэцін, з гаванню Свінемюндэ, Штральзунд, Грайфсвальд, Вольгаст, Анклам, Кольберг, Штольп.
У 1893 годзе ў памеранскія гавані ўвайшло 6555 караблёў, умяшчальнасцю ў 1966718 рэг. тон, у тым ліку 4365 паравых, умяшчальнасцю ў 1806509 рэг. тон, а адбыло 6557 караблёў, умяшчальнасцю ў 1984521 рэг. тон, у тым ліку паравых 4376, умяшчальнасцю ў 1821394 рэг. тон.
Памеранскім суднаўладальнікам належала, па стане на 1894 год, 482 марскіх суднаў, умяшчальнасцю ў 86026 рэг. тон, у тым ліку 114 паравых, з 37405 рэг. тонамі.
У германскі парламент Памеранія пасылала 14 дэпутатаў, раней у прускі ландтаг — 26.
Універсітэт (у Грайфсвальдзе), 19 гімназій, 4 рэальныя гімназіі, 2 прагімназіі, 5 рэальных прагімназій, ваеннае вучылішча (у Анкламе), 2 сельскагаспадарчыя вучылішчы, 7 настаўніцкіх семінарый, 3 інстытуты для глуханямых і 2 для сляпых.