Homo antecessor

 Homo antecessor
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Homo antecessor Bermudez de Castro et al., 1997


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  4454113
FW  83085
Адбіткі ў Хейсбара

Homo antecessor (Чалавек-папярэднік[1] або чалавек які папярэднічае[2] ) — выкапнёвы від людзей, які існаваў у перыяд ад 1,2 млн. да 800 тыс. гадоў назад. Вядомы па раскопках у Атапуэрке. Homo antecessor лічыцца самым старажытным гамінідам Еўропы (старэй толькі Homo georgicus, выяўлены ў Грузіі недалёка ад пасёлка Дманісі — яго ўзрост дасягае 1,7—1,8 млн гадоў).

Месца ў эвалюцыйным ланцугу

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з меркаваннем большасці антраполагаў, Homo antecessor — прамы папярэднік гейдэльбергскага чалавека, і, магчыма, агульны продак неандэртальца і чалавека разумнага. Падабенства з Homo georgicus дазваляе бачыць у ім архаічны падвід Homo erectus.

Знешні выгляд

[правіць | правіць зыходнік]

Галава H. antecessor валодала незвычайнай сумессю характэрных рысаў неандэртальца і сучаснага чалавека. У іх былі буйныя надброўныя дугі, доўгая і нізкая чэрапная скрынка, масіўная ніжняя сківіца без падбародка і буйныя зубы, як у неандэртальца. Твар, наадварот, быў адносна плоскім і не выдаваўся наперад, то бок быў падобным на твар сучаснага чалавека. Рост — 1,6—1,8 м, вага дарослага мужчыны — прыкладна 90 кг, аб'ём мозгу — каля 1000 см³. Згодна з Хуанам Арсуаге, які абапіраецца на вынікі тамаграфічных даследаванняў, Homo antecessor быў праўшой, што вылучае яго з шэрагу прыматаў-папярэднікаў.

Гісторыя адкрыцця

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню падвід быў апісаны ў 1997 годзе на аснове знаходак (рэшткі падлетка невядомага полу, 10-12 гадоў), выяўленых у 1994 годзе ў гарах Атапуэрка на тэрыторыі Іспаніі. Узрост знаходак датаваўся лічбай 800 тыс. гадоў. У пячорах Атапуэркі старажытныя людзі жылі даволі доўга, і там назапасілася вялікая колькасць расколатых костак жывёл, якіх ужывалі ў ежу. У старажытных смеццевых кучах сярод костак коней, аленяў, насарогаў і іншых траваедных жывёл навукоўцы знайшлі косткі людзей. Усе яны, відавочна, былі расколатыя і разгрызены, як і косці жывёл. Даследчыкі мяркуюць, што сярод харчовых адходаў знаходзяцца рэшткі як мінімум адзінаццаці чалавек, прычым амаль усе яны былі дзецьмі і падлеткамі. Хасэ Марыя Бермудас дэ Кастра, кіраўнік праекта «Атапуэрка», якое ўваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, кажа, што мяркуючы па ўсім, у старажытных людзей не было недахопу ў ежы. Мясцовасць вакол пячор у тыя часы была вельмі ўрадлівай, траваедных жывёл, якія служылі здабычай старажытным людзям, было шмат. Склад смеццевых куч у пячорах таксама не сведчыць аб голадзе. Што прымусіла іх есці сабе падобных, прычым дзяцей, незразумела. На рытуальны канібалізм гэта не падобна — пасля рытуалу косткі наўрад ці б выкідвалі ў агульную кучу. Магчыма, што насельнікі Антапуэркі з'ядалі сваіх суседзяў з іншых пячор, захопленых падчас нападаў на іх.

У 2007 годзе экспедыцыяй Эудальда Карбанэля ў пячоры Сіма дэль Элефантэ (Іспанія) былі знойдзены новыя рэшткі дадзенага віду чалавека[3]. Знаходка прадстаўлена ў выглядзе сківіцы жанчыны[4] 30-40 гадоў і датавалася ўзростам 1,1—1,2 мільёна гадоў. У пячорных адкладах Сіма дэль Элефантэ выдзелена 13 паслядоўных слаёў. Сляды прысутнасці чалавека выяўленыя ў трэцім пласце знізу, прыкладна ў 4 м ад каменнага дна пячоры. У адным пласце з чалавечай сківіцай знойдзеныя косткі разнастайных дробных млекакормячых, у тым ліку мышападобных грызуноў і драпежнікаў з сямейства куніцыных. Па адзінаму абломку ніжняй сківіцы цяжка адназначна вызначыць відавую прыналежнасць знаходкі. Па шэрагу марфалагічных прыкмет гэтая сківіца нагадвае некаторых прадстаўнікоў віду Homo erectus і нават больш прымітыўнага Homo georgicus.

Таксама ў 2010 годзе, у Англіі былі знойдзеныя інструменты і рэшткі, узростам 950 тыс. гадоў, якія дазваляюць меркаваць, што Homo antecessor з'яўляецца найбольш раннім чалавекам, які пражываў у Паўночнай Еўропе[5].

У маі 2013 года на размытым морам беразе ў Хейсбара (Норфалк, Англія) былі знойдзеныя адбіткі чалавечых ног[6]. Яны з'яўляюцца найстарэйшымі адбіткамі ног, знойдзенымі за межамі Афрыкі (узрост 850 000-950 000 гадоў), і, верагодна, звязаныя з Homo antecessor[7].

Даследаванне зубнога каменя дазволіла ўсталяваць, што старажытныя людзі ўжывалі ў ежу злакавыя расліны (аб чым сведчаць гранулы крухмалу) і мяса[8][9][10] і не карысталіся агнём[11].

Зноскі

  1. Предшественники, предки неандертальцев
  2. Атапуэрка // Анкилоз — Банка. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2005. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 5-85270-330-3.
  3. В Испании найдены останки древнейших обитателей Европы Архівавана 21 красавіка 2013.
  4. Найдены останки первой европейской женщины(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2008. Праверана 11 снежня 2017.
  5. Ископаемые останки и инструменты также были обнаружены в Англии.
  6. Kennedy M. 850,000-year-old human footprints found in Norfolk. The Guardian. 7 февраля 2014.
  7. Ashton N., Lewis S. G., De Groote I., Duffy S. M., Bates M., et al. (2014) Hominin Footprints from Early Pleistocene Deposits at Happisburgh, UK. Public Library of Science 9(2): e88329. doi:10.1371/journal.pone.0088329.
  8. Karen Hardy et al. Diet and environment 1.2 million years ago revealed through analysis of dental calculus from Europe’s oldest hominin at Sima del Elefante, 15 December 2016.
  9. Древнейшие европейцы ели злаки и ковырялись в зубах, но не знали огня
  10. Во рту первого европейца нашли сломанную зубочистку Архівавана 20 снежня 2016.
  11. Raw foodies: Europe’s earliest humans did not use fire. December 14, 2016.