Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта (HU Berlin) | |
---|---|
Humboldt-Universität zu Berlin | |
Арыгінальная назва | Humboldt-Universität zu Berlin |
Міжнародная назва | Humboldt University of Berlin |
Заснаваны | 1810 |
Тып | Дзяржаўны |
Прэзідэнт | Крыстаф Маркшыс |
Рэктар | Julia von Blumenthal[d] |
Студэнты | 35 787 (зіма 2008\2009) |
Краіна | |
Размяшчэнне | Берлін, Германія |
Узнагароды | |
Сайт | www.hu-berlin.de |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта (ням.: Humboldt-Universität zu Berlin, скар. HU Berlin, лац.: Alma Mater Berolinensis) — найстарэйшы з чатырох універсітэтаў Берліна. Заснаваны 16 жніўня 1809 года па ініцыятыве Вільгельма фон Гумбальта. У 1828 годзе атрымаў назву Універсітэт Фрыдрыха Вільгельма ў гонар прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III, у валадаранне якога быў заснаваны; у 1949 годзе пераназваны ў гонар братоў Гумбальтаў.
Заняткі ва ўніверсітэце пачаліся ў 1810 годзе, на той момант было залічана 256 студэнтаў. У 2008 годзе іх было 34 612.
У XIX стагоддзі ўніверсітэт быў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх навуковых цэнтраў.
Выкладанне вялося на юрыдычным, медыцынскім, філасофскім і тэалагічным факультэтах. Прыродазнаўчыя навукі былі ў той час часткай факультэта філасофіі. Першым рэктарам стаў Тэадор Шмальц.
Ініцыятыва па заснаванні ўніверсітэта зыходзіла ад найвядомых вучоных таго часу, першым чынам ад філосафа Іагана Готліба Фіхтэ і тэолага Фрыдрыха Шлеермахера.
Пад уплывам ідэй Шлеермахера дыпламат і мовазнавец Вільгельм фон Гумбальт распрацаваў канцэпцыю ўніверсітэта. З лютага 1809 года Гумбальт на працягу года быў начальнікам аддзела адукацыі ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Яго мэтай было ўвядзенне новай сістэмы адукацыі. Асноўным пастулатам яго канцэпцыі была цесная сувязь навучання і даследчай працы.
Першымі прафесарамі ўніверсітэта, якія падзялялі ідэі Гумбальта сталі Аўгуст Бек (філалогія), Альбрэхт Тэр (сельская гаспадарка), Карл Фрыдрых фон Савіньі (юрыспрудэнцыя), Крыстаф Вільгельм Хуфеланд (медыцына) і Карл Рытэр (геаграфія).
Універсітэт атрымаў у сваё распараджэнне пустуючы палац прынца Генрыха Прускага, пабудаваны ў 1748—1766 гадах. Шматкроць перабудаваны з тых часоў будынак і сёння з'яўляецца галоўным корпусам універсітэта.
Нягледзячы на перавагу традыцыйных прадметаў: археалогіі, філалогіі, гісторыі, медыцыны і тэалогіі, ва ўніверсітэце развіваліся і шматлікія новыя навуковыя кірункі ў вобласці прыродазнаўчых навук. Гэтым яны былі абавязаны, першым чынам, Аляксандру фон Гумбальту, брату заснавальніка ўніверсітэта. У другой палове XIX стагоддзя пачалося стварэнне сучасных даследчых і навучальных устаноў. Такія вядомыя даследчыкі як: хімік Аўгуст Вільгельм фон Гофман, фізікі Герман фон Гельмгольц, матэматыкі Эрнст Эдуард Кумер, Леапольд Кронекер, Карл Веерштрас; урачы Іаган Петэр Мюлер, Альбрэхт фон Грэфэ, Рудольф Вірхаў і Роберт Кох спрыялі навуковай славе ўніверсітэта далёка па-за межамі Германіі.
У горадзе ўзнікалі і іншыя, якія адносіліся да ўніверсітэта ўстановы.
У 1810 годзе з'явілася медыцынска-хірургічная ўніверсітэцкая клініка, затым у 1816 годзе радзільня, якая стала ў 1882 годзе першай жаночай клінікай. У 1910 годзе Фрыдрых I распарадзіўся пабудаваць перад гарадской брамай бальніцу для хворых чумой, якая стала ў 1927 годзе хірургічнай універсітэцкай клінікай.
Для прыродна-гістарычных сходаў, якія належаць з 1810 года ўніверсітэту, у 1889 годзе быў выдзелена асобны будынак, сёння Музей Прыродазнаўства. Заснаваная ў 1790 годзе ветэрынарная школа стала асновай факультэта ветэрынарнай медыцыны, а заснаваная ў 1881 годзе Вышэйшая сельскагаспадарчая школа — факультэтам сельскай гаспадаркі.
Часы нацыянал-сацыялізму пачаліся ў Берлінскім універсітэце з дыфамацыі вучоных і студэнтаў яўрэйскага паходжання. Лекцыі прафесараў-яўрэяў байкатаваліся, да слухачоў ужывалі фізічны гвалт. Пераследваліся і непажаданыя рэжыму прафесара. Удзел супрацоўнікаў і навучэнцаў універсітэта ў спаленні кніг 10 мая 1933 года стала ганьбой для ўніверсітэта. У наступныя гады нацыянал-сацыялістамі была звольнена трэць супрацоўнікаў, шматлікія вучоныя і студэнты назаўжды развіталіся з універсітэтам, які быў калісьці цэнтрам гуманістычнай думкі.
У студзені 1946 года ўніверсітэт ізноў адкрыўся. Заняткі вяліся толькі на сямі факультэтах у часткова разбураных вайной будынках, затым адкрыліся эканамічны і педагагічны факультэты. У 1948 годзе ў Заходнім Берліне ўзнік Свабодны ўніверсітэт Берліна, у якім вучыліся студэнты Берлінскага ўніверсітэта, незадаволеныя савецкім рэжымам.
У 1949 годзе Берлінскі ўніверсітэт стаў насіць імя Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта. У гэтым самым вялікім універсітэце ГДР навучалася да 1990 года амаль 150 тысяч студэнтаў. У ім выкладалі сусветна вядомыя вучоныя.
Пасля аб'яднання Германіі ў Берліне існавала 4 універсітэта. Была праведзена рэформа і пераарыентацыя ўніверсітэта.
З 1994 года ва ўніверсітэце існуе адзінаццаць факультэтаў і некалькі міждысцыплінарных цэнтраў і інстытутаў. Навучанне ва ўніверсітэце стала прэстыжным, так, напрыклад, у зімовым семестры колькасць абітурыентаў склала 25 750 чалавек на 3 455 навучальных месцаў. Навучальныя карпусы знаходзяцца ў цэнтры Берліна, у Адлерсгофе і ў паўночнай частцы Берліна. 14% студэнтаў складаюць замежныя студэнты з больш чым 100 краін. Кошт навучання ў зімовым семестры 2008—2009 года склаў 242,68 еўра, уключаючы праязны квіток.
З 2006 года ўніверсітэт пачаў он-лайнавы прыём аплікацыйных форм на навучанне.
Універсітэт падтрымлівае партнёрскія адносіны з больш чым 170 навуковымі ўстановамі па ўсім свеце.