ГАЗ-АА / ГАЗ-ММ | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | Горкаўскі аўтамабільны завод | |||||
Месца вытворчасці | Горкі | |||||
Гады выпуску | 1932–1950 | |||||
Колавая формула | 4х2 | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
ГАЗ-АА (вядомы таксама як «палу́тарка») — савецкі грузавы аўтамабіль, грузападымальнасцю 1,5 т. Выпускаўся з 1932 па 1950 год. Усяго выпушчана 985 000 асобнікаў ГАЗ-АА, ГАЗ-ММ і іх мадыфікацый.
Прадстаўляў сабой ліцэнзійную копію амерыканскага грузавіка Ford Model АА узору 1929, але пасля неаднаразова быў мадэрнізаваны.
У перыяд свайго выпуску аўтамабілі ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ з’яўляліся самымі распаўсюджанымі ў СССР. Да 1951 года кожны другі выраблены ў СССР аўтамабіль быў стандартным бартавым грузавіком ГАЗ-АА[1].
Неабходнасць у масавым грузавым аўтамабілі ўзнікла ў Савецкім Саюзе ў канцы 1920-х гадоў. Першыя амерыканскія грузавыя аўтамабілі Форд-АА узору 1927 пачалі паступаць у СССР ужо ў першай палове 1928 года[2]. У 1928—1929 гадах ўзоры аўтамабіляў «Форд АА» прайшлі ўсебаковыя выпрабаванні з мэтай выбару аптымальнай канструкцыі для вытворчасці.
З канца 1928 года пачаліся перамовы прадстаўнікоў СССР з Ford Motor Company і GMC. Дарэчы, перамовы былі і з іншымі кампаніямі аб продажы ліцэнзіі на выпуск падобных аўтамабіляў, але яны неслі хутчэй функцыю псіхалагічнага ўздзеяння на Форд дзеля атрымання больш выгадных умоў пагаднення[1].
У выніку ў Дзірборне (ЗША) 31 мая 1929 года быў падпісаны дагавор тэрмінам на 9 гадоў. З боку СССР дагавор быў падпісаны намеснікам старшыні ВСНГ СССР В.Межлаўкам і старшынёй «Амторга» С. Г. Бронам, а з амерыканскага боку — Генры Фордам.
Паводле дамовы савецкі бок атрымаў ад Ford Motor Company тэхнічную дапамогу пры пабудове і пуску новага завода, права на навучанне ў ЗША савецкіх спецыялістаў і практыкантаў ў колькасці 50 чалавек штогод. Таксама па дамове, у СССР за два гады павінны былі пабудаваць завод з поўным цыклам вытворчасці аўтамабіляў мадэляў «А» і «АА», а таксама некаторых мадыфікацый на іх базе. Савецкі бок таксама абавязаўся паведамляць Форду аба ўсіх паляпшэннях ў мадэлі, якія ўводзяцца савецкімі інжынерамі. У якасці аплаты савецкі бок браўся набыць на працягу чатырох гадоў 72 000 камплектаў дэталяў, з якіх да моманту пуску новага завода будзе праводзіцца зборка. Агульная сума паставак — 72 млн савецкіх рублёў [3](30 млн долараў) [2].
У 1935 годзе супрацоўніцтва ГАЗа і Ford Motor Company было спынена[1].
Першая сотня аўтамабіляў была сабрана ў СССР у Харкаве ў снежні 1929 года.
Затым, у пачатку 1930 года, для зборкі з амерыканскіх машынакамплектаў быў часова запушчаны «1-ы аўтазборачны завод» у Ніжнім Ноўгарадзе. У канцы таго ж года да яго далучыўся пабудаваны ў Маскве «2-і аўтазборачны завод ім. КІМ». Усяго ў зборцы аўтамабіляў мадэлі «АА» было задзейнічана ў агульнай складанасці шэсць заводаў[1]. У 1929—1931 гадах сіламі Харкаўскага, Ніжагародскага і Маскоўскага аўтазборачных заводаў з камплектаў, якія паступілі са Злучаных Штатаў, было сабрана 18 460 штук Ford Model AA.
29 студзеня 1932 года з канвеера Ніжагародскага аўтамабільнага завода сышоў першы грузавы аўтамабіль НАЗ-АА[4]. Першыя 3,5 тысячы машын НАЗ-АА з-за недахопу штампавальнага абсталявання былі выпушчаныя з кабінай на драўляным каркасе, абшытым фанерай.
З кастрычніка 1932 машына атрымала паўнавартасную металічную кабіну і практычна ў нязменным выглядзе выпускалася дзесяць гадоў.
У канцы 1932 года Ніжні Ноўгарад быў перайменаваны ў Горкі, і з пачатку наступнага года на заводзе марку аўтамабіляў змянілі на «ГАЗ». Тады ж з’явілася і эмблема: металічны авал з буйным надпісам «ГАЗ», пад ёй дробнымі друкаванымі — «ім. Молатава», з сярпом і молатам па баках.
У 1938 годзе ГАЗ-АА быў мадэрнізаваны — усталявалі больш магутны рухавік, уніфікаваны з легкавой мадэллю ГАЗ-М-1. Абноўлены аўтамабіль атрымаў пазначэнне ГАЗ-ММ. Па сутнасці, ГАЗ-ММ прадстаўляў мадыфікацыю з новым рухавіком і каробкай перадач. У 1940 годзе абодва варыянты «палутаркі» выпускаліся паралельна, а цалкам на мадэль ММ завод перайшоў толькі ў 1942 годзе, калі была згорнутая вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Знешніх адрозненняў паміж ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ не было.
У 1939 годзе зборку «палутарак» перадалі з КІМа на былы Растоўскі аўтарамонтны завод.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны з-за недахопу тонкай халоднакатанай сталі і шэрагу камплектуючых, якія пастаўляліся іншымі прадпрыемствамі, канструкцыя ГАЗ-ММ была перагледжана зыходзячы з сыравінных і тэхналагічных магчымасцяў ваеннага часу. Спецыяльныя індэксы спрошчаным аўтамабілям не прысваіваліся[3], аднак часта ўжываецца ўмоўнае пазначэнне ГАЗ-ММ-В[6].
Машына падвергнулася максімальнаму спрашчэнню. Аўтамабіль пазбавіўся металічнай кабіны, дзвярэй, буфера, перадачы задняга ходу, пярэдніх тармазоў і адной фары. Метал, дзе змаглі, замянілі дрэвам. Ветравое акно падзялілі напалову для замены ў выпадку рамонту на любы тып шкла. Платформа абсталёўвалася толькі заднім адкідвальным бортам[5][7].
З 1943 года паступова пачалі вяртаць аўтамабілю яго камплектнасць. Вярнуліся дзверы — спачатку дашчаныя, а пазней і стандартныя металічныя. Вярнуліся пярэднія тармазы, бампер, фара. Да канца вайны машына практычна здабыла сваё першапачатковае аблічча, аднак да канца выпуску так і засталіся гнутыя пярэднія крылы і дах, абабіты дэрмацінам.
За гады вайны Горкаўскі аўтазавод вырабіў 102 300 грузавікоў[8].
У 1947 годзе, каб часткова разгрузіць Горкаўскі аўтазавод, частку машынакамплектаў пачалі адпраўляць для зборкі ва Ульянаўск, дзе пасля наладзілі і поўны цыкл вытворчасці.
На ГАЗе апошняя «палутарка» сышла з канвеера 10 кастрычніка 1949 года[9]. З 1932 года на Горкаўскім аўтазаводзе было выпушчана 829.808 аўтамабіляў ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ. Пасля выпуск да 1951 года працягваўся ва Ульянаўску.
Усяго было выпушчана 985 000 асобнікаў ГАЗ-АА, ГАЗ-ММ і іх мадыфікацый.
ГАЗ-410 (на пачатку выпуску меў назву ГАЗ-С1) — самазвал на шасі ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ, грузападымальнасць 1,2 т. Аўтамабіль меў ўсталяваны на скарочанай раме металічны кузаў, які адкідваўся назад пад уздзеяннем сілы цяжару.
З 1936 па 1950 год быў выраблены 13 751 аўтамабіль. У цяперашні час вядомы толькі адзін ацалелы асобнік ГАЗ-410[10].
ГАЗ-ААА — трохвосевы (6х4) грузавы аўтамабіль падвышанай праходнасці, грузападымальнасць 2,0 т. Выпускаўся з 1934 па 1943 год. Выпушчана 37 373 аўтамабілі ГАЗ-ААА[11].
Хоць фармальна ГАЗ-ААА быў уніфікаваны з ГАЗ-АА, але фактычна з’яўляўся новай машынай — дэталі ГАЗ-ААА на 80 % адрозніваліся ад дэталяў ГАЗ-АА, што было выклікана неабходнасцю адмовы ад стандартных агрэгатаў з мэтай узмацнення тых ці іншых частак[12]. Арыгінальнымі былі: рама, масты і падвеска вазку, карданныя валы, радыятар, грузавая платформа і інш.
На базе ГАЗ-ААА серыйна таксама выпускаліся штабны аўтобус ГАЗ-05-193 (1936—1945)[13][14], а таксама серыйныя бранеаўтамабілі БА-6 (1936—1938, 394 адз.), БА-10А (1938—1939) і БА-10М (1939—1941, агулам 3 331 адз.).
ГАЗ-44 — газабалонавая версія на звадкаваным нафтавым газе. Балоны з газам размяшчаліся пад грузавой платформай. Першы савецкі серыйны аўтамабіль, што працуе на газавым паліве[19]. Выпушчаны малой прамысловай партыяй у 1939 годзе.
Рухач аўтамабіля прадстаўляў сабой дзве пары двускатных колаў з цэпавым прывадам ад стандартнага задняга моста і здымнай прагумаванай стужкай з фрыкцыйным зачапленнем аб шыны.
У 1939—1940 гады было выраблена 2 015 усюдыходаў[20].
У адрозненне ад амерыканскага Ford AA, на савецкім ГАЗ-АА быў узмоцнены картар счаплення, рулявы механізм, усталяваны паветраны фільтр. Была спраектавана новая грузавая платформа.
Асновай ГАЗ-АА служыла ланжэронавая рама, на якой усталёўваліся даволі лёгкія кузаў і кабіна. Пярэдняя частка кабіны (крылы, капот і рашотка радыятара) была ўніфікаваная з аўтамабілем ГАЗ-А[8].
Пад капотам размяшчаўся радны 4-цыліндравы рухавік з рабочым аб’ёмам 3,3 літра, які развіваў магутнасць 42 к.с. Падача паліва з бензабаку ажыццяўлялася самацёкам.
Каробка перадач была чатырохступеністай без сінхранізатараў. Пярэдняя і задняя восі былі падвешаныя да рамы праз рысоры: спераду стаяла адна папярочная, ззаду — дзве падоўжныя: перавернутая рысора замацаваная цэнтрам на раме, пярэднім канцом праз завушніцу — да рамы, а заднім канцом — да моста. Тармазы — механічныя з тросавым прывадам на ўсе колы.
Мадэрнізаваны аўтамабіль ГАЗ-ММ атрымаў 50-моцны рухавік — такі ж самы, што ставіўся на легкавы ГАЗ-М-1 . Акрамя рухавіка, падвергнуліся змяненню і некаторыя іншыя вузлы: рулявы механізм, мацаванне задніх рысор. З’явіліся новыя буксірны прыбор і мацаванне запаснога кола, слабы карданны шарнір быў заменены на больш надзейны тыпу «Спайсер».
Кабіна | Пярэдні мост на папярочна размешчанай паўэліптычнай рысоры | Задні мост на падоўжных паўэліптычных рысорах |
Тэхнічныя характарыстыкі | |||
---|---|---|---|
Мадыфікацыя | ГАЗ-АА | ГАЗ-ММ[21] | ГАЗ-ААА[11] |
Выпуск | 1932-1940 | 1938-1950 | 1934-1943 |
Тып | Бартавы грузавы аўтамабіль | ||
Колавая формула | 4×2 | 6×4 | |
Грузападымальнасць | 1500 кг | 2000 кг | |
Габарытныя памеры | |||
Даўжыня | 5335 мм | 5335 мм (спрошчаны ГАЗ-ММ-В — 5250 мм) |
5335 мм |
Шырыня | 2040 мм | ||
Вышыня | 1870 мм | 1900 мм | 1970 мм |
Колавая база | 3340 мм | 2730 + 940 мм | |
Дарожны прасвет | 200 мм | 230 мм | |
Рухавік | |||
Тып | Бензінавы, чатырохцыліндравы, радны | ||
Аб’ём | 3285 см³ | ||
Магутнасць | 40 к.с. | 50 к.с. | 40 к.с., з 1936 года — 50 к.с. |
Каробка перадач | |||
Тып | Механічная, 4 наперад, 1 назад. | Механічная, 8 наперад, 2 назад 2-хуткасная раздатачная каробка | |
Эксплуатацыйныя звесткі | |||
Макс. хуткасць | 70 км/г | 70 км/г | 65 км/г |
Выдатак паліва | 19,5 л/100 км | 19,5 л/100 км | 25 л/100 км |
Напярэдадні вайны ГАЗ-АА складаў 67 % усяго аўтапарка савецкай арміі. На 23 чэрвеня 1941 года ў Чырвонай арміі налічвалася 151 000 «палутарак»[1]. Да таго ж, з пачаткам вайны на фронт была дадаткова мабілізавана чвэрць ад агульнага ліку аўтамабіляў.
Маштабная мабілізацыя грузавога транспарту дала магчымасць у самыя кароткія тэрміны перакінуць з аддаленых куткоў краіны вялікія падмацаванні ваенных частак. У кузаве ГАЗ-АА можна было перавозіць 16 чалавек. Для перавозкі байцоў звычайныя грузавыя платформы абсталёўваліся здымнымі папярочнымі лаўкамі. Пры транспарціроўцы грузаў яны ўкладваліся на дно кузава. На ГАЗ-АА ставілі чатыры такія лаўкі. У непагадзь кузаў накрываўся тэнтам. Калі на аўтамабілі перавозілі станкавы кулямёт, то колькасць пасадачных месцаў памяншалася на два, а пры перавозцы яго ў баявым палажэнні — на чатыры. Пры неабходнасці грузавік мог перавозіць і зброю: у кузаве ГАЗ-АА размяшчалася палкавая гармата з перадком і разлікам.
ГАЗ-AA і ГАЗ-ММ таксама шырока ўжываліся і ў якасці шасі для спецнадбудоў. У кузавах гэтых машын усталёўвалі буйнакаліберныя кулямёты ДШК, счацвяроныя зенітныя ўсталёўкі «4М», першыя сістэмы запуску турбарэактыўных снарадаў МТВ, а шасі выкарыстоўваліся для палявых рамонтных майстэрняў тыпу А (ПМ-3), палівазапраўшчыкаў БЗ-42, бензаперапампоўваючых станцый БПС, сістэм радыёвыяўлення РУС-1, электрастанцый, аэрадромных стартэраў, аэрастатных лябёдак і інш.
Для перавозкі параненых выкарыстоўваліся санітарныя аўтобусы ГАЗ-55.
Выключна важную ролю ГАЗ-АА сыграў падчас блакады Ленінграда — «палутарка» была асноўным транспартам Дарогі жыцця — лядовай трасы, якая злучала Ленінград з Вялікай зямлёй. Дзякуючы сваёй лёгкай вазе, грузавікі курсіравалі па лёдзе Ладажскага возера да самага пачатку таяння, дастаўляючы грузы ў блакаваны горад, у той час як больш цяжкія машыны правальваліся пад лёд і танулі[5]. Забяспечваючы сувязь абложанага горада з навакольным светам, грузавікі штодня перавозілі ў абодва бакі каля 6 тыс. тон грузаў[22].
На аўтамабілі лягла асноўная нагрузка па дастаўцы ў акружаны Ленінград прадуктаў харчавання і боепрыпасаў і вывазу з яго знясіленых людзей. Толькі ў 1941 годзе было эвакуявана больш за 0,5 млн чалавек, дастаўлена прадуктаў харчавання і фуражу — больш за 271 тыс. тон, боепрыпасаў і ўзбраення — 32 тыс. тон, гаручазмазачных рэчываў — 35 тыс. тон, вугалю — 23 тыс. тон. Усяго — 361 тыс. тон розных грузаў[23].
У 1932—1950 гадах ў народную гаспадарку краіны і войска паступіла 908 000 стандартных грузавікоў ГАЗ-АА. З іх 40 тысяч былі ў выглядзе шасі для розных спецыяльных установак, ільвіная доля якіх прыйшлася на хлебныя фургоны, пажарныя лінейкі, перасоўныя майстэрні. Яшчэ 37 тысяч машын было сабрана ў выглядзе газагенератарных і газабалонавых версій.
Пасля зняцця з вытворчасці, аўтамабіль яшчэ 5 гадоў знаходзіўся на ўзбраенні Савецкай Арміі[9]. Асобныя экзэмпляры ГАЗ-АА і ГАЗ-ММ эксплуатаваліся аж да 70-х гадоў.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |