Назва Літва (Lituae) упершыню ўпамінаецца пад 1009 г. у Кведлінбурскіх аналах. У сярэдзіне 13 ст. на землях сучасных Беларусі і Літвы ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ).
Назва «Літва» (Lituae — род. скл. ад Litua) упершыню згадана ў Кведлінбургскіх аналах (Annales Quedlinburgenses) у 1009 г. у сувязі са смерцю каталіцкага прапаведніка св. Бруна на паграніччы Русі Rusciae і Літвы Lituae. Можна меркаваць, што зыходнай формай назвы была Litová з націскам на апошнім складзе, а ў вытворных ад яго прыметніках націск змяшчаўся на другі склад, адкуль старажытнарускі «литовскый», Litoviensis і т.п. Варыянт назвы «Літовія» (Lithovia, Lettowia ў лацінска- і нямецкамоўных крыніцах) утварыўся хутчэй за ўсё ў выніку другаснай трансфармацыі прыметніка ў назоўнік пісарамі, для якіх літоўская мова не была роднай. Відавочна, зыходная форма «Літава» ўтварылася па тых жа прынцыпах, што і заходнебалцкія Надрав? (Надровія), Карсав? (Карсовія), Судава, Дайнава. Падобная форма зафіксавана і ва ўсходнелітоўскім арэале — Дзевалтва. Паходжанне тэрміна не высветлена, ніводная са шматлікій версій не атрымала агульнага прызнання. Корань літ- (з варыянтамі лет-/лют-) дапускае розныя этымалогіі як у балцкіх і славянскіх, так і ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Сугучныя тапонімы вядомы з XII—XIII стст. на тэрыторыі Славакіі (Lytwa), Румыніі (Litua). Адна з версій звязвае тэрмін Літва з назвай рэчкі Латава, прытока р. Швянтойі (у Анікшчайскім раёне сучаснай Літоўскай рэспублікі). Фармулёўка граматы Міндоўга, выдадзенай адразу пасля яго каранацыі ў 1253 г. («дадзена ў Летовіі ў нашым двары») дазваляе некаторым аўтарам меркаваць, што існавала аднайменнае паселішча, у якім нібыта змяшчалася адна з яго рэзідэнцый, пазней — двор літоўскага біскупа. Яго звязваюць з гарадзішчам на той жа рэчцы Латава, дзе ў канцы XIV ст. прыгадваліся рэшткі замка Летаў (Lettow), ці з вёскай Літоўка каля Навагрудка. Але гэтыя меркаванні не маюць трывалай факталагічнай падставы.
Літоўскі мовазнавец Казімірас Кузавініс высунуў гіпотэзу [1] пра тое, што пачатак назве Літвы мог даць славянізаваны гідронім Lietauka. Так у наш час завецца правы прыток ракі Нерыс. Гэта невялікая рэчка, працягласцю каля 11 км, змешчаная ў 30 км ад Кернаве, важнага палітычнага цэнтра старажытнай Літоўскай дзяржавы.
У верасні 1237 года папскі легат Вільгельм Мадэнскі апісаў межы Курземэ, на частцы з іх — ад рэк Венты і Нёмана да Літвы і ад ракі Абавы да Земгале — было створана Курляндкае біскупства, а паўночна ўсходняя частка Курземэ — Фрэдэкуронія (мірная Куронія), якая не ўдзельнічала ў куршскім паўстанні — была далучана легатам да Рыжскага дыяцэза. Вільгельм Мадэнскі называе Літвою тэрыторыі, якія пазней сярод немцаў будуць болей вядомыя як Жамойць.[2]
Першы вядомы кіраўнік Літвы быў Міндоўг (1238—1263 г.), які ў 1251 хрысціў падуладную яму краіну, а ў 1253 быў каранованы. У 1261 зноў звярнуўся да язычніцтва. З 13-14 ст тэрыторыя ВКЛ значна павялічылася і дасягнула Чорнага мора. У гэты ж час літоўскія князі вядуць барацьбу з Тэўтонскім ордэнам, які быў разбіты ў 1410 аб’яднанымі войскамі Польшчы і Літвы (Грунвальдская бітва).
У 1385 г. вялікі князь літоўскі Ягайла падпісаў Крэўскую унію аб дынастычным саюзе паміж Полскім каралеўствам і Літвой, сам Ягайла стаў польскім каралём, у 1386 — каранованы. З 1392 ВКЛ пад уладай Вітаўта — брат і фактычны намеснік Ягайлы. Пры яго кіраванні (1392—1430 г.) ВКЛ дасягнула піка сваёй магутнасці. У канцы яго праўлення за Літвой канчаткова замацавалася назва Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае.
Казімір Ягелончык (1440—1492) пашырае міжнародны ўплыў Ягелонаў — падчыняецца Польскае каралеўства, Прусія, яго сын становіцца каралём Чэхіі і Венгрыі. У 1569 заключана унія з Польшчай у Любліне, паводле якой ВКЛ і Польскае каралеўства аб’ядноўваліся ў адну краіну Рэч Паспалітую, пад уладай аднаго ўладара. У канцы 16 — 18 стст. ВКЛ страчвае літоўска-беларускі характар, тут значнымі тэмпамі развіваецца польская культура.
У 18 ст., пасля Паўночнай вайны, Рэч Паспалітая страціла сваю магутнасць і заняпала. У 1772, 1793 і 1795 г. уся тэрыторыя краіны падзелена паміж Расійскай імперыяй, Аўстра-Венгерскай імперыяй і Прусіяй.
У Першую сусветную вайну Літва акупірвана германскімі войскамі (1915).
У сакавіку 1917 г. прадстаўнікі некалькіх літоўскіх палітычных партый, што дзейнічалі на тэрыторыі Расійскай імперыі (за час вайны там апынулася вялікая частка насельніцтва Літвы), утварылі ў Петраградзе Літоўскі нацыянальны савет, які прызнаў, што «Літва павінна быць вылучана ў самастойную адміністрацыйную адзінку, прычым кіраванне Літвой павінна быць даручана органам і асобам з асяроддзя самога насельніцтва Літвы»[3]. Тэрмін «Літва» вытлумачваўся Літоўскім саветам не ў этнаграфічным, а ў губернска-адміністрацыйным сэнсе: літоўскія палітыкі ўключалі ў склад Літвы Ковенскую, Сувалкаўскую і Віленскую губерні цалкам, у т.л. тыя паветы, дзе літоўскае насельніцтва знаходзілася ў меншасці[4]. Выказвалася патрабаванне ўвесці ў неакупіраваных паветах Віленскай губерні (Дзісенскім, Вілейскім і Ашмянскім) літоўскую адміністрацыю. Для ажыццяўлення гэтых намераў Літоўскі нацыянальны савет 13 сакавіка пастанавіў сфарміраваць Часовы камітэт для кіравання Літвой у складзе 12 літоўцаў і 12 чал. ад іншых нацыянальнасцей, што насялялі край (6 беларусаў, 3 яўрэя, 2 паляка і 1 рускі). Часоваму камітэту належала падрыхтаваць скліканне Устаноўчага сходу Літвы, які павінен быў вызначыць форму кіравання краем і стаўленне да суседзяў[5].
16 лютага 1918 г. у Вільні, прадстаўніцтва літоўскага народа — Літоўская Тарыба (Lietuvos Taryba) — аб’яўляе аб незалежнасці краіны.
У перыяд 1920—1922 Літоўская дзяржава прызнана сусветным грамадствам. У 1920—1939, Вільня, акупіравана польскімі войскамі, часовай сталіцай сталіцай стаў Каўнас.
15 чэрвеня 1940 тэрыторыя Літвы акупавана і анексіравана СССР. Літва далучана да СССР, як сацыялістычная рэспубліка, вернуты Віленскі край.
У 1941—1944 акупіравана нацыскай Германіяй. Пасля вызвалення 1944, заставалася ў складзе СССР, да 1991.
11 сакавіка 1990 Вярхоўны Савет Літоўскай Рэспублікі абвясціў акт аб станаўленні незалежнасці і выхаду з саставу саюза. У 1991 Рэспубліка Літва прызнана Расіяй, СССР і міжнароднай супольнасцю. Член ААН.
У 2003 падпісаны дагавор аб далучэнні Літвы да Еўрапейскага саюза. 1 мая Літва стала паўнапраўным членам ЕС і НАТА.