Невіс | |||
---|---|---|---|
Nevis | |||
|
|||
Краіна | Сент-Кітс і Невіс | ||
Гімн | O Land of Beauty | ||
Статус | федэратыўная тэрыторыя | ||
Уваходзіць у | |||
Адміністрацыйны цэнтр | Чарлзтаўн | ||
Найбуйнейшы горад | Чарлзтаўн | ||
ВУП (2009) ВУП на душу насельніцтва |
557 млн USD 10315 USD |
||
Афіцыйная мова | англійская | ||
Насельніцтва (2006) | 12 106 | ||
Канфесійны склад | Пратэстанцтва | ||
Плошча | 93 км² | ||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
984 м |
||
Часавы пояс | GMT-4 | ||
Код ISO 3166-2 | KN-N | ||
Тэлефонны код | 1869 | ||
Інтэрнэт-дамен | .kn | ||
Афіцыйны сайт (англ.) | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Не́віс (англ.: Nevis) — востраў у складзе Федэрацыі Сент-Кітс і Невіс. З’яўляецца часткай архіпелага Паўночныя Падветраныя Малыя Антыльскія астравы. Плошча — 93 км². Насельніцтва (2006) — 12 106 чалавек.
Востраў Невіс размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Карыбскага мора, аддзелены ад суседняга вострава Сент-Кітс вузкім пралівам Нараўс (2,9 км). Даўжыня вострава з поўначы на поўдзень — 12,8 км, найбольшая шырыня — 9,4 км.
Невіс мае вулканічнае паходжанне. Быў утвораны ў выніку некалькіх вывяржэнняў, якія пачаліся больш за 40 млн гадоў таму. Галоўны вулкан, што фарміруе найвышэйшы пункт вострава, — пік Невіс, які дасягае 984 м над узроўнем мора і да нашых дзён застаецца патэнцыяльна актыўным. Акрамя яго, налічваецца яшчэ 6 неактыўных вулканаў. Каля падножжа піка Невіс маюцца геатэрмальныя крыніцы, тэмпература вады ў якіх часам дасягае +100 °C. Перыядычныя землятрусы небяспечны галоўным чынам з-за апоўзняў.
Клімат марскі трапічны. Найбольш спякотны і вільготны сезон працягваецца са жніўня да лістапада, калі сярэдняя тэмпература вагаецца ад +24 °C да +28 °C, а ападкі складаюць 13 — 15 мм у месяц. Сталыя вятры часткова астуджаюць паветра, таму ўначы нават на ўзбярэжжы тэмпература апускаецца да +18 °C, а ў гарах — да +12 °C.
Невісцы часцяком называюць свой востраў зялёна-бэзавым з-за вялікай колькасці зялёных раслін і каляровых кветак. З-за гаспадарчай дзейнасці ў нізінных берагавых раёнах першародныя лясы былі вынішчаны і саступілі месца садам і плантацыям. У горных раёнах захоўваюцца рэшткі лясоў з вялікай колькасцю кветкавых і папарацепадобных раслін, блізкіх па паходжанню да сучаснай флоры Паўднёвай Амерыкі, у тым ліку гібіскусы, бамбук, разнастайныя віды дзікай цыбулі, мальвакветкавыя дрэвы, фікусы і г. д. Дзякуючы чалавечай дзейнасці шырока распаўсюдзіліся хлебнае дрэва, розныя пальмы.
Фаўна Невіса прадстаўлена 126 відамі птушак, кажанамі, казуркамі, малпамі, крабамі. У канцы XIX ст. для барацьбы з пацукамі былі ўвезены мангусты. Амаль паўсюдна на востраве можна ўбачыць коз, авечак і аслоў.
Навакольныя воды насяляюць кіты, дэльфіны, марскія чарапахі, розныя віды рыб і малюскаў.
Першымі людзьмі, якія з’явіліся на Невісе каля 2100 гадоў таму, былі індзейцы з Паўднёвай Амерыкі. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. востраў занялі аравакі. Мяркуецца, што ў VI ст. н. э. індзейскае насельніцтва дасягала 2500—6000 чал. У першай палове 2 тысячагоддзя н. э. Невіс быў захоплены карыбамі, якія змяшаліся з папярэднікамі і размаўлялі на мове, блізкай да аравакскай. Свой востраў яны называлі Оўалі.
У 1593 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам. Вялікі мараплавец даў яму назву Сан-Марцін. Але яна не прыжылася. Згодна з паданнем, гледзячы на белыя аблокі вакол цэнтральнага піка, Калумб прыняў іх за снег і, вельмі ўражаны гэтым, даў яшчэ адну назву Nuestra Señora de las Nieves («Наша снежная панна») у гонар знакамітага ў той час цуда, снегапада ў цёплы дзень у Рыме. Сучаснае найменне «Невіс» з’яўляецца пазнейшым скарачэннем другой назвы. Іспанцы не займаліся каланізацыяй вострава, аднак паланілі амаль усіх мясцовых індзейцаў, чыя рабская праца патрабавалася для лоўлі жэмчугу на востраве Маргарыта.
З пачатку XVII ст. Невіс наведвалі англійскія піраты і авантурысты. У 1628 г. яны стварылі тут першае паселішча. Але ўжо праз год на пасяленцаў напалі іспанцы, прычым прывезеныя для працы на востраў ірландцы перайшлі на іх бок. Рэшткі пасяленцаў былі вымушаны адправіцца на Мантсерат. У 1670 г. Іспанія афіцыйна перадала Невіс у валоданне Англіі, якая ператварыла яго ў адзін з галоўных цэнтраў гандлю чарнаскурымі афрыканскімі рабамі на поўначы Карыбскага рэгіёна. Каля 22 % жыхароў Невіса ў 1678 г. складалі ірландцы, якіх прымусова накіроўвалі ў калоніі. Белыя каланісты вострава Невіс удзельнічалі ў пірацкіх набегах на іншыя астравы, але і самі былі вымушаны абараняцца ад французскіх і галандскіх карсараў. Для аховы калоніі ад знешняй пагрозы была пабудавана крэпасць Форт-Чарльз.
У канцы XVII — пачатку XVIII ст. важнай галіной гаспадаркі стала вырошчванне і перапрацоўка цукровага трыснягу. На плантацыях працавалі пераважна чарнаскурыя рабы. У 1790 г. з 10 тысяч жыхароў Невіса 9 тысяч былі рабамі. Невялікая колькасць беглых рабоў хавалася ў гарах, дзе аб’ядноўвалася ў атрады марунаў. Астатнія жыхары складалі прывілеяваны пласт белых плантатараў і крэолаў. У 1706 г., калі французскія карсары напалі на востраў, белыя і крэолы вырашылі перечакаць атаку ў гарах. Некаторыя плантатары спалілі цукровыя млыны і гаспадарчыя будынкі, каб не пакідаць іх захопнікам. Рабы, якія засталіся на плантацыях, былі вымушаны самастойна шукаць зброю і арганізоўваць супраціўленне. Французы захапілі ў палон і перавезлі на Марцініку каля 3400 рабоў. На Невісе захавалася толькі каля 1000 рабоў, што ўдзельнічалі ў супраціўленні. Каб хутчэй аднавіць гаспадарку і заахвоціць супраціўленцаў, плантатары былі вымушаны перадаць зямлю ў карыстанне рабам за невялікую гадавую плату. Аднак да другой паловы XVIII ст. з-за павышэння коштаў на цукар на еўрапейскім рынку ранейшая плантацыйная сістэма эксплуатацыі рабскай працы была ўзноўлена. Арыентацыя выключна на вытворчасць цукровага трыснягу зрабіла эканоміку Невіса залежнай ад вонкавых харчовых паставак. У гады Амерыканскай рэвалюцыі скарачэнне ўвозу харчу з паўночнаамерыканскіх калоній прывяло да голаду і смерці некалькіх сот рабоў. У 1834 г. рабства было адменена.
Адмена рабства і крызіс вытворчасці цукру прывялі да збяднення насельніцтва вострава. У 1882 г. брытанскія ўлады аб’ядналі Невіс, Сент-Кітс і Ангілью ў адзіную калонію, якая атрымала ў 1968 г. самакіраванне. У 1971 г. Ангілья аддзялілася і была пераўтворана ў самастойную заморскую тэрыторыю.
19 верасня 1983 г. была абвешчана незалежнасць дзяржавы Сент-Кітс і Невіс. Аднак узровень развіцця двух астравоў заставаўся вельмі розным. Невіс лічыўся значна бяднейшым, і адзіныя федэратыўныя органы ўлады рабілі мала намаганняў для аднаўлення мясцовай эканомікі. Гэта прывяло да з’яўлення палітычнага руху за набыццё самастойнасці Невіса. У 1984 г. яго прадстаўнікі арганізавалі эфектыўны байкот дзяржаўных і фінансавых устаноў. Але на рэферэндуме 10 жніўня 1998 г. у іх не атрымалася набраць дзве траціны галасоў астравіцян, хаця большасць невісцаў тады падтрымала ідэю самастойнасці ад Сент-Кітса. Развіццё турызму, прыняццё закона аб афшорных кампаніях і ўвядзенне падатковых ільгот садзейнічалі паляпшэнню сітуацыі. У 2006 г. валавы ўнутраны прадукт на Невісе ўжо перавышаў на 10 % адпаведны паказчык на востраве Сент-Кітс.
Асноўную частку насельніцтва вострава Невіс складаюць невісцы (англ.: Nevisians) — прамыя нашчадкі чарнаскурых афрыканскіх рабоў і крэолаў. Яны размаўляюць на мясцовым дыялекце англійскай мовы. Большасць вернікаў — пратэстанты.
Востраў Невіс — афшорная зона, якая дае падатковыя палёгкі для замежных кампаній і банкаў. Зборы за рэгістрацыю ў афшорнай зоне складаюць значную частку прыбыткаў дзяржаўных устаноў. Другая важная галіна эканомікі — турызм. Невіс вабіць сваімі пляжамі, не вельмі спякотным кліматам і добра захаванай прыродай. Характэрна, што мясцовая турыстычная галіна арыентуецца пераважна на дарагое эксклюзіўнае абслугоўванне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні цукровага трыснягу і гародніны. Прамысловасць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытворчасці цукру і рому, будаўнічых матэрыялаў. Існуе рамесная індустрыя, якая задавальняе патрабаванні турыстаў. Пэўная частка насельніцтва займаецца рыбалоўствам і здабычай драўніны.
Жыхары вострава Невіс маюць адзін з найвышэйшых паказчыкаў забеспячэння ўзроўню жыцця ў Карыбскім рэгіёне.
Востраў Невіс з’яўляецца адной з дзвюх раўнапраўных частак Федэрацыі Сент-Кітс і Невіс. Згодна з Канстытуцыяй, ён можа набыць незалежнасць у выпадку, калі дзве траціны выбаршчыкаў прагаласуюць за гэта. Заканадаўчы орган Невіса — Асамблея, у склад якой уваходзяць 3 прадстаўнікі, прызначаныя генерал-губернатарам ад імя брытанскага караля, які афіцыйна лічыцца манархам Сент-Кітс і Невіс, і 5 прадстаўнікоў, абраных выбаршчыкамі[1]. Тэрмін паўнамоцтваў — 5 гадоў. Дзве асноўныя палітычныя партыі — Рух заклапочаных грамадзян (Concerned Citizens' Movement) і Невіская партыя рэфармавання (Nevis Reformation Party).
Галоўны выканаўчы орган — Адміністрацыя вострава Невіс на чале з прэм’ер-міністрам, які прадстаўляе партыю, што набрала большасць у Асамблеі. Адміністрацыя складае самастойны бюджэт вострава Невіс, збірае падаткі, забяспечвае працу іншых органаў кіравання.
Адміністрацыйна Невіс падзелены на 5 парафій. Адміністрацыйны цэнтр — горад Чарлзтаўн.
Большасць жыхароў Невіса — нашчадкі чарнаскурых афрыканскіх рабоў і крэолаў, якія размаўляюць на мясцовым дыялекце англійскай мовы. Літаратурная англійская мова выкладаецца ў школах, таму таксама добра разумеецца насельнікамі вострава. Большасць вернікаў — пратэстанты.
Культура Невіса мае ярка выражаны крэольскі характар, сумяшчае еўрапейскія, паўночнаамерыканскія і афрыканскія звычаі. Невісцы асабліва знакаміты сваімі музыкай, песнямі і танцамі. Мясцовыя аркестры выкарыстоўваюць пераважна ўдарныя, струнныя і духавыя музычныя інструменты — гітары, мандаліны, трамбоны, бамбукавыя басовыя трубы і інш. Пад уплывам каліпса у якасці ўдарных ужываюць разнастайныя металічныя прылады, у тым ліку звычайны посуд. Такая музыка завецца на Невісе каіса («Kaiso»). Распаўсюджаны рыфмаваныя рабочыя спевы, якія раней суправаджалі працу на плантацыях, пераноску грузаў, лоў рыбы і г. д., доўгія араторыі з аповедам пра канкрэтныя падзеі, рэлігійныя куплеты, што выконваюцца ў царкве або на святы, дзіцячыя гульнёвыя прыпеўкі.
У мінулым на Каляды або Вялікдзень праводзіліся маляўнічыя карнавалы. З 1974 г. на Невісе арганізуецца штогадовы летні фестываль Культурама («Culturama»). Ён суправаджаецца карнавалам, традыцыйнымі і сучаснымі танцамі.