А́нджэй Сапко́ўскі (па-польску: Andrzej Sapkowski; нар. 21 чэрвеня 1948, Лодзь, Польшча) — польскі пісьменьнік у стылі фэнтэзі. Найбольш перакладаны польскі фантаст пасьля Станіслава Лема[5].
Анджэй Сапкоўскі нарадзіўся ў Лодзі. Ён скончыў факультэт зьнешняга гандлю Лодзкага ўнівэрсытэту. Працаваў па спэцыяльнасьці ў зьнешнегандлёвай фірме «Skórimpex».
Літаратурную кар’еру пачынаў як перакладнік апавяданьняў для польскага часопіса «Фантастыка». Першае сваё апавяданьне з цыклю «Вядзьмар» (Wiedzmin) (дзякуючы якому і набыў вядомасьць) надрукаваў там жа ў 1986 годзе. У 1992 і 1993 гадах выйшлі першыя зборнікі апавяданьняў «Апошняе жаданьне» і «Меч прызначэньня».
Апроч «Сагі пра Ведзьмара» Сапкоўскі выдаў такія творы, як эсэ «Сьвет караля Артура» дзе аўтар спрабуе разабрацца з прычынамі папулярнасьці легенды на працягу яе існаваньня да нашага часу ўключна; апавяданьне «Maladie» — аўтарскую варыяцыю на легенду пра Трышчана і Ізольду; раманы з цыклю пра Райнмара зь Белявы («Гусіцкая трылёгія»). Быў напісаны шэраг крытычных артыкулаў пра фэнтэзі.
Кнігі Сапкоўскага былі перакладзеныя на ангельскую, гішпанскую, летувіскую, нямецкую, расейскую, славацкую, чэскую, францускую ды іншыя мовы.
Сябра Саюзу польскіх пісьменьнікаў.
Анджэй Сапкоўскі 5 разоў атрымліваў узнагароду імя Януша Зайдэля (Nagroda im. Janusza A. Zajdla) (польская літаратурная ўзнагарода за дасягненьні ў галіне фантастыкі). Узнагароджаны ў 1997 годзе «Пашпартам Палітыкі» (Paszport Polityki) — штогадовай узнагародай, якая выдаецца дзеячам культуры польскім штотыднёвікам «Палітыка».
У 2016 року атрымаў Сусьветную прэмію фэнтэзі за пажыцьцёвы ўнёсак[6].
Ганаровы грамадзянін Лодзі (2008).
У 1993—1995 роках выйшлі 6 кніг коміксаў пра Ведзьмара.
У 2001 року па творчасьці Анджэя Сапкоўскага быў зьняты польскі 13-сэрыйны тэлесэрыял «Вядзьмар». На ягонай аснове ў 2002 годзе быў зьняты фільм «Вядзьмар», які, паводле думак крытыкаў (а ў тым ліку і самога аўтара), цалкам праваліўся.
Варшаўская студыя CD Project выдала сэрыю кампутарных ролевых гульняў «Вядзьмак» (2007), «Вядзьмак 2: Забойцы каралёў» (2011) і «Вядзьмак 3: Дзікае паляваньне» (2015).
Жанаты. У першым шлюбе меў сына Крыштафа (1972—2019).