Майкл Джэфры Джордан (анг. Michael Jordan; нар. 17 лютага 1963 году) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, прадпрымальнік і асноўны ўладальнік і старшыня «Шарлот Горнэтс» з Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Джордан згуляў 15 сэзонаў у НБА за «Чыкага Булз» і «Вашынгтон Ўізардс». Баскетбаліст быў адным з найбольш прывабных і запатрабаваных на рынку гульцоў ягонага пакаленьня і лічыцца важным чалавекам, які праславіў НБА ва ўсім сьвеце ў 1980-х і 1990-х гадах[9][10]
«Чыкага Булз» абралі Джордана пад трэцім агульным нумарам на драфце НБА 1984 году. Адной з галоўных прычынаў, чаму Джордан ня быў абраны раней, была патрэба ў цэнтральным нападніку[11]. Генэральны мэнэджар «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» Сту Інман сьцьвярджаў, што справа была ня ў выбары цэнтральнага нападніка, а ў тым, што абраньне Сэма Боўі замест Джордана, было зробленае часткова таму, што ў «Портлэнда» ўжо быў Клайд Дрэксьлер, які быў абаронцам з падобнымі навычкамі, як і Джордан[12]. З улікам таго, што Боўі пакутваў на траўмы яшчэ ў каледжы, ESPN назваў выбар Боўі «Блэйзэрз» найгоршым выбарам на драфце ў гісторыі паўночнаамэрыканскага прафэсійнага спорту[13].
Джордан дэбютаваў у НБА ў хатнім матчы «Чыкага Булз» 26 кастрычніка 1984 году і набраў 16 пунктаў. У 2021 годзе квіток на гэтую гульню быў прададзены на аўкцыёне за 264 тысяч даляраў, усталяваўшы рэкорд сярод калекцыйных білетаў[14]. Падчас свайго дэбютнага сэзону 1984—1985 гадоў у складзе «Булз» Джордан зьбіраў у сярэднім 28,2 пунктаў за гульню пры выніковасьці кідкоў у 51,5%.
Ён хутка стаў улюбёнцам заўзятараў нават на чужых арэнах[15][16] і праз усяго толькі месяц сваёй прафэсійнай кар’еры зьявіўся на вокладцы Sports Illustrated з загалоўкам «Зорка нараджаецца»[17]. У 1984 годзе баскетбаліст узгодніў рэклямны кантракт на баскетбольныя красоўкі з кампаніяй Nike. Адмыслова для Майкла былі спраектаваныя чорна-чырвоныя красоўкі Air Jordan у колерах «Чыкага Булз». Паводле вынікаў сэзону Джорджан быў улучаны ў зборную пачаткоўцаў НБА, а «Булз» саступілі «Мілўокі Бакс» у чатырох гульнях у першым раўндзе плэй-оф[18].
Сэзон Джордана 1985—1986 гадоў быў хутка перапынены, калі гулец зламаў нагу ўжо ў трэцяй гульні сэзону, праз што прапусьціў 64 гульні. «Булз» прабіліся ў плэй-оф, не зважаючы на адсутнасьць баскетбаліста. Джордан своечасова акрыяў, узяўшы ўдзел у плэй-оф. 20 красавіка на Бостан Гардэн, у другой сустрэчы першага раўнду з «Бостан Сэлтыкс» у падвойным авэртайме, Джордан набраў 63 пункты, усталяваўшы рэкорд плэй-оф, і скасаваўшы рэкорд Элджына Бэйлара паводле колькасьці пунктаў у адным матчы[19]. У сэрыі, аднак, перамогу сьвяткавалі бостанцы. Джордан цалкам аднавіўся да сэзону 1986—1987 гадоў і правёў адзін з самых выніковых сэзонаў у гісторыі НБА. Ён стаў адзіным гульцом, акрамя Ўілта Чэмбэрлена, які набраў 3 тысячы пунктаў цягам сэзону, зьбіраючы ў сярэднім 37,1 пунктаў за гульню пры трапнасьці кідкоў у 48,2%. Джордан таксама прадэманстраваў сваю майстэрства ў абароне, стаўшы першым гульцом у гісторыі НБА, які зрабіў 200 перахопаў і 100 блёк-шотаў за сэзон[20]. Не зважаючы на такія паказьнікі, узнагароду як самаму каштоўнаму гульцу НБА атрымаў Мэджык Джонсан[21]. «Булз» зноў саступілі «Сэлтыкс» у плэй-оф.
Джордан быў лідэрам лігі паводле колькасьці набраных пунктаў у сэзоне 1987—1988 гадоў, зьбіраючы ў сярэднім 35,0 пунктаў за гульню. Дзякуючы гэтаму спартовец атрымаў сваю першую ўзнагароду самага каштоўнага гульца НБА ды быў уганараваны званьнем найлепшага абаронцы лігі. «Булз» упершыню ў кар’еры Джордана пракрочылі празь першы раўнд плэй-оф, перамогшы «Кліўлэнд Кавальерз» у пяці гульнях. У паўфінале Ўсходняй канфэрэнцыі «Булз» зазналі паразу ў пяці гульнях больш дасьведчаным баскетбалістам з «Дэтройт Пістанз»[18]. У сэзоне 1988—1989 гадоў Джордан зноў стаў лідэрам лігі паводле колькасьці назьбіраных пунктаў, маючы ў сярэднім 32,5 пунктаў за гульню пры 53,8% трапнасьці кідкоў з гульні, а таксама робячы 8,0 падбораў і 8,0 перадач за гульню. Усьцяж сэзону Джордан выказваў сваё расчараваньне нападам «Булз» галоўнаму трэнэру Дагу Колінзу, які тады паставіў Джордана на пазыцыю гульнёвага абаронцы. За час сваёй працы на гэтай пазыцыі баскетбаліст зрабіў 10 трыпл-даблаў у 11 гульнях, зьбіраючы ў сярэднім 33,6 пункты за гульню[22]. Каманда ў чарговы раз трапіла ў плэй-оф, дзе выйшла ў фінал сваёй канфэрэнцыі. У той сэрыі чыкагаўцы зноў былі слабейшыя за дружыну з Дэтройту[18].
«Булз» уступілі ў сэзон 1989—1990 гадоў як каманда на ўздыме, дзякуючы Джордану і шэрагу маладых гульцоў, як то Скоці Піпэн і Горас Грант, і пад кіраўніцтвам новага трэнэра Філа Джэксана. 28 сакавіка 1990 году Джордан набраў рэкордныя для сябе 69 пунктаў у выязной пераможнай гульні супраць «Кавальерз» (117:113)[23]. Цягам сэзону баскетбаліст зьбіраў у сярэднім 33,6 пункты за гульню, што было найлепшым паказьнікам у лізе, пры 52,6% трапнасьці кідкоў, а таксама робячы 6,9 падбораў і 6,3 перадачы за гульню. Каб зьнішчыць пляны супернікаў у нэўтралізацыі зоркі ў матчах плэй-оф, галоўны трэнэр прапанаваў зьмяніць тактыку, даўшы больш часу зь мячом іншым гульцам каманды. Пазьней Джордан прызнаваўся, што спачатку неахвотна падтрымліваў новую сыстэму[24]. Тым ня менш, у рэшце рэшт, ён прыняў зьмены, якія прывялі да посьпеху каманды[25].
У сэзоне 1990—1991 гадоў Джордан атрымаў сваю другую ўзнагароду самага каштоўнага гульца НБА, зьбіраючы ў сярэднім 31,5 пунктаў у рэгулярным сезоне. «Булз» упершыню за шаснаццаць гадоў занялі першае месца ў сваім дывізіёне і ўсталявалі рэкорд франшызы з 61 перамогай у рэгулярным сэзоне. Паколькі Піпэн стаў удзельнікам Матчу ўсіх зорак, «Булз» узьнялі сваю гульню на новы ўзровень. Яны перамаглі «Нью-Ёрк Нікс» і «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз» у першых двух раўндах плэй-оф, трапіўшы ў фінал Усходняй канфэрэнцыі, дзе іх чакаў «Дэтройт Пістанз». Гэтым разам «Булз» перамаглі трыклятых супернікаў у чатырох гульнях запар[26]. «Булз» упершыню ў сваёй гісторыі прабіліся ў фінал НБА, дзе сутыкнуліся з «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Чыкагаўцы сталі чэмпіёнамі лігі пасьля перамогі ў сэрыі зь пяці матчаў. Джордан атрымаў сваю першую ўзнагароду самага каштоўнага гульца фіналу НБА[27], ня здолеўшы стрымаць сьлёзы калі трымаў галоўны трафэй[28].
Джордан і «Булз» працягнулі сваё дамінаваньне ў сэзоне 1991—1992 гадоў, усталяваўшы рэкорд у колькасьці перамог і паразаў роўны 67–15, перасягнуўшы свой папярэдні рэкорд сэзону 1990—1991 гадоў. Джордан атрымаў сваю другую запар узнагароду самага каштоўнага гульца зь сярэднімі паказьнікам 30,1 пунктаў за гульню. Пасьля перамогі ў сэрыі зь сямі гульняў над «Нью-Ёрк Нікс» у другім раўндзе плэй-оф і перамогі над «Кліўлэнд Кавальерз» у фінале канфэрэнцыі ў шасьці гульнях, «Булз» сустрэліся ў фінале з Клайдам Дрэксьлерам і «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». СМІ, спадзеючыся ўзнавіць суперніцтва Мэджыка і Лары Бэрда, падкрэсьлівалі падабенства паміж «Эйр» Джорданам і Клайдам «Глайдам» перад пачаткам сэрыі[29]. У пераможнай першай гульні Джордан назьбіраў рэкордныя для фіналу 35 пунктаў у першай палове, у тым ліку закінуўшы рэкордныя шэсьць трохпунктавых кідкоў[30]. «Булз» у другі раз запар сталі чэмпіёнамі лігі, а Джорджан чарговы раз быў ушанаваны званьнем самага каштоўнага гульца фіналу.
У сэзоне 1992—1993 гадоў, не зважаючы на тое, што гулец зьбіраў 32,6 пунктаў за гульню, ягоная сэрыя зь некалькіх званьняў самага каштоўнага гульца рэгулярнага сэзону скончылася, бо ўзнагароду атрымаў Чарлз Барклі[31]. Джордан з «Булз» сустрэліся з Барклі і ягоным «Фінікс Санз» у фінале НБА 1993 году. «Булз» выйгралі свой трэці чэмпіянат НБА дзякуючы пераможнаму кідку Джона Паксана і блёку на апошняй сэкундзе Гараса Гранта, але сапраўдным лідэрам дружыны ўсё яшчэ быў Джордан. Ён зьбіраў у сярэднім 41,0 пункт за гульню, што стала рэкордным паказьнікам фіналу[32]. Гулец стаў першым баскетбалістам у гісторыі НБА, які тройчы запар станавіўся самым каштоўным гульцом фіналу.
6 кастрычніка 1993 году Джордан абвесьціў аб сваім сыходзе, спаслаўшыся на страту цікавасьці да баскетболу. Пазьней гулец заявіў, што забойства ягонага бацькі толькі падштурхнула да гэтага рашэньня[33]. 31 сакавіка 1994 году спартовец зьдзівіў спартовы сьвет, падпісаўшы дамову з «Чыкага Ўайт Сокс»[34]. Джордан заявіў, што ён пастанавіў ажыцьцявіць мару свайго нябожчыка бацькі, які бачыў у сваім сыне гульца бэйсбольнай лігі[35]. Цягам кароткай прафэсійнай кар’еры ў бэйсболе Джордан выступаў за фарм-клюб чыкагаўскай каманды.
У сэзоне 1994—1995 гадоў Джордан вярнуўся ў «Булз» у сярэдзіне сэзону. 18 сакавіка 1995 году ён абвесьціў пра сваё вяртаньне ў НБА ў прэсавым рэлізе з двух словаў: «Я вярнуўся»[36]. На наступны дзень Джордан выйшаў на пляцоўку ў матчы супраць «Індыяны Пэйсэрз», назьбіраўшы 19 пунктаў.
Беручы пад увагу 18-месячны перапынак у НБА, Джордан усё яшчэ добра гуляў, зрабіўшы пераможны кідок у матчы супраць «Атланты Гокс» у сваёй чацьвертай гульні па вяртаньні. У наступнай гульні, супраць «Нью-Ёрк Нікс» на Мэдысан-Сквэр-Гардэн 28 сакавіка 1995 году, ён назьбіраў 55 пунктаў[18]. Джордан быў матываваны паразай у плэй-оф і агрэсіўна трэнаваўся перад пачаткам сэзону 1995—1996 гадоў[37]. «Булз» скончылі сэзон з найлепшым паказьнікам у рэгулярным сэзоне ў гісторыі НБА, маючы на рахунку 72–10. Джордан зноў быў лідэрам лігі паводле колькасьці зьбіраных пунктаў за гульню, маючы іх 30,4[38]. Таксама баскетбаліст стаў самым каштоўным гульцом рэгулярнага сэзону. У плэй-оф «Булз» прайгралі толькі тры гульні ў чатырох сэрыях, перагуляўшы «Сіетл Супэрсонікс» зь лікам 4:2 у фінале НБА і здабыўшы свой чацьверты тытул чэмпіёнаў. Гэтая сэрыя была адной з самых складаных для Джордана, бо адсотак ягонай трапнасьці з гульні склаў 41,5%. Тым ня менш, Джордан быў названы самым каштоўным гульцом фіналу ў рэкордны чацьверты раз[27]. У сэзоне 1996—1997 гадоў «Булз» зноў выйшлі ў фінал, дзе сустрэліся зь «Ютай Джаз»[39]. Сэрыя супраць гэтай каманды адзначылася два найбольш запамінальнымі момантамі ў кар’еры Джордана. У першай сустрэчы чыкагаўцы здабылі перамогу дзякуючы трапнаму кідком у скачку адначасна з сырэнай. У пятай гульні, калі сэрыя была роўнай 2:2, Джордан гуляў, не зважаючы на павышаную тэмпэратуру і абязводжваньне праз кішачны вірус. У тым матчы, вядомым як «грып-гульня», Джордан паклаў на свой рахунак 38 пунктаў, у тым ліку зрабіўшы пераможны трохпунктавы кідок за 25 сэкундаў да канца[39]. «Булз» перамаглі зь лікам 90:88 і выйгралі сэрыю ў шасьці гульнях. У пяты раз за столькі ж выхадаў у фінал Джордан атрымаў узнагароду самага каштоўнага гульца фіналу[27]. Падчас Матчу ўсіх зорак НБА 1997 году ён аформіў першы трыпл-дабл у гісторыі матчу[40].
У сэзоне 1997—1998 гадоў «Булз» мелі паказьнік у 62–20, а Джордан быў першым у лізе з паказьнікам 28,7 пунктаў за гульню, забясьпечыўшы сабе пятую ўзнагароду самага каштоўнага гульца рэгулярнага сэзону. «Булз» у чарговы раз прабіліся ў фінал НБА, дзе зноў сустрэліся з «Джаз». У шостым матчы сэрыі баскетбаліст адзначыўся цэльным кідком у кошык супернікаў, чым зрабіў «Булз» шасьціразовым пераможцам лігі[41]. Зноў жа, Джордан быў абраны самым каштоўным гульцом фіналу ў рэкордны шосты раз[27]. Паколькі кантракт Філа Джэксана сканчваўся, Скоці Піпэн і Дэніс Родман хутка сышлі, Джордан у другі раз завяршыў кар’еру 13 студзеня 1999 году[42].
19 студзеня 2000 году ён вярнуўся ў НБА, але ня ў якасьці гульца, а ў якасьці суўладальніка і прэзыдэнта баскетбольных апэрацыяў «Вашынгтон Ўізардс»[43]. Джордан быў упэўнены, што больш аніколі не згуляе ў НБА, але пазьней выказаў цікавасьць да чарговага вяртаньня летам 2001 году, але гэтым разам з сваёй новай камандай[44]. 25 верасьня 2001 году баскетбаліст абвесьціў пра сваё вяртаньне, заявіўшыся ў склад «Вашынгтон Ўізардс». Свой заробак гулец ахвяраваў на дапамогу ахвярам тэрактаў 11 верасьня[45]. Джордан няблага глядзеўся ў складзе каманды, але траўмы калена сапсавалі апошні этап кар’еры. Пасьля таго, як стала вядома, што сэзон 2002—2003 гадоў стане апошнім для Джордана, у НБА яму аддавалі даніну павагі. У сваёй апошняй гульні ў Чыкага гулец атрымаў чатыроххвілінныя авацыі стоячы[46]. Свой апошні матч спартовец згуляў 16 красавіка 2003 году ў Філадэлфіі.