Людас Гіра | |
---|---|
літ.: Liudas Gira | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Liudas Gira |
Псеўданімы | E. Radzikauskas |
Дата нараджэння | 15 (27) жніўня 1884[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 ліпеня 1946[2][1] (61 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | Расійская імперыя, Літва, СССР |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, літаратурны крытык |
Гады творчасці | 1902—1945 |
Кірунак | нацыянальны рамантызм |
Жанр | верш, паэма, містэрыя, драма |
Мова твораў | літоўская мова і беларуская |
Узнагароды | |
![]() | |
![]() |
Людас Канстанцінавіч Гіра (15 (27) жніўня 1884[1], Вільня — 1 ліпеня 1946[2][1], Вільня) — літоўскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч; народны паэт Літоўскай ССР (1945), правадзейны член Акадэміі навук Літоўскай ССР (1946)[3].
Вучыўся ў Стаклішкескай пачатковай гімназіі (каля Коўна) і Віленскай рэальнай гімназіі. У Казані здаў экстэрнам экзамен за 4-ы клас гімназіі і паступіў у Віленскую духоўную семінарыю . З 1905 года працаваў у рэдакцыях газет «Vilniaus žinios», «Lietuvos ūkininkas»), з 1907 года — «Viltis»[4].
Браў удзел у дзейнасці Саюза літоўскіх настаўнікаў, быў сакратаром прэзідыума Вялікага Віленскага сейма (1905), удзельнічаў у стварэнні Літоўскага навуковага таварыства (1907). Пачынаючы з 1911 года быў рэдактарам літаратурных альманахаў і літаратурных часопісаў, укладальнікам анталогій літоўскай паэзіі.
У 1911 годзе нарадзіўся сын Вітаўтас, які пазней стаў паэтам і празаікам. У 1918 годзе быў ваенным камендантам Вільні, камандзірам атрада літоўскіх добраахвотнікаў. Трапіў у палон да бальшавікоў і праз паўгода вярнуўся ў Коўна, яго абмянялі на палонных чырвонаармейцаў. У Коўна стаў начальнікам аддзела разведкі міністэрства абароны краю, удзельнічаў у ліквідацыі змовы Польскай ваеннай арганізацыі (POW). У 1922—1926 гадах працаваў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра ў Коўна . У 1923 года — рэдактар літаратурнага часопіса «Skaitymai »). У 1924 годзе выйшла напісаная ім «Руска-літоўская граматыка» (Каўнас; паўторнае выданне 1925).
У 1926—1936 гадах — сакратар кнігавыдавецкай камісіі міністэрства асветы. У 1928—1930 гадах інтэнсіўна перапісваўся з К. Д. Бальмонтам і папулярызаваў яго творчасць у літоўскім друку, быў адным з галоўных арганізатараў прыезду Бальмонта ў Літву (1930). У сярэдзіне 1930-х гадоў быў адным з ініцыятараў умацавання літоўска-латышскіх і літоўска-эстонскіх літаратурных і культурных сувязяў, арганізатар і ўдзельнік літаратурных вечароў і абменаў дэлегацыямі пісьменнікаў.
У 1936—1937 і 1938—1939 гадах — старшыня Таварыства літоўскіх пісьменнікаў . Рэдактар літаратурнай газеты «Literatūros naujienos» у 1937—1938. У 1939 годзе наведаў СССР.
У 1940 годзе з іншымі дэпутатамі Народнага сейма — пісьменнікамі Ю. Паляцкісам, С. Нерыс, П. Цвіркам — увайшоў у склад дэлегацыі, якая хадайнічала перад Вярхоўным Саветам СССР аб прыёме Літвы ў склад Савецкага Саюза. Намеснік наркама асветы Літоўскай ССР у 1940—1941 гадах.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваны ўглыб СССР, жыў у Пензе да пачатку 1942 года. У 1942—1944 гадах служыў у Літоўскай дывізіі (капітан)[4].
На Радзіму вярнуўся цяжка хворым летам 1945 года. Памёр 1 ліпеня 1946 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на могілках Роса.
У Вільні вуліца Вільняўс (Vilniaus gatvė, Віленская) была пераназвана ў вуліцу Гіры (Liudo Giros gatvė, Гірос), але пасля аднаўлення незалежнасці Літвы вуліцы была вернута ранейшая назва. Да 2024 года імя Л. Гіры насіла вуліца ў віленскім раёне Фабіёнішкес[5].
У 1977 годзе ў Вільні ў невялікім скверы на вуліцы Валана насупраць будынка Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай ССР быў усталяваны помнік (скульптар Віктарас Паліс , архітэктар Стасіс Шашкявічус). Помнік уяўляў сабой гарэльефны партрэт паэта, высечаны ў глыбе граніту (вышыня 1,2 м) на прамавугольным гранітным пастаменце. 11 верасня 2013 года помнік пасля патрабаванняў былых палітычных вязняў, ссыльных і прадстаўнікоў іншых правых арганізацый па просьбе Міністэрства адукацыі і навукі Літвы быў дэмантаваны і вывезены на тэрыторыю муніцыпальнага прадпрыемства «Грында» у Юсцінішкес (непадалёк ад 2-га тралейбуснага парку) на захоўванне[6][7].
Дэбютаваў у літаратуры ў 1902 годзе аповедамі. Вершы пачаў пісаць з 1903 года. Друкаваўся з 1903 года[3]. Выдаў трынаццаць зборнікаў вершаў. Першыя зборнікі паэтыкай блізкія народнай песні. Пасля ў паэзіі з’явіліся элементы сімвалізму, дэкларатыўны патрыятызм, лозунгавасць. З аднолькавым пафасам апяваў па чарзе веліч Літвы, адраджэнне Італіі пры Мусаліні, сталінскі рэжым.
У драмах «Помста» (1910), «Госці» (1910) выяўляецца ўплыў драматургіі Станіслава Пшыбышэўскага , у драматычных творах на гісторыка-нацыянальныя тэмы «Зара, якая занімаецца» (1913), «Папараць-кветка» (1928) — Відунаса і Вінцаса Крэве-Міцкявічуса.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны напісаў паэмы «Літва Грунвальда» (1942), «Адам Міцкевіч у Паволжы» і вершы, працятыя патрыятызмам, нянавісцю да фашыстаў. Вершы Людаса Гіры ў перакладах на рускую мову ўключаліся ў зборнікі «Жывая Літва» (Масква, 1942), «Дарога ў Літву» (Масква, 1944).
Вершы пісаў, акрамя літоўскай, на беларускай (верш «З Новым годам»)[3], польскай, рускай мовах[8].
Укладальнік першых анталогій літоўскай літаратуры (1911, 1914), у міжваенныя гады — паэтычнага зборніка, прысвечанага дзесяцігоддзю незалежнасці Літвы «Прывітанне, Незалежная» (1928), і першай літоўскай анталогіі рэлігійных вершаў «Святая Літва» (1930). Падрыхтаваў да друку сачыненні літоўскіх пісьменнікаў Лаздзіну Пяледы , Пранаса Вайчайціса і іншых.
У 1911—1912 гадах — рэдактар альманаха Švyturys (бел.: Маяк), у 1913—1914 гадах — рэдактар першага літоўскага літаратурнага часопіса Vaivorykštė (бел.: Вясёлка), пазней рэдагаваў Skaitymai (бел.: Чытанні, 1923), газету «Literatūros naujienos» (бел.: Літаратурныя навіны, 1937—1938). Супрацоўнічаў у часопісах «Ateitis » (бел.: Будучыня), «Vairas » (бел.: Руль) і многіх іншых літоўскіх перыядычных выданнях. Пісаў артыкулы для часопісаў і газет на рускай мове «Балтийский альманах », «Эхо», «Наше эхо», Сегодня .
Напісаў вялікую колькасць літаратурна-крытычных артыкулаў. Сярод іх артыкулы пра беларускую, рускую, украінскую, чэшскую літаратуру. Артыкул Л. Гіры «З беларускай літаратуры» (1910) — самы ранні водгук літоўскай крытыкі пра творчасць Я. Купалы[3]. Выступаў таксама як тэатральны крытык.
Падпісваўся Akstinų Vincas, Aldonė V., Ant. Kašėta, B. Dzūkas, Eglė, E. Radzik., Ensexistens, E. Radzikauskas, Erulis, G-lis L., Gerulis, Kuzavas, Kažin kas, Rimbas, Saugus, Szlachcic-Katolik, Teatralas Zukas D. і многімі іншымі псеўданімамі .
Пераклаў і выдаў асобным зборнікам вершы Т. Шаўчэнкі (1912). Перакладаў на літоўскую мову вершы М. М. Асеева, К. Д. Бальмонта, С. І. Кірсанава , В. І. Лебедзева-Кумача, М. Ю. Лермантава, У. У. Маякоўскага, А. С. Пушкіна, М. С. Ціханава, Я. Л. Шкляра[3].
У яго перакладах друкаваліся таксама творы Л. Сыракомлі, А. Міцкевіча, Г. Гейне, С. Выспяньскага, С. Пшыбышэўскага , І. Франко.
На беларускую мову творы Гіры перакладалі А. Астапенка, С. Дзяргай, М. Лужанін і іншыя[3].
На рускую мову вершы Л. Гіры перакладалі І. К. Аўраменка, А. Аляксандрава, К. Д. Бальмонт, Д. Бродскі , Н. Вольпін, А. Гатаў, І. Грыгор’еў, В. Дыннік, М. Замахоўская, В. К. Звягінцава , М. А. Зянкевіч , Д. Б. Кедрын , В. Я. Калычоў , А. Качаткоў , Э. Лявонцін, С. Мар , Л. Озераў , Л. Астравумаў , Н. Палякова , В. Румер , І. Сяльвінскі, С. Шэрвінскі , З. Шышова , А. Шпірт, А. Штэйнберг , П. Шубін , Я. Л. Шкляр, В. Яворская і іншыя.
Вершы Л. Гіры перакладаліся таксама на армянскую, башкірскую, балгарскую, кіргізскую, малдаўскую, польскую, таджыкскую, татарскую, узбекскую, эстонскую мовы.