Пан Тадэвуш | |
---|---|
Pan Tadeusz | |
| |
Жанр | Паэма |
Аўтар | Адам Міцкевіч |
Мова арыгінала | Польская |
Дата першай публікацыі | 1834 |
Выдавецтва | Aleksander Jełowicki[d][1] |
Месца публікацыі | Парыж[2] |
Перакладчык | Я. Семяжон і інш. |
Персанажы | Тадэвуш Сапліца, Суддзя Сапліца, Яцак Сапліца, Зося, Telimena[d], Seneschal Hreczecha[d], Ewa Horeszkówna[d], Янкель, The Assessor[d], Гервазы і Q111698604? |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Пан Тадэвуш» (польск.: Pan Tadeusz) — найбуйнейшы твор Адама Міцкевіча, эпічная паэма, якая пісалася ў 1832—1834 гадах у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі, і выдадзена тамсама ў 1834 годзе. Складаецца з 12 «кніг» (амаль 10 тысяч радкоў) і напісаная сілабічным 13-складнікам — польскім александрыйскім вершам. Самы значны мастацкі твор паэта, вялікая нацыянальная эпапея[3].
Поўная назва — «Пан Тадэуш альбо апошні наезд на Літве: Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў у дванаццаці быліцах вершам[4]» (Pan Tadeusz, czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem). «Наезд» (польск.: zajazd) — старажытны славянскі тэрмін, які азначае форму выканання прысуду ў маёнткавых справах. Наезд быў формай грамадзянскага правасуддзя, часам — нават афіцыйна прызнанага законным[5][6].
Дзеянне паэмы адбываецца на працягу 5 дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812 годзе на берагах Нёмана, «на Літве» (у мінулым Вялікім Княстве Літоўскім) перад нашэсцем Напалеона на Расію. Галоўныя героі паэмы — Тадэвуш і Зося, прадстаўнікі двух узаемнаварожых шляхецкіх фамілій. Задума паэмы эвалюцыянавала з ідыліі (узорам для якой была ідылія Гётэ «Герман і Даратэя ») у шырокую эпічную карціну, якая спалучае бытавую, ваенную, любоўную і патрыятычную лініі.
У паэме створаны поўны настальгіі і гумару вобраз маляўнічых, але гістарычна асуджаных шляхецкіх нораваў. З самага пачатку паэма атрымала агромністую папулярнасць сярод польскіх эмігрантаў. Лічыцца польскай нацыянальнай эпапеяй і шэдэўрам славеснага жывапісу. Класічныя ілюстрацыі да паэмы стварыў Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Пан Тадэвуш» экранізаваны польскім рэжысёрам Анджэем Вайдам (1999).
Рукапіс паэмы з 1870-х гадоў захоўваўся ў бібліятэцы Асалінскіх у Львове разам са спецыяльнай аздобленай шкатулкай для яго захоўвання, з чырвонага дрэва і слановай косці, якую замовіў Станіслаў Тарноўскі і зрабіў львоўскі майстар Юзаф Бжастоўскі. У 1946 годзе разам з асноўнымі фондамі бібліятэкі Асалінскіх рукапіс перавезены ва Уроцлаў, дзе знаходзіцца дагэтуль.
Дзякуючы сябру Адама Міцкевіча Юзафу Залескаму, задума «сельскай паэмы» нарадзілася ўжо ў 1831 годзе падчас знаходжання барда ў Вялікапольшчы. Паэт хацеў пачаць апавяданне з апісання шляхецкага двара. Згодна з гэтым, Юзаф Грабоўскі — уладальнік сяла Лукава — казаў пазней, што гэта ў яго мясцовасці Міцкевіч вырашыў напісаць Пана Тадэвуша. Аднак гэтыя факты дакладна невядомыя. Навукоўцы мяркуюць, што паэт напісаў каля 100—110 вершаў у якіх апісваецца с. Сапліцава (па апошніх меркаваннях гэты фрагмент сканчваецца на 174 вершы I кнігі). Аднак паэт, пасля напісання гэтага фрагменту, не працягваў пісаць тэкст цягам некалькіх наступных месяцаў.
У пачатку снежня 1832 года (знаходзячыся ўжо ў Парыжы) Міцкевіч напісаў ліст да сябра, у якім распавядаў пра інтэнсіўную працу над паэмай. Тэкст твора пісаўся вельмі хутка — 12 студзеня 1833 года Міцкевіч паведамляў у лістах, што напісаў ужо «dwie wielkie piesni» (дзве вялікія песні). Пасля паэт спыніў працу ажно да 6 мая, калі нарадзілася наступная трэцяя песня. Пад канец гэтага ж месяца была скончана і чацвёртая частка, пасля якой ізноў адбыўся перапынак у некалькі месяцаў, спрычынёны хваробай паэта. Сёлета 13 лістапада Міцкевіч інфармаваў у лісце, што скончыў пятую песню. Адгэтуль праца над эпапеяй ішла ўжо бяз доўгіх перапынкаў: Міцкевіч на працягу трох месяцаў напісаў сем чарговых кніг. Заканчэнне творчай працы адбылося 13 лютага 1834 года. Рукапіс быў перададзены ў друк і выдадзены 17 чэрвеня 1834 года.
Героямі паэмы з’яўляюцца прадстаўнікі ліцвінскай шляхты. Між іншым:
У пралогу паэт думкамі пераносіцца на Радзіму. Паэма пачынаецца з пранікнёных радкоў звароту да сваёй любай Літвы-Беларусі. «Пан Тадэвуш» пачынаецца са знакамітага прызнання ў любові да Радзімы:
Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie. Пераклад Я. Семяжона Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: |
Дзеянне твора адбываецца ў цэнтральнай Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Многае з падзей таго часу помніў аўтар (яму ж было чатырнаццаць гадоў, калі войскі Напалеона ўступілі ў Навагрудак).
Адна з ліній «Пана Тадэвуша» — змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Ксёндз Робак з роду Сапліцаў, агітуе ліцвінаў да паўстання супраць расійскіх войскаў і змагання на баку Напалеона. Два варагуючыя шляхецкія кланы, якія змагаюцца за замак, заключаюць мір і разам уступаюць у французскае войска. Аднак жаўнеры, якія ўступілі ў войскі Напалеона пад сваімі нацыянальнымі сімваламі, вяртаюцца дадому разбітымі.
Паэма складаецца з дванаццаці кніг з эпілогам:[7]
Усе матывы ў паэме аб'яднаны ў адзінае цэлае асобай апавядальніка, галоўным клопатам якога з'яўляецца аднаўленне незалежнай і дэмакратычнай Польшчы[8].
У паэме маляўніча і яскрава намалявана цэлая галерэя арыгінальных вобразаў — прадстаўнікоў мясцовай шляхты, сялян, святароў, ваенных, пададзена шырокая карціна народнага жыцця, побыту, створаны яркія пейзажныя малюнкі ў якіх і сёння ўгадваюцца краявіды Навагрудчыны, Налібоцкай пушчы.
Як і ў шэрагу іншых твораў А. Міцкевіча, у «Пане Тадэвушу» апісаны асобныя беларускія народныя звычаі, вераванні, абрады, міфалагічныя ўяўленні, легенды і паданні, а сама польская мова паэмы перасыпана беларусізмамі, якія дапамагаюць стварыць непаўторны рэгіянальны каларыт.
«Пан Тадэвуш» — гэта мастацкая энцыклапедыя жыцця Беларусі канца XVII — пачатку XIX стагоддзя, напісаная геніяльнай рукой паэта-патрыёта. Узнікшы прыблізна ў адзін час з «Яўгеніем Анегіным» (1830) Аляксандра Пушкіна і «Фаўстам» (1832) Іагана Вольфганга Гётэ, твор гэты адкрыў усяму чалавецтву непаўторнасць насельнікаў і прыроды яшчэ аднаго кутка зямлі, што быў да таго часу terra incognita.
Упершыню поўны пераклад на беларускую мову паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» зрабіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у 1850-я гады[9]. Увесь тыраж выдадзеных у 1859 першых дзвюх «быліц» перакладу, паводле няпэўных звестак, быў знішчаны (фармальна — з-за лацінскага шрыфту)[10]. Поўны пераклад застаўся ў рукапісе і верагодна загінуў, хаця аўтар спрабаваў перадаць яго за мяжу, каб надрукаваць у Бруселі[11]. На цяперашні час вядомы чатыры ацалелыя асобнікі перакладу першых двух кніг паэмы, усе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі[12]. У 1907 пераклад быў выдадзены выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца».
Узнёслыя першыя радкі эпапеі, прадстаўлены ў польскім арыгінале чатырохрадкоўем, на беларускую мову В. Дунін-Марцінкевіч перадаў шасцю радкамі:
Літва! — родна зямейка! Ты, маўляў, здароўе, — |
Для перакладу В. Дуніна-Марцінкевіча была характэрна неадпаведнасць (лакальная) колькасці радкоў у перакладзе арыгіналу; беспадстаўная спроба ўтварэння новых слоў («ашанцуе»), хоць перакладчыку часцей бракавала моватворчай смеласці; празмернае выкарыстанне слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі («зямейка») і інш.[13] Часам перакладчык беларусізаваў не толькі форму, але і змест твору, дадаючы згадку беларускай мовы, якой не было ў Міцкевіча:
Pómniu — jaszczé dziciáciaj badziáúsia pa świecie,
Kali da baćki ú Aszmiánskam pawiécié, |
У 1892 у Львове Аляксандр Ельскі выдаў перакладзеную ім на беларускую мову першую песню паэмы «Пан Тадэвуш». Праз выяўленчыя магчымасці беларускай мовы, ён імкуўся перадаць мастацка-вобразнае багацце арыгінала. Аднак гэта задача была для А. Ельскага вельмі складанай. Перакладчык перш за ўсё стараўся максімальна дакладна перадаваць змест, і гэта яму ў асноўным удавалася. Праўда, ён не змог знайсці не тое што адэкватныя ці эквівалентныя, але хоць бы ў нейкай ступені блізкія мастацка-вобразныя формы абмалёўкі панскага двара і паводзін маладога Тадэвуша пасля вяртання ў дом пана суддзі. Не абышлося таксама без паланізмаў і польскіх сінтаксічных канструкцый. Разам з тым сустракаюцца мясціны, якія можна лічыць творчай удачай перакладчыка, напр. фрагмент з уступнага раздзела «Гаспадарства»:[13]
Такім жа цудам нас павернеш у зямельку родну, |
Зроблены ў 1931—1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадскім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам пераклад «Пана Тадэвуша» ў выніку паўторнага арышту ўжо ў СССР, апынуўся ў падвалах НКУС[10] і пазней быў выдадзены асобным выданнем.
Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова не высветлены[14]. У 1978 годзе арыгінал адзінаццатай і дванаццатай быліцаў тарашкевічаўскага перакладу, знойдзеных у Вільні, і сем сшыткаў яго копіі, перададзеных яго жонкай Н. А. Тарашкевіч Дзяржаўнаму музею БССР, паступілі ў аддзел рэдкай кнігі і рукапісаў Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР. На выснове гэтых рукапісаў Інстытутам літаратуры АН БССР была падрыхтавана першая поўная публікацыя твора на беларускай мове: Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш / Пер. з польскай Б. Тарашкевіча. Мн.: Навука і тэхніка, 1981[14].
У пачатку 1984 г. у Польшчы выйшла з друку яшчэ адно выданне тарашкевічаўскага перакладу паэмы: Адам Міцкевіч. Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1822 г. у дванаццаці быліцах вершам / Пер. Б. Тарашкевіча. Ольштын: Поезежэ, 1984. Выданне было падрыхтавана на падставе ксеаграфічнай копіі перакладу[14].
Беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў (кніг, або глаў). 13-складовыя радкі Міцкевіча Тарашкевіч ператварыў у 15-складовыя. Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэнняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ»[14].
Пятро Бітэль працаваў над перакладам у 1953-1955, падчас зняволення. Максім Танк пасля азнаямлення з перакладам назваў яго адным з найлепшых[15]. Вынік працы быў пасмяротна апублікаваны толькі ў 1998, да двухсотгадовага юбілею Міцкевіча[16]. Паўторна быў выдадзены ў 2015 годзе ў паўкішэнным фармаце ў серыі "Мая беларуская кніга" выдавецтвам "Папуры"[17]. У 2018 годзе выдадзены дзяржаўным выдавецтвам "Беларусь" з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча[18].
Пераклад паэмы, зроблены Язэпам Семяжонам, выйшаў у 1985 годзе з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча. Семяжон захаваў арыгінальную даўжыню радку ў 13 складоў (у некаторых фрагментах скараціў да 11), але паводле колькасці радкоў пераклад атрымаўся амаль на траціну даўжэйшым за арыгінал[19]. Менавіта гэты пераклад быў абраны Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы для пастаноўкі спектаклю ў 2014 годзе.
Ніжэйпададзеная табліца змяшчае спіс перакладаў паэмы «Пан Тадэвуш» на замежныя мовы[20].
Мова перакладу | Дата першага выдання |
Перакладчык(і) | Заўвагі |
---|---|---|---|
англійская | 1885 | Maude Ashurt Biggs, Джордж Рапал Ноес , Уотсан Кірконел , Кенет Макензі | |
балгарская | 1901 | Яфрэм Каранаў , Хрыста Кесіякаў, Блага Дзімітрава | |
кітайская | 1955 | Сунь Юнь | пераклад з англійскай мовы |
харвацкая | 1893 | Таміслаў Марэціч | |
чэшская | 1882 | Элішка Краснагорская | |
дацкая | 1958 | Вальдэмар Роэрдам | |
эсперанта | 1918 | Антоні Грабоўскі | |
фінская | 1921 | Віктар Траст | |
французская | 1844 | Крысцін Пётр Астроўскі і E. Haag, Charles de Noir-Isle, Wacław Gasztowt, Поль Казін | |
грузінская | 1953—1955 | В. Угрэхелідзэ Угорскі | |
Іўрыт | 1921 | Ёзаф Ліхтэнбаўм | |
іспанская | 1885 | Leon Medina | |
японская | каля 1930 | Асадоры Като | празаічны пераклад з англійскай мовы |
літоўская | 1924 | Антонас Валаітыс, Канстанцін Шакеніс | |
латышская | 1964 | Jāzeps Osmanis | |
нямецкая | 1836 | Richard Otto Spazier, Albert Weiss, Zygfryd Lipiner, Carl August von Pentz (Walter Panitz), Герман Будэнзіг , Engelbert Rehbronn (у выглядзе драмы) | |
руская | 1875 | М. Берг, У. Р. Бенядзіктаў , С. Мар , Муза Паўлава | |
румынская | 1956 | Мірон Раду Парасківеску | |
сербскахарвацкая | 1951 | Dżordże Saula | |
славацкая | 1962 | Rudolf Skukálek | |
шведская | 1898 | n , Элен Уэстэр | |
украінская | 1927 | Максім Рыльскі | |
венгерская | 1957 | Ewa Sebök | |
італьянская | 1871 | Арыга Бойта, Clotilde Garosci | |
Ідыш | 1939 | D. Königsberg |
Аднайменны кінафільм зняў рэжысёр Анджэй Вайда (1999).
15 студзеня 2014 прэм’ера спектакля «Пан Тадэвуш» адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (рэжысёр Мікалай Пінігін). Паэма Адама Міцкевіча (у перакладзе Язэпа Семяжона) упершыню атрымала сцэнічнае ўвасабленне ў беларускім тэатры.