Манастыры Метэоры

Манастыр
Манастыры Метэоры
Μετέωρα
Скалы, на якіх размешчаны манастыры, і краявід Фесалійскайй раўніны
Скалы, на якіх размешчаны манастыры, і краявід Фесалійскайй раўніны
39°42′51″ пн. ш. 21°37′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Грэцыя
Горад Каламбака
Канфесія праваслаўе
Дата заснавання 950970 гады
Статус
Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 455
рус.англ.фр.
Стан 6 з 24 манастыроў з'яўляюцца дзеючымі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Метэо́ры (грэч. Μετέωρα) — адзін з найбуйнейшых манастырскіх комплексаў у Грэцыі, услаўлены, перш за ўсё, сваім унікальным размяшчэннем на вяршынях скал. Манаскі цэнтр быў утвораны каля X стагоддзя і з тых часоў існуе бесперапынна. У 1988 годзе манастыры былі ўключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны. Паводле адміністрацыйна-царкоўнага падзелу ўваходзіць у мітраполію Стагі і Метэор (грэч. Σταγών και Μετεώρων) Эладскай праваслаўнай царквы.

Метэоры размешчаны ў гарах Фесаліі на поўначы Грэцыі, на поўначы нома Трыкала  (руск.). Яны знаходзяцца ў гарах Хасія (горны масіў Пінд) недалёка ад ракі Пініяс у 1-2 кіламетрах на поўнач ад горада Каламбака  (руск.) (былая Стагі) і ў 21 кіламетры на паўночны захад ад горада Трыкала  (руск.).

Шэсць дзеючых праваслаўных манастыроў стаяць на вяршынях грандыёзных скал, размешчаных на роўнай паверхні Фесалійскай раўніны  (руск.). Скалы дасягаюць у вышыню 600 метраў над узроўнем мора і з’яўляюцца рэдкай геалагічнай з’явай. Яны ўтварыліся больш за 60 мільёнаў гадоў назад і некалі былі камяністым дном дагістарычнага мора, якое знаходзілася на месцы раўніны[1]. У выніку ўздзеяння вады, ветру і перападаў тэмператур атрымаліся масіўныя каменныя слупы, якія нібы завіслі ў паветры. Адсюль і іх назва — Метэоры (ад грэч. μετέωρα — «які лунае ў паветры»).

Гісторыя комплексу

[правіць | правіць зыходнік]
Калідоры манастыра Святой Тройцы

Паводле падання, першыя пустэльнікі  (руск.) падняліся на гэтыя камяністыя і непрыступныя, адрэзаныя ад свету вяршыні скал задоўга да X стагоддзя. Яны жылі ў пячорах і ў скальных паглыбленнях, а побач засноўвалі невялікія пляцоўкі, так званыя «малельныя месцы» для сумесных малітваў і вывучэння духоўных тэкстаў. Аднак для ўдзелу ў набажэнствах і царкоўных таінствах  (руск.) (перш за ўсё прычасці) пустэльнікам даводзілася спускацца ў старую царкву Архангелаў у горадзе Стагі  (руск.), а пазней у зноў пабудаваную царкву Багародзіцы.

Паводле большасці даследчыкаў[2], першым пустэльнікам быў нейкі Варнава, які ў 950970 гадах пабудаваў найстарэйшы скіт  (руск.) Святога Духа (Σκήτη του Αγίου Πνεύματος). Затым быў узведзены Праабражэнскі скіт (1020) крыцкім манахам Андронікам, а ў 1160 годзе быў збудаваны скіт Стагі, або Дупіяні. Заснаванне гэтага скіта дало пачатак арганізаванай манаскай «дзяржаве» (абшчыне) — Метэорам, і абшчыннаму манастырскаму жыццю.

Утварэнне манастырскага комплексу

[правіць | правіць зыходнік]
Фрэскі

На працягу двух-трох стагоддзяў Метэоры жылі ў атмасферы міру і спакою, але ў XIII стагоддзі пачаліся ўварванні крыжакоў, сербаў, албанцаў і туркаў, якія імкнуліся захапіць Фесалію. У 1334 годзе ў Метэоры прыбыў манах Афанасій, выгнаны са Святой гары Афона нашэсцем карсараў, якога суправаджаў яго духоўны пастыр Рыгор. Яны пасяліліся на слупе Стагі («Слуп Кропель») і пражылі там каля 10 гадоў[3]. Афанасій, пасля Святы Афанасій Метэорскі  (руск.), меў адзіную мэту — стварэнне добра арганізаванага манастыра па падабенству з афонскімі. У 1334 годзе ён сабраў 14 манахаў з суседняй акругі і падняўся на «Платыс Літас» (шырокі камень) — гіганцкую скалу вышынёй 613 метраў над узроўнем мора, 413 над узроўнем гарадка Каламбака  (руск.), пачаўшы сапраўды тытанічную для той эпохі справу — будаўніцтва першых збудаванняў знакамітага пазней манастыра «Вялікі Метэор»  (руск.), або Праабражэння. Гэты манах упершыню вызначыў правілы паводзін, якіх павінны былі прытрымлівацца манахі, выконваючы законы манастырскага жыцця ў Метэорах. Лічыцца, што менавіта Афанасій даў гэтым скалам назву «Метэоры»[4]. У 1371 годзе ў Метэоры прыбыў эпірскі Іаан Урэш Палеалог  (руск.), які нядаўна прыняў прастол пасля смерці свайго бацькі Сімяона Сінішы. Пазнаёміўшыся з Афанасіем Метэорскім, Іаан вырашыў пакінуць кіраванне краінай і прыняў манаскі пострыг пад імем Іаасаф; у 1390-х гадах, пасля смерці Афанасія, ён стаў ігуменам Праабражэнскага манастыра. З 1490 года настаяцель Праабражэнскага манастыра з’яўляецца кіраўніком усёй манастырскай абшчыны Літаполіса (скальнага горада) Стагі[5].

Пералік манастыроў

[правіць | правіць зыходнік]

Росквіт манаскай краіны прыпадае на XVI стагоддзе. Веліч гэтага месца і яго натуральная прыродная бяспека ад нашэсцяў рабаўнікоў і разбойнікаў, якую адчувалі манахі дзякуючы вышыні стромых скал, дазволіла стварыць з цягам часу вялікую арганізаваную манаскую абшчыну са мноствам манастыроў, якія раслі і ўмацоўваліся з дапамогай шматлікіх дароў і ўкладаў кіраўнікоў і архонтаў. У выніку, шматлікія вядомыя і невядомыя духоўныя асобы заснавалі наступныя манастыры (паўтлустым вылучаны дзеючыя манастыры)[заўв 1]:

Двор манастыра Русану
  • «Архангелаў» (грэч. Ταξιαρχών)
  • «Вярыг Апостала Пятра» (пачатак XV стагоддзя) (Αλύσεως Αποστόλου Πέτρου)
  • «Уседзяржыцеля» (Παντοκράτορα)
  • «Іаана Бунільскага» (Ιωάννου του Μπουνήλα)
  • «Іаана Прадцечы» (сярэдзіна XVII стагоддзя) (Προδρόμου)
  • «Іпсілатэрас, або Каліграфаў» (сярэдзіна XV стагоддзя) (Μονής Υψηλωτέρας / Καλλιγράφων)
  • «Калістрата» (Καλλιστράτου)
  • «Міканскай Маці Божай» (другая палова XIV стагоддзя) (Παναγίας της Μήκανης)
  • «Праабражэнскі  (руск.)» (της Μεταμόρφωσης)
  • «Русану, або Арсану  (руск.)» (Ρουσάνου / Αρσάνου)
  • «Святога Антонія» (XIV стагоддзе) (Αγίου Αντωνίου)
  • «Святога Варлаама  (руск.)», або Усіх Святых (Βαρλαάμ / Αγίων Πάντων)
  • «Святога Георгія Мандыласа (Палатачніка)» (Αγίου Γεωργίου του Μανδηλά)
  • «Святога Рыгора» (XIV стагоддзе) (Αγίου Γρηγορίου)
  • «Святога Дзімітрыя» (Αγίου Δημητρίου)
  • «Святога Мадэста» (XII стагоддзе) (Μοδέστου)
  • «Святога Манастыра, або Багародзіцы» (другая палова XV стагоддзя) (Αγίας Μονής)
  • «Святога Мікалая Бандава, або Кафіна» (каля 1400 года) (Αγίου Νικολάου του Μπάντοβα)
  • «Святога Мікалая Анапаўсаса  (руск.)» (Αγίου Νικολάου Αναπαυσά)
  • «Святога Стэфана  (руск.)» (Αγίου Στεφάνου)
  • «Святой Тройцы  (руск.)» (Αγίας Τριάδος)
  • «Святых Апосталаў» (пачатак XVI стагоддзя) (Αγίων Αποστόλων)
  • «Святых Феадор» (Αγίων Θεοδώρων)
  • «Стрэчання» (Υπαπαντής)[6]

Гэтыя 24 манастыры існавалі ў перыяд росквіту манастырскай дзяржавы, аднак паступова яна прыйшла ў заняпад.

Да 20-х гадоў XX стагоддзя, калі да манастыроў былі пракладзены дарогі і зроблены каменныя ступені для ўздыму, манахі і наведвальнікі маглі патрапіць у манастыры толькі па навясных драўляных лесвіцах, або з дапамогай манахаў, якія падымалі іх у спецыяльных сетках (а ў першыя стагоддзі існавання комплексу манахі карысталіся суцэльнымі рыштаваннямі з брусоў, якія мацаваліся ў расколінах скал)[7]. Пад’ём займаў больш за паўгадзіны; сеткі часам ірваліся, манах-гімнограф так папярэджваў пра небяспеку[5]:

" Сетка кажа манаху: Будзь пільны; я не толькі падымаю цябе ад зямлі да вяршыні, але ўзношу цябе на Неба "

Такім жа чынам на вяршыню скал падымаліся ўсе будаўнічыя матэрыялы для ўзвядзення манастырскіх пабудоў, прадукты харчавання і іншыя неабходныя для манастырскага жыцця рэчы.

Падчас Другой сусветнай вайны манастыры былі разрабаваны нямецкімі і італьянскімі акупантамі, пацярпелі яны і ў гады Грамадзянскай вайны  (руск.). Аднак ужо ў першыя паваенныя гады пачалося аднаўленне манастырскага жыцця, пры гэтым Метэоры сталі папулярным турыстычным аб’ектам[5].

Дзеючыя манастыры

[правіць | правіць зыходнік]
Двор манастыра святога Стэфана

У наш час дзейнічае толькі шэсць манастыроў:

  • мужчынскія — «Праабражэння», «Варлаама», «Святога Мікалая Анапаўсаса», «Святой Тройцы»;
  • жаночыя — «Русану, або манастыр Святой Варвары», «Святога Стэфана»[4].

Іншыя ж ці ператварыліся ў руіны, ці наогул зніклі.

Праабражэнскі манастыр (Вялікі Метэор)

[правіць | правіць зыходнік]
Праабражэнскі манастыр

Мужчынскі манастыр Праабражэння Гасподняга (грэч. της Μεταμόρφωσης του Σωτήρος), вядомы таксама як Вялікі Метэор (грэч. Μεγάλο Μετέωρο) размешчаны на самай высокай (613 метраў) і вялікай па плошчы скале (6 га). Заснаваны Афанасіем Метэорскім  (руск.) каля 1340 года.

Галоўны сабор манастыра (кафалікон) — Праабражэнскі сабор — пабудаваны ў 1388 годзе на ўзор Афонскіх храмаў, крыжападобны ў плане з апсідамі па баках і дванаццацігранным купалам, вышынёй 24 метры і даўжынёй 32 м. Прыдзел абапіраецца на чатыры калоны, усе бакі якіх, таксама як і столь, пакрыты фрэскамі на рэлігійныя сюжэты са сцэнамі мук святых. У паўночнай частцы прыдзела размяшчаецца пахаванне заснавальнікаў манастыра прападобных Афанасія  (руск.) і Іаасафа  (руск.), а побач намаляваныя яны самі з манастыром у руках. Іаасаф (да пострыгу  (руск.) быў апошнім сербскім царом у 1371—1372 гады) пашырыў Праабражэнскі сабор, упрыгожыў яго іконамі і забяспечыў неабходнымі свяшчэннымі пасудзінамі  (руск.). Ён дапамагаў і іншым мясцінам Метэораў, абараняючы іх правы царскімі граматамі[8].

Кафалікон Праабражэнскага манастыра

У 1484 годзе сабор быў адноўлены і нанова распісаны, пра што сведчыць надпіс на паўднёвым баку алтара. Новы этап рэканструкцыі сабора прыйшоўся на сярэдзіну XVI стагоддзя, калі пасля наведвання Метэоры патрыярхам Ераміяй I  (руск.) манастырскі комплекс уступіў у перыяд найвышэйшага росквіту. Тым часам была пабудавана значная частка пабудоў манастыра, якія дайшлі да нас (бальніца, кухня, трапезная, дом для састарэлых манахаў), а Праабражэнскі сабор набыў цяперашні выгляд[5]. Захаваны роспіс сабора фрэскамі высокага мастацкага ўзроўню быў выкананы ў 1552 годзе невядомым майстрам[9]. У 1791 годзе для сабора быў выраблены драўляны разьбяны іканастас з пазалотай, упрыгожаны фігуркамі жывёл і раслін. Таксама варты ўвагі драўляны разны трон ігумена з перламутравай інкрустацыяй (пачатак XVII стагоддзя)[5].

У храме знаходзіцца вялікая колькасць каштоўных ікон XIV-XVI стагоддзяў, а ў былой трапезнай размешчаны музей манастырскіх каштоўнасцей. Сярод скарбаў манастыра асоба вылучаюцца: найстаражытнейшы па часе грэчаскі рукапіс 861 года; двухстворкавая ікона Маці Божай, уклад Марыі Палеалог, сястры аднаго з заснавальнікаў манастыра; частка Залатой булы з подпісам імператара Андроніка Палеалога; цалкам расшытая плашчаніца  (руск.) XIV стагоддзя; чатыры іконы XVI стагоддзя: Ражство Хрыстова, Распяцце Хрыстова, Мукі Хрыстовы, Маці Божай Смуткуючай[10].

Каля ўваходу ў манастыр знаходзіцца паўразбураны скіт Святога Афанасія. Гэта маленькая пабудова, закінутая ў скале. Там у пячоры жыў заснавальнік манастыра, а ззаду ад уваходу знаходзяцца невялікая капліца і склеп.

Манастыр неаднаразова рабаваўся туркамі (напрыклад, у 1609 і 1616 гадах), у 1633 годзе перажыў моцны пажар. Для больш бяспечнага пад’ёму ў манастыр у 1922 годзе ў скале былі прасечаны ступені, але сетка дагэтуль выкарыстоўваецца для пад’ёму правізіі і іншых неабходных для жыцця манастыра рэчаў. Манастыр пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны; пасля аднаўлення манастырскіх пабудоў у памяшканнях Мегала Метэора была адкрыта гасцініца, аднак пазней манастыр ізноў стаў дзеючым[5].

Манастыр Варлаама

[правіць | правіць зыходнік]

Манастыр Варлаама (грэч. Μονή Βαρλαάμ), або Усіх Святых (грэч. Αγίων Πάντων).

У сярэдзіне XIV стагоддзя схімнік  (руск.) Варлаам падняўся на скалу і ўзвёў некалькі келляў і маленькую царкву, якую прысвяціў Тром Свяціцелям  (руск.)[11][7]. Там ён жыў да канца сваіх дзён у поўнай адзіноце. Пасля яго смерці ўсе памяшканні заставаліся незаселенымі доўгія гады.

Манастыр Варлаама

У 1518 годзе два браты, манахі Нектарый і Феафан, якія паходзілі са знатнага роду Апсарадаў з горада Яніна, якія да гэтага пражылі сем гадоў на слупе Прадцечы ў Праабражэнскім манастыры (Вялікі Метэор), падняліся на скалу з адзінай мэтай — адрэстаўраваць ператвораную ў руіны царкву Трох Свяціцеляў, пабудаваную Варлаамам. Аднак браты пасля аднаўлення царквы засталіся на скале і паступова да іх далучыліся іншыя манахі, колькасць якіх к сярэдзіне XVI стагоддзя дасягнула 30 чалавек. У 1542 годзе браты пабудавалі новую прасторную царкву з двума купаламі на ўзор Афонскіх цэркваў. Яна была прысвечана Усім Святым, і стала кафаліконам манастыра[12]. Пасля смерці братоў — Феафана ў 1544 годзе і Нектарыя ў 1550 годзе манастыр працягваў квітнець, атрымліваючы ад вернікаў зямельныя ўгоддзі, вінаграднікі, аліўкавыя плантацыі і вёскі. У 1922 годзе для зручнейшага пад’ёму да манастыра ў скале былі прасечаны прыступкі[7].

Царква Трох Свяціцеляў, аднанефная базіліка, пры яе апошнім аднаўленні ў 1627 годзе[12] была распісана фрэскамі схімнікам Яфрэмам Сірыйскім, адным з самых вядомых насельнікаў манастыра, плённым царкоўным аўтарам.

У 1550-х1560-х гадах царква Усіх Святых была распісана вядомым жывапісцам Франка Катэлана  (руск.) (роспіс асноўнага храма быў скончаны ў 1566 годзе)[7]. Таксама ў царкве маецца некалькі мазаік са слановай косці і перламутру. У паўднёва-ўсходнім вугле прытвора знаходзіцца пахаванне заснавальнікаў манастыра Нектарыя і Феафана.

У манастырскай трапезнай размешчаны музей, дзе захоўваецца вялікі збор рэдкіх рукапісаў, вышытых золатам плашчаніц  (руск.), разьбяных драўляных крыжоў выключна тонкай працы. Асабліва варта вылучыць пераносныя іконы паслявізантыйскага перыяду, а таксама Евангелле імператара Канстанціна Парфірароднага.

Манастыр Святой Тройцы

[правіць | правіць зыходнік]
Манастыр Святой Тройцы

Скала, на якой стаіць мужчынскай манастыр Святой Тройцы (грэч. Μονή Αγίας Τριάδος), уяўляе сабой найбольш уражальны краявід Метэор: уцёс вышынёй 400 метраў, ля падножжа ў глыбіні ляжыць рэчышча ракі Піньяс, а над ёй — вяршыні парослага лесам горнага хрыбта Піндас.

Дакладных звестак пра заснаванне манастыра не захавалася, ён быў пабудаваны дзесьці ў перыяд з 1458 па 1476 год. Таксама дакладна невядома, ці з’яўляецца згаданы ў манастырскіх хроніках манах Даметый яго заснавальнікам[13][3].

У 1925 годзе пры ігумене Нікандры ў скале прасеклі 140 прыступак, якія ўслед за сцежкай каля падножжа скалы вядуць у манастыр. Пры пад’ёме ля ўваходу ў манастыр знаходзіцца высечаны ў скале маленькі храм Святога Іаана Прадцечы. Ён быў пабудаваны і распісаны ў 1682 годзе манахам Нікадзімам, пра што сведчыць надпіс над уваходам з унутранага боку будынка, прачытаны французскім археолагам XIX стагоддзя Л. Хазэ. Верагодна да таго, як былі прабіты ступені, тут было месца пустэльніцтва нейкага схімніка.

У паўночна-заходняй частцы манастыра знаходзіцца кафалікон, прысвечаны Святы Тройцы. Гэта маленькі сабор у візантыйскім стылі, крыжападобны, з дзвюма калонамі, нізкім купалам, які складаецца з цэнтральнай часткі, прытвора і рызніцы. Храм быў заснаваны ў другой палове XV стагоддзя. Паводле надпісу ў саборы, фрэскі ў ім былі створаны ў 1741 годзе святаром Анатолем і яго родным братам Нікадзімам. Прыдзел перакрыты паўсферычным скляпеннем, над унутранай часткай дзвярэй маецца надпіс, які паведамляе, што прыдзел быў пабудаваны ў 1689 годзе, а першы раз распісаны фрэскамі ў 1692 годзе. Справа ад алтара размешчана рызніца, большасць скарбаў якой былі раскрадзены ў часы замежных заваяванняў невядомымі варварамі разам з манастырскімі званамі. Удалося захаваць 26 старадаўніх ікон, якія ў наш час знаходзяцца ў манастыры Варлаама, а таксама 40 рукапісаў, якія перададзены ў манастыр Святога Стэфана. У 1979 годзе быў выкрадзены старажытны драўляны іканастас сабора разам з іконамі, замест яго быў усталяваны новы пазалочаны іканастас з іконамі Хрыста (1662 года) і Божай Маці (1718 года). Адзін з галоўных скарбаў манастыра — Евангелле ў сярэбраным акладзе, выдадзенае ў 1539 годзе ў Венецыі.

Манастыр Русану, або Святой Варвары

[правіць | правіць зыходнік]
Манастыр Русану

Час стварэння манастыра Русану (грэч. Μονή Ρουσάνου), або Арсані (грэч. Αρσάνη) і паходжанне яго назвы дакладна невядомыя. Паводле адной з версій заснавальнікам манастыра быў нейкі Русанас, выхадзец з мястэчка Расана. Паводле іншых непацверджаных крыніцах манастыр быў заснаваны ў 1288 годзе іераманахамі Нікадзімам і Бенедыктам. Дакладна вядома, што ў 1545 годзе па дазволе мітрапаліта горада Ларысы Вісарыёна і ігумена манастыра Вялікага Метэора выхадцы з Эпіра — браты іераманахі Іаасаф і Максім, пабудавалі манастырскі кафалікон у візантыйскім стылі на месцы разбуранай царквы Праабражэння і адрэстаўравалі манастыр, які дзейнічаў у форме кіновіі[3].

Мукі святых (фрэска прытвора кафалікона)

Манастыр неаднаразова раскрадаўся. Тыя яго рэліквіі, якія дашлі да нашых дзён, захоўваюцца цяпер у Праабражэнскім манастыры (Вялікі Метэор). Падчас турэцкіх ганенняў 1797 года і грэка-турэцкай вайны 1897 года ў сценах манастыра хаваліся жыхары навакольных паселішчаў. У 1897 годзе да манастыра былі падведзены два драўляныя масты, якія замянілі вяровачныя лесвіцы, якімі карысталіся манахі раней (у 1930 годзе гэтыя масты былі заменены сучаснымі). У 1940 годзе манастыр прыйшоў у заняпад і застаўся без насельнікаў. З 1950 года старыца Еўсевія з суседняй вёскі Кастракі ў адзіночку захоўвала трохпавярховы будынак манастыра; пасля смерці старыцы ў 1971 годзе манастыр зачынілі з-за дрэннага тэхнічнага стану. У 1980-х гадах сіламі Грэчаскай Археалагічнай службы манастырскія збудаванні былі адноўлены, і ў наш час у іх дзейнічае жаночы манастыр, які атрымаў сваю другую назву ў гонар Святой Варвары[3].

Кафалікон манастыра — царква Праабражэння з нетыповым алтаром, павернутым на поўнач, уяўляе сабой двухслупнае крыжовакупальнае збудаванне з прытворам. Царква была распісана ў 1560 годзе невядомымі іканапісцамі крыцкай школы  (руск.)[14]. Гэтыя роспісы не былі запісаны ў наступныя стагоддзі і захаваліся ў добрым першапачатковым стане. Выключную каштоўнасць уяўляюць сабой фрэскі прытвора — мукі святых і «Ушэсце на прастол» — шматфігурная кампазіцыя з анёламі, душамі нябожчыкаў і вогненай ракой пекла. Таксама вялікую каштоўнасць уяўляе драўлянай разьбы з пазалотай іканастас.

Манастыр Святога Стэфана

[правіць | правіць зыходнік]
Манастыр Святога Стэфана

Манастыр Святога Стэфана (грэч. Αγίου Στεφάνου) — самы багаты з метэорскіх манастыроў. Ён размешчаны на велізарнай скале, якая ўзвышаецца над горадам Каламбака  (руск.). Уваход у манастыр найбольш даступны і ажыццяўляецца па адзіным пешаходным мосце даўжынёй 8 метраў.

На каменнай арцы над уваходам у 1927 годзе выявілі раней замураваную пліту з надпісам «6770 год. Ерамія», якая азначае, што нейкі пустэльнік па імені Ерамія жыў на гэтай скале ўжо ў 6770 годзе ад стварэння свету, гэта значыць у 1192 годзе ад Ражаства Хрыстовага. Меркавана, гэты пустэльнік і іншыя манахі збудавалі тут некалькі келляў, цыстэрну для збору дажджавой вады і пабудавалі маленькую капліцу Святога Стэфана  (руск.). Заснаванне самога манастыра адносіцца да канца XIV стагоддзя. Ён быў пабудаваны Антоніем Катакузінасам (пляменнікам Сімяона Ураша, сынам якога быў адзін з заснавальнікаў Вялікага Метэора Іаасаф  (руск.)) і Філафеем Сіяцінскім, чые абразы захаваны ў маленькай царкве на тэрыторыі манастыра. У 1545 годзе канстанцінопальскі патрыярх Ерамія I абвясціў манастыр стаўрапігіяльным і вывеў яго з-пад юрысдыкцыі епархіі Стагі. Доўгія гады над манастыром апекаваліся кіруючыя дамы Румыніі. Падчас турэцкага валадарства манастыр вёў асветніцкую дзейнасць; на манастырскія сродкі была пабудавана школа ў суседнім горадзе Каламбака[5].

У 1798 годзе была пабудавана царква Святога Харлампія — кафалікон манастыра[15]. Большая частка царквы не распісана, іканастас выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве і ўпрыгожаны пазалочаным крыжам.

У канцы XIX стагоддзя ў мясціне пражываў 31 манах, але да 1960 годзе манастыр амаль спусцеў і ў 1961 годзе быў ператвораны ў жаночы, і сёння квітнее.

Манастырская трапезная, пабудаваная ў 1857 годзе, выкарыстоўваецца для экспазіцыі манастырскіх рэліквій, да найбольш каштоўных з якіх адносяцца: дыскас з пацірам (1631); мноства пераносных ікон XVIIXVIII стагоддзяў; рукапіс Боскай літургіі 1404 года, напісаная адным з заснавальнікаў манастыра.

Манастыр вядзе вялікую асветніцкую працу ў вобласці адраджэння візантыйскай музыкі, праводзіць заняткі па іканаграфіі.

Манастыр Святога Мікалая Анапаўсаса

[правіць | правіць зыходнік]
Манастыр Святога Мікалая Анапаўсаса

Манастыр Святога Мікалая Анапаўсаса (грэч. του Αγίου Νικολάου Αναπαυσά), празваны таксама Радасным (грэч. Άσμενος). Час заснавання манастыра дакладна невядомы, меркавана, першыя манахі з’явіліся на гэтай скале ў XIIXIII стст. Заснаванне манастыра прыпісваецца манаху Ніканору, які меў прозвішча Анапаўсас (Αναπαυσάς), якое і ўвайшло ў назву манастыра. Зрэшты, не выключана, што эпітэт Αναπαυσάς (супакаіцель) звязаны з самім манастыром як месцам, якое дае душэўны і фізічны спакой манахам і гасцям манастыра[16][17]. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра манастыр адносяцца да 1392 года[5].

Невялікая плошча скалы, на якой размешчаны манастыр, вымусіла манахаў размясціць храмы, келлі і дапаможныя пабудовы на некалькіх узроўнях, што стварае ўражанне лабірынта.

На першым узроўні размешчана маленькая царква, прысвечаная Святому Антонію. Яе алтар мае плошчу ўсяго 4 квадратныя метры і можа змясціць толькі аднаго святара.

На другім узроўні размешчаны сабор Святога Мікалая — кафалікон манастыра. Сабор пабудаваны ў форме прамавугольніка без акон і ўвянчаны нізкім купалам, пры гэтым прытвор сабора такі прасторны, што ствараецца ўражанне, што першапачаткова ён быў пабудаваны як манастырскі двор. Алтар вымушана павернуты на поўнач. Сцены сабора ўпрыгожаны фрэскамі Феафана Стрэлідзаса  (руск.), выдатнага іканапісца крыцкай школы. Сабор Святога Мікалая быў пабудаваны каля 1527 года на сродкі мітрапаліта горада Ларысы Дзіянісія і іераманаха і экзарха Стагі Ніканора, пра што сведчыць надпіс, размешчаны над уваходам у сабор[18].

Фрэска з выявай Багародзіцы ў манастыры Святой Тройцы

На трэцім узроўні знаходзяцца келлі, старая трапезная, якая выкарыстоўваецца як прыёмная для ганаровых наведвальнікаў, маленькая царква святога Іаана Прадцечы і склеп з чэрапамі манахаў.

У пачатку XX стагоддзя манастыр Святога Мікалая спусцеў, яго будынкі паступова прыйшлі ў заняпад, а каштоўныя рукапісы, якія захоўваліся ў ім, былі перанесены ў манастыр Святой Тройцы; у 1960-х гадах сіламі міністэрства археалогіі Грэцыі манастыр быў адноўлены і ў наш час дзейнічае.

Парадак наведвання манастыроў

[правіць | правіць зыходнік]

Манастыры адкрыты для наведвання вернікамі і турыстамі ва ўстаноўленыя дні і гадзіны. Уваход для грамадзян Грэцыі бясплатны, для астатніх — 3 еўра.

Рэжым наведвання манастыроў:

Найменне манастыра Зімой Летам Закрыты
Праабражэнскі манастыр (Вялікі Метэор) 9:00-13:00 і 15:00-17:00 9:00 — 17:00 аўторак (зімой і летам), серада (зімой)
Манастыр Варлаама 9:00-13:00 і 15:00-17:00 9:00-16:00 чацвер (зімой), пятніца (зімой і летам)
Манастыр Святой Тройцы 9:00-12:30 і 15:00-17:00 9:00-17:00 чацвер (зімой і летам)
Манастыр Русану, або Святой Варвары 9:00-13:00 і 15:00-17:00 9:00-17:00 серада (зімой)
Манастыр Святога Стэфана 9:00-13:00 і 15:00-17:00 9:00-13:00 і 15:20-18:00 панядзелак (зімой і летам)
Манастыр Святога Мікалая Анапаўсаса Зачынены 9:00-18:00

Манастыры Метэоры ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]
  • Другі студыйны альбом рок-гурта Linkin Park названы ў гонар гэтых манастыроў — «Meteora  (руск.)».
  • Манастыр Святой Тройцы выкарыстоўваўся пры здымках фільма «Толькі для вашых вачэй  (руск.)» з цыкла фільмаў пра Джэймса Бонда.
  • У мастацкім фільме Спіраса Статулопуласа «Метэора  (руск.)» дзеянне адбываецца ў двух з манастыроў.
  1. У дужках паказаны даты заснавання тых манастыроў, пра якія гэтыя даныя захаваліся
  1. Метэора: вяршыні гісторыі Архівавана 6 студзеня 2017.
  2. На вышынях цвержы і духу(недаступная спасылка)
  3. а б в г Метеоры: святые скалы и их история. Каламбака, 2004 г.
  4. а б Метеора: между небом и землёй
  5. а б в г д е ё ж Метэоры. Грэчаскі праваслаўны паломніцкі цэнтр «Салунь». Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 11 верасня 2013.
  6. Проватаки 1989, с. 2.
  7. а б в г Проватаки 1989, с. 14.
  8. Прападобны Іаасаф Метэарыт
  9. The Holy Monastery of Great Meteoron Архівавана 19 кастрычніка 2012.
  10. Апісанне манастырскіх скарбаў тут і далей прыводзіцца паводле: Феоктени Метеоры: история, искусство, облик монахов Афины, 1980 г.
  11. «Тры Свяціцелі» («Тры Іерархі») — свята ў гонар Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста, адзначаецца Праваслаўнай царквой 12 лютага (30 студзеня па старым стылі)
  12. а б The Holy Monastery of Varlaam Архівавана 1 верасня 2012.
  13. Проватаки 1989, с. 19.
  14. The Holy Monastery of Rousanou Архівавана 1 верасня 2012.
  15. Meteora, Connecting with Heaven Архівавана 24 мая 2014.
  16. Saint Nicholas Anapafsas Monastery
  17. The Monastery of Saint Nikolaos Anapafsas
  18. Проватаки 1989, с. 21.
  • Проватаки Ф. Метеора. — Каламбака: Михалчс Тумбис, 1989.
  • Sofianos D.Z. «Metéora». — Holy Monastery of Great Meteoro, 1991.